Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІНЬХА́ЙСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1911—13,

падзеі ў Кітаі, у выніку якіх скінута ўлада іншаземнай (маньчжурскай) дынастыі Цын і ўсталявана рэспубліка. Пачалася паводле традыц. кіт. календара ў год «сіньхай» (адсюль назва). Створаная Сунь Ятсенам арг-цыя Тунмэнхой напярэдадні С.р. рыхтавала антыманьчжурскае паўстанне. Аднак рэпрэсіі супраць яе членаў выклікалі 10.10.1911 стыхійнае паўстанне ў гарнізоне г. Учан (прав. Хубэй). Неўзабаве пад кантроль паўстанцаў перайшла ўся прав. Хубэй, а ў кастр.-лістападзе 1911 да паўстання далучыліся яшчэ 14 правінцый, якія адмовіліся прызнаваць уладу Цынаў. У выніку Цынскі двор быў вымушаны прызначыць 2.11.1911 прэм’ер-міністрам ліберальнага ген. Юань Шыкая, які ў снеж. 1911 пачаў у г. Нанкін перагаворы з дэлегатамі ад паўстаўшых правінцый. Сход дэлегатаў абраў часовым прэзідэнтам Кіт. рэспублікі Сунь Ятсена (уступіў на пасаду 1.1.1912), прыняў шэраг законаў, якія скасавалі найб. адыёзныя перажыткі кіт. грамадства (рабства і г.д.) і дэкларавалі дэмакр. свабоды. Ва ўмовах супрацьстаяння Поўдня і Поўначы Кітая рэвалюцыянеры пайшлі на кампраміс: Юань Шыкай прымусіў рэгента пры малалетнім імператару Пу I падпісаць 12.2.1912 адрачэнне Цынаў ад прастола, а Сунь Ятсен падаў у адстаўку. Часовым прэзідэнтам Кіт. рэспублікі 15.12.1912 абраны Юань Шыкай. 10.3.1912 прынята канстытуцыя Кіт Рэспублікі, у крас. створаны часовы парламент. У жн. 1912 Сунь Ятсен стварыў Нац. партыю (Гаміньдан), якая на парламенцкіх выбарах у канцы 1912 атрымала большасць галасоў. Канфлікт паміж прэзідэнтам Юань Шыкаем, які дамагаўся поўнай улады, і парламентам абвастрыўся забойствам некалькіх выдатных рэв. дзеячаў, справакаваў прыхільнікаў Сунь Ятсена ў ліп. 1913 на ўзбр. паўстанне. У жн. 1913 паўстанне задушана, Сунь Ятсен пакінуў Кітай. Юань Шыкай прымусіў парламент абраць сябе пастаянным прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, ён забараніў Гаміндан, у студз. 1914 распусціў парламент, 1.4.1914 выдаў новую канстытуцыю, якая дала яму амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы. Аднак падзеі 1911—13 спрыялі ў наступныя гады хуткаму развіццю Кітая, а ў выніку — моцнаму культ. і інтэлектуальнаму ўздыму, які падрыхтаваў Рэвалюцыю 1925—28 у Кітаі.

Літ.:

Белов Е.А. Учанское восстание в Китае (1911 г.). М., 1971;

Ефимов Г.В. Буржуазная революция в Китае и Сунь Ят-Сен (1911—1913 гг.). М., 1974;

Синьхайская революция, 1911—1913 гг.: Сб. док. и материалов. М., 1968;

Синьхайская революция (1911—1913 гг.) в современной историографии КНР. М., 1988.

У.​У.​Куніцкі.

т. 14, с. 407

СІНЬХУА́,

дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Кітая. Засн. ў 1938 у г. Яньань, з 1949 у Пекіне. Абслугоўвае друк, радыё, тэлебачанне краіны. Перадае паведамленні за мяжу на кіт., англ., рус. і інш. мовах. Рассылае бюлетэні, распаўсюджвае фотаінфармацыю для кіт. і замежнага друку.

т. 14, с. 408

СІНЬЦЗЯ́Н-УЙГУ́РСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН, Сіньцзян,

аўтаномны раён на ПнЗ Кітая. На Пн і З мяжуе з Манголіяй, Расіяй, Казахстанам, Кіргізіяй, Таджыкістанам, Афганістанам, Пакістанам, Індыяй. Пл. 1600 тыс. км², нас. каля 18 млн. чал. (2001), у т. л. уйгуры (75%), сярод астатніх найб. кітайцаў. Адм. і гал. прамысл. цэнтр — г. Урумчы. Большая ч. паверхні — пустынная і паўпустынныя Джунгарская і Кашгарская раўніны, падзеленыя хрыбтамі Усх. Цянь-Шаня. На Пд горы Куньлунь і Каракарум (г. Чагары выш. 8611 м), на Пн Мангольскі Алтай. Клімат субтрапічны засушлівы, кантынентальны. Ападкаў на раўнінах 100—300 мм за год, у гарах да 800 мм. Расліннасць пераважна пустынная і паўпустынная. У гарах хваёвыя лясы. Найб. развіта сельская гаспадарка. Земляробства пераважна на арашальных землях. Гал. с.-г. культуры — пшаніца, кукуруза, рыс (займаюць больш за 50 % апрацаваных зямель), а таксама бавоўнік, рапс, каноплі. У аазісах вінаградарства і садоўніцтва (абрыкосы, яблыкі, грушы, грэцкі арэх), бахчаводства (дыні, кавуны). Шаўкаводства. У пустынях і паўпустынях (найб. на Пн) жывёлагадоўля (авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, вярблюды, коні). Здабыча нафты, вугалю, рэдкіх і каштоўных металаў, графіту, нефрыту. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр., металургічная, маш.-буд. (аўтазборка і аўтарамонт, с.-г. машынабудаванне і інш.), хім., буд. матэрыялаў, тэкст., гарбарная. Рамёствы (тканіны, дываны, кашма, скуры і скураныя вырабы, папера і інш.). Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 14, с. 408

СІ́НЬША,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. (Беларусь), на мяжы з Пскоўскай вобл. (Расія), у бас. р. Дрыса (цячэ праз возера), за 37 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 2,53 км², даўж. 4 км, найб. шыр. 1,44 км, найб. глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 9,9 км. Пл. вадазбору 1782 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, падзелена 2 астравамі (агульнай пл. 0,17 км²) і паўвостравам на 2 часткі, злучаныя вузкімі пралівамі. Схілы выш. 10—15 м (на ПнУ 5—8 м) пясчаныя, пад лесам. На Пн і У тэраса выш. 1,2 м. Пойма шыр. 10—20 м, укрытая хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, моцна зрэзаныя, утвараюць многа невял. заліваў. Дно да глыб. 2,5—3 м пясчанае, ніжэй ілістае і сапрапелістае. Зарастае да глыб. 3,5 м, асабліва паўн. частка. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. 20—30 м, да глыб. 2,2 м. У залівах паўн.-ўсх. ч. возера расце вадзяны арэх, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Злучана пратокамі з азёрамі Валоба (на ПнЗ) і Данское (на Пд). Турызму, зона адпачынку.

т. 14, с. 408

СІ́НЬША,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1996 для аховы унікальных прыродных ландшафтаў і азёрных экасістэм у вытоках р. Дрыса. Пл. 13,398 тыс. га. Водна-ледавіковы тып рэльефу з абс. выш. 140—160 м, верхнія слаі антрапагенных парод прадстаўлены розназярністымі пяскамі. Шматлікія камавыя і озавыя формы, тэрмакарставыя катлавіны і лагчыны складзены з валунных марэнных суглінкаў і супескаў. У заказніку 21 возера, агульнай пл. 15 км². Іхтыяфаўна ляшчова-шчупаковая, 17 відаў рыб-абарыгенаў. Лясная расліннасць займае больш за 80% пл., у асн. хвойныя лясы. У флоры больш за 400 відаў вышэйшых раслін, з іх 5 відаў занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: баранец звычайны, вадзяны арэх плывучы, гарлянка пірамідальная, мякатніца адналістая, гідрыла кальчаковая. Фауна таежнага комплексу (9 відаў земнаводных, 5 — рэптылій, 122 — птушак, 28 — млекакормячых). Шмат глушца, цецерука, рабчыка, вальдшнэпа, дзіка, казулі, лася, бабра, куніцы, норкі, лісоў. У Чырв. кнізе Беларусі мядзведзь буры, рысь, сыч касматаногі, няясыць даўгахвостая, дзяцел трохпальцы і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 408

СІНЬЯ́К ((Signac) Поль) (11.11.1863, Парыж — 15.8.1935),

французскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Парыжы ў вольнай майстэрні Бінга. Адзін з заснавальнікаў Т-ва незалежных мастакоў (1884; з 1903 яго віцэ-прэзідэнт, з 1909 прэзідэнт). У ранні перыяд творчасці быў блізкі да імпрэсіяністаў, з 1886 пад уздзеяннем Ж.​Сёра далучыўся да неаімпрэсіянізму. Пісаў пейзажныя віды Пд Францыі, спакойныя па кампазіцыі, у стрыманай збалансаванай гаме («Маяк у Порт-Рые», 1888; «Пясчаны бераг мора», 1890; «Гавань у Марселі», 1907; «Марсельскі порт», 1911; «Канал Сен-Мартэн», 1933), партрэты («Партрэт Фелікса Фенеона», 1890), лірычныя сцэны і дэкар. кампазіцыі, у якіх раскрываў сваю канцэпцыю ідэальнага анархісцкага грамадства («Нядзеля ў Парыжы», 1890; «Жанчына прычэсваецца», «Дзве жанчыны каля студні», абедзве 1892; «У часы гармоніі»,1894). Мадыфікаваў тэхніку пуантылізму, выкарыстоўваў невялікія, строга ўпарадкаваныя квадратныя мазкі чыстага, інтэнсіўнага колеру: «Дамба ў Партрыё» (1888), «Хвоя. Сен-Трапез» (1909) і інш. Аўтар кн. «Ад Эжэна Дэлакруа да неаімпрэсіянізму» (1899), «Іонгкінд» (1927).

Літ.:

Ж.​Сёра. П.​Синьяк. Письма. Дневники...: Пер. с фр. М., 1976;

Калитина Н. П.​Синьяк. Л., 1976.

С.​У.​Пешын.

П.Сіньяк Гавань у Марселі. 1907.

т. 14, с. 408

СІНЬЯРЫ́Я (ад італьян. signoria панаванне, улада),

1) орган гар. самакіравання ў італьян. гарадах-камунах 13—14 ст. 2) Форма паліт. ладу шэрагу гарадоў-дзяржаў Паўн. і Сярэдняй Італіі 2-й пал. 13 ст. — сярэдзіны 16 ст., пры якой уся грамадз. і ваен. ўлада канцэнтравалася ў руках сіньёра (тырана, гл. Тыранія). Пераход ад выбарнага калегіяльнага кіравання камуны да С. адбываўся ва ўмовах жорсткай барацьбы паміж папаланамі (гандл.-рамесніцкія слаі) і феадаламі, калі ні адзін з бакоў не мог атрымаць поўнай перамогі. У выніку ўсталёўвалася дыктатура, якая адлюстроўвала інтарэсы або вярхоў папаланаў і феадалаў (напр., Вісконці ў Мілане), або толькі феадалаў (напр., д’Эстэ ў Ферары). Улада замацоўвалася наданнем сіньёру папам ці імператарам тытула вікарыя. На пачатку С. была пажыццёвай, пазней спадчыннай. У выніку бесперапынных войнаў да сярэдзіны 15 ст. многія С. былі паглынуты больш буйнымі, правіцелі якіх атрымалі тытулы герцагаў ці маркізаў (так утварыліся герцагствы Міланскае, Тасканскае, Ферара і інш.).

т. 14, с. 408

СІНЬЯРЭ́ (Signoret; сапр. Камінкер; Kaminker) Сімона

(25.3.1921, г. Вісбадэн, Германія — 30.9.1985),

французская кінаактрыса. Вядомасць набыла выкананнем гал. роляў у фільмах рэж. Ж.​Бекера «Залаты шлем» (1952), М.​Карнэ «Тэрэза Ракэн» (1953), «Салемскія ведзьмы» (1956; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1957). Майстэрства С. найб. выявілася ў выкананні ролі Эліс («Месца наверсе», 1958; у сав. пракаце «Шлях у вышэйшае грамадства»; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах, прэмія «Оскар», прэмія Брыт. і Франц. акадэмій). Сярод значных работ — ролі ў фільмах «Цень і святло» (1951), «Смерць у гэтым садзе» (1956), «Дзень і час» (1963), «Карабель дурняў» (1965), «Чайка» (1968), «Кот» (1971, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Усё жыццё наперадзе» (1977, прэмія «Сезар»), «Гі дэ Мапасан» (1982) і інш.

т. 14, с. 409

СІНЬЯРЭ́ЛІ ((Signorelli) Лука) (паміж 1445—50, г. Картона, Італія — 16.10.1523),

італьянскі мастак эпохі Адраджэння. Вучыўся ў П’ера дэла Франчэскі, зазнаў уплыў А. дэль Палаёлы і Перуджына. Працаваў у Картоне, Фларэнцыі, Ларэце, Рыме, Арвіета і інш. Творы вызначаюцца строгасцю, гераічнасцю вобразнага ладу; фрэскі ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—83), у клуатры манастыра Монтэалівета Маджорэ ў Таскане (1497), капэле Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета (1499—1504); станковыя карціны «Мадонна на троне ў акружэнні святых» (1484), «Пан» (1488—90). Асаблівую ўвагу аддаваў выяўленню фігуры чалавека ў складаных ракурсах з падкрэсленай выразнасцю пластычнай мадэліроўкі, напружанасцю контурнага малюнка, якому ў позніх работах уласціва некат. застыласць.

Л.Сіньярэлі. Паўстанне з мёртвых. Фрэска капэлы Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета. 1499—1504.

т. 14, с. 409

СІНЭКАЛО́ГІЯ (ад грэч. syn разам + экалогія),

раздзел экалогіі, які вывучае ўзаемаадносіны згуртаванняў арганізмаў (біяцэнозаў) з навакольным асяроддзем.

т. 14, с. 409