Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ, пункт нулявога зараду,

стан паверхні цела (ці часцінкі дысперснай фазы) у кантакце з растворам электраліту, які характарызуецца аднолькавай колькасцю станоўчых і адмоўных зарадаў у адсарбцыйным слоі. Адзін з асн. параметраў, што вызначае эл.-хім. ўласцівасці амфалітаў (напр., амінакіслот і бялкоў). Вызначэнне І.п. розных субстратаў арганізма праводзіцца з мэтай дыягностыкі.

т. 7, с. 178

ІЗАЭНЗІ́МЫ,

гл. ў арт. Ізаферменты.

т. 7, с. 178

І́ЗБІЦА,

1) верхні ярус вежаў абарончых збудаванняў у драўляным дойлідстве Беларусі, Польшчы, Украіны 16—17 ст. Звычайна выступала за аб’ёмы вежы, завяршалася шатровым дахам. Выступы знізу былі адкрытыя і выконвалі ролю машыкуляў.

2) Зрубная апора мастоў.

3) Зруб у складзе канструкцый, што закладваліся для большай трываласці ўнутр земляных абарончых валоў сярэдневяковага горада.

С.А.Сергачоў.

Ізбіца.

т. 7, с. 178

ІЗБІ́ШЧА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калектыўна-долевага с.-г. прадпрыемства. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 27 км ад чыг. ст. Княгінін. 459 ж., 165 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, вет. аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Каля вёскі археал. помнік Ізбішча.

т. 7, с. 179

І́ЗБІШЧА,

археалагічныя помнікі (селішча 2-й чвэрці 1-га тыс., курганны могільнік 10—12 ст.) каля в. Ізбішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. На селішчы ранняга жал. веку і полацкіх крывічоў выяўлены рэшткі каменных печаў, агнішчы, гасп. ямы; сярод знаходак ляпная кераміка, посуд банцараўскай і доўгіх курганоў паўн. Беларусі культур, 2 позналатэнскія фібулы 3—4 ст., бронзавая лунніца, бранзалет са змяінымі галоўкамі, гліняная форма для адліўкі ўпрыгожанняў, крэсіва 10—11 ст. На могільніку (120 насыпаў), які належаў жыхарам селішча, пахавальны абрад — трупапалажэнне (большасць — галавой на Пн), у 8 насыпах — трупаспаленне; пахавальны інвентар — бронзавыя скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, шыйныя грыўні, прылады працы, кераміка, выкарыстанне ва ўборах жанчын вял. колькасці шкляных пацерак, у пахаваннях мужчын — жал. сякеры; у адным кургане з заможным пахаваннем знойдзена маніста з 8 падвескамі з куфіцкіх дырхемаў, візант. меліярысіяў, зах.-еўрап. дэнарыяў.

В.У.Казей, Г.В.Штыхаў.

Упрыгожанні 11 ст. з курганнага могільніка Ізбішча.

т. 7, с. 179

ІЗБО́РНІКІ СВЯТАСЛА́ВА 1073 і 1076, зборнікі Кіеўскай Русі, найб. раннія помнікі стараж.-рус. пісьменства.

Ізборнік 1073 створаны ў Кіеве для князя Святаслава Яраславіча. З’яўляецца спісам зборніка, перакладзенага з грэч. мовы на стараслав. ў 9 ст. для балг. цара Сімяона. Уключае творы «Ад апостальскіх статутаў», «Слова Іаана пра верачытныя кнігі», «Багаслоўца ад славес». Уключаны і свецкі трактат візант. пісьменніка 9 ст. Георгія Хіравоска «Пра вобразы» — першы ў стараж.-рус. л-ры дапаможнік па паэтыцы, а таксама артыкулы па логіцы, граматыцы, прытчы, загадкі. Упрыгожаны застаўкамі, мініяцюрамі. Зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

Ізборнік 1076 складзены на падставе рукапісаў княжацкай б-кі. У ім змешчаны «словы», «павучанні», «наказы», этычныя выслоўі, «Стасловец» канстанцінопальскага патрыярха Генадзія, свецкія тэксты («Наказ багатым», «Пра жонак злосных і добрых»), творы, напісаныя ў Кіеўскай Русі, настаўленне пра карысць ведаў, кніг. Зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.

Публ.: Изборник Святослава 1073 г. М., 1983; Изборник 1076 г. М., 1965.

Літ.:

Изборник Святослава 1073 г.: Сб. ст. М., 1977;

Сапунов Б.В. Книга в России в XI—XIII вв. Л., 1978.

т. 7, с. 179

ІЗБО́РСК,

старажытны горад Русі (цяпер с. Стары Ізборск у Пячорскім р-не Пскоўскай вобл.). Упершыню згадваецца пад 862. Паводле легенды, у І. пасяліўся Трувор (адсюль назва першага стараж. паселішча — Труворава гарадзішча, што ўзнікла ў 8 ст.). У 1313—1320-я г. неаднаразова асаджваўся крыжакамі. У 1329 крэпасць перанесена на т.зв. Жэраўю Гару, а ў канцы 14 — пач. 15 ст. вакол крэпасці фарміравалася новая гар. структура з пасадамі і могільнік. На думку некат. даследчыкаў, летапісны І. знаходзіўся ў сутоках рэк Пскава і Вялікая, дзе ў сярэдзіне 11 ст. быў знішчаны і потым адноўлены пад назваю Пскоў. Частка жыхароў зруйнаванага горада пасялілася на Труворавым гарадзішчы, якое з таго часу пачалі называць І.

А.В.Іоў.

Да арт. Ізборск. Сцяна Ізборскай крэпасці з вежамі. 14 ст.

т. 7, с. 179

І́ЗВА,

рака ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 141 км2. Пачынаецца на зах. схілах Навагрудскага ўзв. У верхнім і сярэднім цячэнні наз. Ізаўка. Цячэ пераважна па лесе, у сярэднім цячэнні — па глыбока ўрэзанай даліне.

т. 7, с. 179

ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА (Маргарыта Мікалаеўна) (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),

бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1987), «Тоска» Дж.Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.

Т.Г.Мдывані.

т. 7, с. 180

ІЗГО́І,

1) катэгорыя насельніцтва ў Кіеўскай Русі і некат. усх.-слав. княствах 11—12 ст. Упамінаюцца ў Рускай праўдзе, устаўнай грамаце 1136—37 (з прыпіскаю 1150) смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча і царк. статуце наўгародскага кн. Усевалада Мсціславіча (12 ст., па інш. меркаваннях 14 ст.). Большасць І. паходзіла з сялян, якія пакінулі сваю абшчыну, засталіся без зямлі, сродкаў вытв-сці і мусілі перайсці ў феад. залежнасць. І. станавіліся таксама б. рабы, якім удалося атрымаць ці выкупіць у феадала свабоду. У далейшым яны маглі перайсці ў склад вотчынных сялян. І. меліся ва ўдзелах царк. і свецкіх феадалаў. У працэсе феадалізацыі грамадства зліліся з асн. масай феадальна-залежнага насельніцтва.

2) Людзі, якія па розных абставінах выбылі са свайго б. грамадскага становішча.

А.В.Іоў.

т. 7, с. 180