СІНЬЯРЫ́Я (ад італьян. signoria панаванне, улада),

1) орган гар. самакіравання ў італьян. гарадах-камунах 13—14 ст. 2) Форма паліт. ладу шэрагу гарадоў-дзяржаў Паўн. і Сярэдняй Італіі 2-й пал. 13 ст. — сярэдзіны 16 ст., пры якой уся грамадз. і ваен. ўлада канцэнтравалася ў руках сіньёра (тырана, гл. Тыранія). Пераход ад выбарнага калегіяльнага кіравання камуны да С. адбываўся ва ўмовах жорсткай барацьбы паміж папаланамі (гандл.-рамесніцкія слаі) і феадаламі, калі ні адзін з бакоў не мог атрымаць поўнай перамогі. У выніку ўсталёўвалася дыктатура, якая адлюстроўвала інтарэсы або вярхоў папаланаў і феадалаў (напр., Вісконці ў Мілане), або толькі феадалаў (напр., д’Эстэ ў Ферары). Улада замацоўвалася наданнем сіньёру папам ці імператарам тытула вікарыя. На пачатку С. была пажыццёвай, пазней спадчыннай. У выніку бесперапынных войнаў да сярэдзіны 15 ст. многія С. былі паглынуты больш буйнымі, правіцелі якіх атрымалі тытулы герцагаў ці маркізаў (так утварыліся герцагствы Міланскае, Тасканскае, Ферара і інш.).

т. 14, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)