Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРЦЫЯ́Л (Марк Валерый) (Marcus Valerius Martialis; каля 40, г. Більбао, Іспанія — каля 104),

рымскі паэт. У 64—98 жыў у Рыме. Напісаў 15 кніг эпіграм, у т.л. 3 тэматычныя: «Кніга відовішчаў» (пра адкрыццё Калізея ў 80), «Гасцінцы» і «Падарункі». Вядомасць прынеслі 12 кніг змешанага зместу. Амаль палова вершаў — сатыр. эпіграмы, астатнія — традыцыйныя: прысвячальныя, хвалебныя, застольныя, надмагільныя, медытатыўныя. Высмейваў чалавечыя заганы, выкрываў прадстаўнікоў розных сац. груп і прафесій, паказваў маральнае падзенне знаці ў Рымскай імперыі. Яго эпіграмы адметныя жыццёвай дакладнасцю, сцісласцю і яскравасцю апісанняў, дасціпнасцю і тонкім гумарам. Паўплывалі на паэтаў Новага часу.

Тв.:

Рус. пер. — Эпиграммы. СПб., 1994.

С.Дз.Малюковіч.

т. 10, с. 149

МА́РЦЭЛЕЎ (Станіслаў Віктаравіч) (н. 1.1.1925, в. Шарыбаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. гісторык культуры. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1980), д-р гіст. н. (1972), праф. (1992). Скончыў БДУ (1950) і Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1950). З 1953 у апараце ЦК КПБ: інструктар, заг. сектара, нам. заг. аддзела, з 1965 заг. аддзела культуры. У 1976—94 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) АН Беларусі. У 1980—91 рэдактар навукова-метадычнага бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». З 1994 саветнік пры дырэкцыі, з 1997 гал. навук. супрацоўнік ІМЭФ. З 1996 старшыня праўлення Бел. добраахвотнага т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры. Даследуе праблемы гісторыі і культуры Беларусі. Гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія БССР 1990), гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94). Канд. у чл. ЦК КПБ у 1966—76, дэп. Вярх. Савета БССР у 1967—80.

Тв.:

Печать Советской Белоруссии: (Ист. очерк). Мн., 1967;

На путях строительства социализма: Печать Белоруссии в 1926—1937 гг. Мн., 1972;

К духовному расцвету: Ист. опыт развития бел. сов. культуры. Мн., 1974;

Художественная культура Белоруссии на современном этапе. Мн., 1978;

Печать Белоруссии в период развитого социализма. Мн., 1982.

С.В.Марцэлеў.

т. 10, с. 149

МА́РЧАНКА (Іван Ягоравіч) (2.6.1923, в. Людкоў Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.4.1997),

бел. гісторык. Чл.-кар. АН Беларусі (1980). Д-р гіст. н. (1969). Праф. (1970). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1950). Удзельнік Вял. Айч. вайны. У 1945—51 на парт. рабоце. З 1954 у Ін-це гісторыі АН Беларусі: навук. супрацоўнік, вучоны сакратар, у 1962—68 і 1976—81 нам. дырэктара, адначасова заг. сектара і аддзела. Асн. працы па гісторыі рабочага класа, калгаснага сялянства і культ. будаўніцтва. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» у 5 т. (т. 3, 5, 1973—75), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87), «Нарысаў гісторыі Беларусі» ў 2 ч. (ч. 2, 1995).

Тв.:

Аграрные преобразования в Белоруссии в 1917—1918 гг. Мн., 1959;

Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;

Белоруссия—Литва: содружество множит силы. Мн., 1985 (разам з Г.С.Мельянковым);

Белорусская ССР курсом перестройки. Мн., 1989 (разам з У.І.Навіцкім).

І.Я.Марчанка.

т. 10, с. 150

МА́РЧАНКА (Леанід Максімавіч) (1.4. 1941, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.9.1996),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Творы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, пластычнасцю малюнка, дасканаласцю тэматычнага абагульнення. Аўтар серый літаграфій «Жанчыны Палесся» (1974), «Новабудоўлі Беларусі» (1975), афортаў «Лета ў Залацінцы. БАМ» (1976), «Мой край азёрны» (1977), «Мінск» (1978—79), «Зямля і людзі» (1980), «Палярны круг» (1981), «Па Туркменіі» (1987), «Край нарачанскі» (1989—90), «Вёска Манькавічы» (1991), «Мая Беларусь» (1995). Працаваў у акварэлі: «Нарач. Вечар» (1991), «Вясна. Дождж», «Пахмурны дзень» (абедзве 1992), «Цішыня», «Бэз», «Першы снег», «Вясна» (усе 1993), «Туман», «Манькавічы», «Бабіна лета» (усе 1994). Акварэлям уласцівы багацце паўтонавых суадносін, каларыстычная ўраўнаважанасць.

Літ.:

Леанід Марчанка: [Альбом]. Мн., 1997.

Н.П.Марчанка.

Л.Марчанка. Бабіна лета. 1994.

т. 10, с. 150

МА́РЧАНКА (Святлана Міхайлаўна) (н. 15.5.1942, в. Папоўцы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. крытык і паэтэса. Скончыла Магілёўскі пед. ін-т (1964). Працавала ў Касцюковіцкім райкоме ЛКСМБ, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», газ. «Чырвоная змена», час. «Вожык» і «Работніца і сялянка». У 1984—93 у час. «Полымя». Дэбютавала вершамі ў 1960. Даследуе творчасць Т.Бондар, Г.Бураўкіна, В.Вярбы, С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, К.Кірэенкі, А.Разанава, А.Русецкага і інш., праблемы паэзіі і крытыкі, дзіцячай л-ры. Аўтар манаграфіі «Васіль Вітка: Нарыс жыцця і творчасці» (1985), зб. паэзіі для дзяцей «Што я ведаю» (1993).

І.У.Саламевіч.

т. 10, с. 150

МА́РЧАНКА (Уладзімір Мацвеевіч) (н. 27.4.1949, в. Хадунь Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1988). Скончыў БДУ (1971). З 1979 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1986 заг. кафедры). Навук. працы па якаснай тэорыі кіравання ў дынамічных сістэмах, функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненнях. Распрацаваў алг. метады даследавання лінейных стацыянарных дынамічных сістэм з паслядзеяннем.

Тв.:

Об алгебраическом обосновании одного критерия управляемости // Дифференциальные уравнения. 1973. Т. 9, № 11;

К управляемости линейных систем с последействием // Докл. АН СССР. 1977. Т. 236, № 5.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 10, с. 150

МА́РЧАНКА (Уладзімір Мікітавіч) (7.8. 1915, в. Губарэвічы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — май 1945),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, старшына, камандзір гарматы. Вызначыўся ў 1944 і 1945 у наступальных баях на левым беразе р. Одэр і каля Кюстрына. Памёр ад ран.

т. 10, с. 150

МА́РЧАНКА (Яўхім Цімафеевіч) (1.1.1913, в. Мікалаеўка Магілёўскага р-на — 24.1.1980),

генерал-лейтэнант (1959). Скончыў ВНУ начсаставу НКУС (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1939. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., 3-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Смаленшчыне, пад Масквой, вызвалення Данбаса, Адэсы, Варшаўска-Пазнанскай і Берлінскай аперацый. З 1945 на адказных пасадах у Сав. Арміі, з 1966 1-ы нам. камандуючага войскамі ваен. акругі, з 1969 1-ы нам. начальніка Вышэйшых афіцэрскіх курсаў «Выстрал».

т. 10, с. 150

МА́РЧАНКІ,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз. Ужо. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 46 км на Пн ад г. Гарадок, 85 км ад Віцебска, 14 км ад чыг. ст. Езярышча. 268 ж., 112 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік Ц.Ц.Рамашкіну. Каля вёскі гарадзішча днепра-дзвінскай культуры.

т. 10, с. 150

МАРЧУ́К (Георгій Васілевіч) (н. 1.1.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973) і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1977). З 1970 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980—82 заг. літ. часткі, рэдактар-кансультант Т-ра-студыі кінаакцёра, з 1996 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1966. Дылогія «Крык на хутары» (1981), «Прызнанне ў забойстве» (1985) пра падзеі ў б. Зах. Беларусі. Раманы «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон», «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (абодва 1990) на маральна-этычную праблематыку. У кнізе навел «Хаос» (1997) роздум пра хаос і гармонію, дзень сённяшні і Вечнасць, прызначэнне чалавека. Даследаванне бел. нац. характару ў аповесці «Паляшук» (1987), рамане «Без ангелаў» (1993). Аўтар рамана «Год дэманаў» (1995), камедый «Люцікі-кветачкі» (паст. 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (паст. 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя», «Альдона, Анета, Анфіса» (абедзве паст. 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве паст. 1990), «Варвара і яе блудны муж» (паст. Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1998), аднаактовых п’ес, апавяданняў, сцэнарыяў тэле- («Вясковы эрудзіт», 1985; «Запрашэнне», 1988) і кіна- («Кветкі правінцыі», 1994) фільмаў, дакумент. фільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (1990, у сааўт.) і інш. Творам М. ўласцівы псіхалагізм, філасафічнасць, спавядальнасць, дынамізм дзеяння. Піша для дзяцей: кн. казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1987), п’есы-казкі «Чаканне сабакі Тэафіла» (паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі, 1979), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1984), «Чужое багацце» (паст. 1999) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Крык на хутары;

Кветкі правінцыі. Мн., 1998;

Вясёлыя, бедныя, багатыя: Камедыі. Мн., 1998.

А.В.Спрынчан.

Г.В.Марчук.

т. 10, с. 150