РЭНІ́Н,

ферментатыўны бялок, які ўдзельнічае ва ўтварэнні рэчываў, што рэгулююць крывяны ціск, водна-салявы абмен і т-ру цела. Сінтэзуецца ў нырках, потым паступае ў кроў і лімфу. Каталізуе рэакцыю адшчаплення біялагічна неактыўнага пептыду ангіятэнзіну-1 ад a2-глабуліну плазмы крыві (ангіятэнзінагену). Ангіятэнзін-1 пераўтвараецца ў ангіятэнзін-2, які валодае моцным сасудазвужальным дзеяннем, стымулюе сакрэцыю наднырачнікамі гармону альдастэрону. Утрыманне Р. ў крыві — адзін з крытэрыяў артэрыяльнай гіпертаніі, пры прагрэсіраванні якой узровень Р. ўзрастае. Зніжэнне актыўнасці Р.-ангіятэнзінавай сістэмы ў мозгу садзейнічае развіццю ліхаманкі, павелічэнне прыводзіць да зніжэння высокай т-ры цела.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)