Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МА́ЖУЛЬ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 24.12.1939, г. Адэса, Украіна),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-р біял. н. (1986), праф. (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1965 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі (з 1989 заг. лабараторыі). Навук. працы па біяфатоніцы, малекулярнай, мембраннай і клетачнай біяфізіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Межклеточные контакты. Мн., 1977 (разам з С.В.Коневым);

Структурно-функциональное состояние мембран лимфоцитов периферической крови у больных системной красной волчанкой и ревматоидным артритом (у сааўт.) // Докл. Нац. АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 3.

т. 9, с. 502

МАЖУРА́НІЧ ((Mažuianić) Іван) (11.8.1814, Нові-Вінадольскі, Харватыя — 4.8.1890),

харвацкі паэт. У 1833—37 вывучаў філасофію і права ў Заграбе і Сомбатхеі (Венгрыя). Друкаваўся з 1835. У 1830—40-я г. прымыкаў да ілірызму, ідэямі якога прасякнуты яго патрыят. вершы «Продкам славян», «Ілірыя ў вяках», праца «Харваты мадзьярам» (1848). Яго ліра-эпічная паэма «Смерць Смаіл-агі Чэнгііча» (1846) прысвечана барацьбе паўд. славян супраць асманскіх заваёўнікаў, услаўленню слав. адзінства і вольнасці. Падрыхтаваў і выдаў «Нямецка-ілірыйскі слоўнік» (1842, з Ё.Ужаравічам), «Слоўнік «Асмана» Гундуліча» (1844, з М.Мажуранічам).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэты Югославии XIX—ХХ вв. М. 1963.

І.А.Чарота.

т. 9, с. 502

«МАЖЫНО́ ЛІ́НІЯ»,

сістэма доўгатэрміновых фартыфікацыйных умацаванняў і загарод на паўн.-ўсх. граніцы Францыі. Пабудавана ў 1929—36 (удасканальвалася да 1940) па ініцыятыве ваен. міністра А.Мажыно. Агульная працягласць па фронце 400 км і на глыб. 6—8 км. Мела з боку граніцы паласу забеспячэння глыб. 4—14 км. У час 2-й сусв. вайны ням. войскі ў маі 1940 ударам праз Бельгію прарвалі фронт франц. арміі на паўн. флангу, дзе буд-ва «М.л.» не было скончана, і выйшлі ў яе тыл. Пасля адыходу франц. палявых армій ад «М.л.», ням. войскі пераадолелі яе на вузкім участку.

т. 9, с. 502

МАЖЭ́ЙКА (Зінаіда Якаўлеўна) (н. 6.12. 1933, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. этнамузыколаг. Засл. дз. маст. Беларусі (1987). Д-р мастацтвазнаўства (1992). Скончыла Бел. кансерваторыю (1961). Прадстаўнік навук. школы Я.Гіпіуса. З 1966 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Працуе ў галіне тэарэт. этнамузыкалогіі і практычнай фалькларыстыкі. Асн. даследаванні па сістэмнай тыпалогіі бел. песеннага фальклору, яго арэальным, сац. і экалагічным аспектах; муз. кампаратывістыцы, гісторыі этнамузыкалагічнай навукі. Вядзе праграму аўдыёвізуальнай антрапалогіі (сцэнарыст і палявы рэж. 7 муз.-этнагр. фільмаў, 1972—99; «Беларусьфільм»). Аўтар манаграфій «Песенная культура беларускага Палесся» (1971), «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні Беларускага Палесся» (вып. 1—2, 1983—84), «Каляндарна-песенная культура Беларусі» (1985), працы «Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце» (выд. 1998; матэрыялы 12-га Міжнар. з’езда славістаў, 1998). Адзін з аўтараў і рэдактар кн. «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997). Падрыхтавала грампласцінкі аўтэнтычнага фальклору, у т.л. «Музычны фальклор Беларускага Палесся» (Гран-пры ЮНЕСКА 1988). Чл. камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў, Еўрап. семінару этнамузыколагаў, Міжнар. асацыяцыі па нар. творчасці і інш. Прэмія імя Б.Асаф’ева ў галіне музыказнаўства 1991 (Расія). Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Проблемы методов сравнительных славяно-балканских исследований в современной этномузыкологии // Македонски фолклор. Година XIX, Cкoпje, 1986. Бpoj 37;

Белорусский песенный фольклор в европейском контексте // Weißrußland und der Westen. Dresden, 1998.

Літ.:

Мухарынская Л.С. Творчы шлях фалькларыста // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11;

Якіменка Т. Песенная культура Беларусі ў ракурсах сістэмнай тыпалогіі і візуальнай культурнай антрапалогіі: Да пытання метаду накірункаў даследчай дзейнасці З.Я.Мажэйка // Музычная культура Беларусі: Дыялог часоў. Мн., 1997.

А.А.Саламаха.

З.Я.Мажэйка.

т. 9, с. 502

МАЖЭ́ЙКА (Павел Віктаравіч) (28.12.1911, в. Сапажкі Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 19.1.1987),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў (1933), Арэнбургскую школу лётчыкаў і лётчыкаў-назіральнікаў (1935). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Варонежскім, 1-м і 4-м Укр. франтах: ваенком авіяэскадрыллі, палка, камандзір авіяэскадрыллі, нам. камандзіра палка. Маёр М. вызначыўся ў баях за Карпаты на тэр. Венгрыі, Чэхаславакіі: зрабіў 112 вылетаў на штурмоўку жывой сілы і тэхнікі ворага. Да 1950 у Сав. Арміі.

П.В.Мажэйка.

т. 9, с. 502

МАЖЭ́ЙКА (Фама Фаміч) (н. 7.10.1936, в. Скураты Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. хімік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991), д-р хім. н. (1989). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі (у 1980—89 нам. дырэктара). Навук. працы па калоіднай хіміі і фіз.-хім. механіцы. Устанавіў заканамернасці ўзаемадзеяння паверхнева-актыўных рэчываў з гліністымі мінераламі ў канцэнтраваных растворах электралітаў. Даследаваў механізм утварэння кандэнсацыйна-крышталізацыйных структур у калійных угнаеннях. Распрацаваў новыя рэагенты, якія павышаюць эфектыўнасць флатацыйнага працэсу атрымання і паляпшаюць якасць калійных угнаенняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Физикохимия селективной флотации калийных солей. Мн., 1983 (у сааўт.).

Ф.Ф.Мажэйка.

т. 9, с. 502

Мажэйка Людміла Фёдараўна

т. 18, кн. 1, с. 423

Мажэйка Марына Аляксандраўна

т. 18, кн. 1, с. 423

МАЖЭ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Паставы. Пл. 0,66 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 10,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на ПнЗ і ПдУ пераходзяць у забалочаную нізіну. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. На ПнЗ і У пойма шыр. да 200 м, забалочаная. Дно ілістае. Упадаюць некалькі меліярац. каналаў.

т. 9, с. 503

МАЗ,

марка грузавых аўтамабіляў, прычэпаў, паўпрычэпаў і інш. Мінскага аўтамабільнага завода. Выпускаюцца з 1947. Поўная маса аўтамабіляў і аўтапаяздоў ад 16 да 50 т, магутнасць дызельнага рухавіка да 309 кВт. Асаблівасць 4-восевых поўнапрывадных мадэляў — тарсіённая незалежная падвеска колаў.

Трохвосевы седлавы цягач МАЗ.

т. 9, с. 503