Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕРЫНГА́ (Neringa),

горад у Літве, на Куршскай касе Балтыйскага м. Узнік у 1961 у выніку аб’яднання курортных пасёлкаў Ніда (адм. цэнтр), Юадкрантэ, Прэйла і Первалка. 2,7 тыс. ж. (1993). Выцягнуты ўздоўж мора на 50 км, паромам звязаны з г. Клайпеда. Рыбалоўства. Марскі курорт. У Нідзе — Доммузей Т.Мана.

т. 11, с. 294

НЕРЫ́С (Néris; сапр. Бачынскайтэ-Бучэне) Саламея

(17.11.1904, в. Кіршай Марыямпальскага пав., Літва — 7.7.1945),

літоўская паэтэса. Нар. паэтэса Літвы (1954). Скончыла Каўнаскі ун-т (1928). Друкавалася з 1923. Першы зб. «Раннім ранкам» (1927) прасякнуты рамант. сімвалізмам. У лірычных зб-ках «Сляды на пяску» (1931), «Дзямідасам зацвіту» (1938; Дзярж. прэмія Літвы 1939) і інш. зварот да сац. праблем, духоўнага свету чалавека-працаўніка. Роздум над трагізмам вайны, гіст. лёсам літ. народа ў кнігах паэзіі «Апявай, сэрца, жыццё!» (1943), «Салавей не можа не спяваць» (1945), «Мой край» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947). Яе паэзіі ўласцівы шчырасць і глыбіня пачуццяў, меладычнасць верша, набліжаная да народнай. Пераклала на літ. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову яе творы пераклалі Э.Агняцвет, А.Астапенка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, С.Грахоўскі, С.Дзяргай, В.Жуковіч, А.Звонак, М.Калачынскі, І.Калеснік, К.Камейша, Г.Каржанеўская, Е.Лось, М.Лужанін, У.Нядзведскі, П.Прыходзька, А.Разанаў, Ю.Свірка, Я.Семяжон, Н.Тарас, Х.Чэрня, У.Шахавец, В.Шымук.

Тв.:

Rastai. T. 1—3. Vilnius, 1957;

Poezija. T. 1—2. Vilnius, 1972;

Бел. пер. — Калі зямля прачынаецца...: Выбранае. Мн., 1971;

Рус. пер. — Лирика. М., 1971.

Літ.:

Мальдзіс А Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;

Лапінскене А, Мальдзіс А Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988.

С.Нерыс.

т. 11, с. 295

НЕРЫ́ТАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

мелкаводная прыбярэжная ч. мора. Размешчана пераважна ў межах шэльфа ад узроўню макс. адліву да верхняй мяжы мацерыковага схілу (200—400 м). Для Н.в. характэрны вял. рухомасць вады, зменлівасць т-ры, значнае пранікненне сонечнага святла, вял. колькасць кіслароду, разнастайнасць флоры і фауны. У межах Н.в. намнажаюцца пераважна абломкавыя ўтварэнні (гл. Нерытавыя адклады).

т. 11, с. 295

НЕРЫ́ТАВЫЯ АДКЛА́ДЫ,

мелкаводныя асадкі дна мораў і акіянаў, якія ўтвараюцца ў межах мацерыковай водмелі на глыб. да 200 м. Пераважаюць галечнікі, ракушачнікі, радзей аалітавыя і фарамініферавыя пяскі, ілістыя і хемагенныя асадкі з арган. рэшткамі. Гл. таксама Нерытавая вобласць.

т. 11, с. 295

Неры Вела Радольфа

т. 18, кн. 1, с. 434

НЕРЭІ́ДА,

спадарожнік планеты Нептун. Астэроідападобны аб’ект, дыяметрам каля 340 км. Сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 5,51 млн. км. Сідэрычны перыяд абарачэння каля 359,6 сут. Адзіны спадарожнік планет з вельмі выцягнутай арбітай (эксцэнтрысітэт 0,753). Адкрыты Дж.Койперам (ЗША, 1949). Названы імем адной з міфалагічных нерэід. Гл. таксама Спадарожнікі планет.

т. 11, с. 295

НЕРЭІ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскія німфы, 50 дачок марскога бога Нерэя. Іх імёны ўказваюць на зменлівасць, глыбіню, імклівасць і капрызнасць мора. Лічылася, што Н. добра ставяцца да людзей і дапамагаюць ім у бедствах. Найб. вядомыя з Н.: Амфітрыта (жонка Пасейдона), Фетыда (маці Ахіла), Галатэя.

т. 11, с. 295

НЕРЭІ́ДЫ (Nereidae),

сямейства многашчацінкавых чарвей. 35 родаў, каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды ў прыбярэжнай зоне мораў. Некат. пераносяць моцнае апрасненне. Жывуць на дне ў норках, утвараюць вял. пасяленні. Найб. шматлікі род нерэіс (Nereis) — каля 150 відаў.

Даўж. ад 4 да 90 см (звычайна 5—10). Афарбоўка пераважна зялёных тонаў. Усёедныя. Раздзельнаполыя. Пры палавой спеласці ў многіх Н. адбываецца ператварэнне ў гетэранерэідныя формы (эпітакія); павялічваюцца вочы, параподыі, паяўляюцца плавальныя шчацінкі, і чэрві падымаюцца на паверхню вады для размнажэння. Корм для рыб і птушак.

Да арт. Нерэіды. Нерэіс.

т. 11, с. 295

НЕСАПРАЎДНАДАЖДЖАВІКО́ВЫЯ (Sclerodermatales),

парадак грыбоў гастэраміцэтаў. 16 родаў, каля 190 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды з роду несапраўдны дажджавік (Scleroderma); звычайны (S. aurantium) і бародаўчаты (S. verrucosum). Трапляюцца ў лясах, на ўзлесках, глебе, гнілой драўніне.

Пладовыя целы наземныя, паўпадремныя, шара- або клубнепадобныя, сядзячыя, радзей з несапраўднай ножкай. Абалонка 1—4-слойная, звонку гладкая або бародаўчатая, з лускавінкамі, шыпамі. Мякаць белая, мясістая, шчыльная, з узростам парашкападобная, цёмная. Споры круглаватыя, гладкія або бародаўчатыя, бясколерныя ці афарбаваныя. Неядомыя.

т. 11, с. 295

НЕСАПРА́ЎДНАЯ ГО́ТЫКА, псеўдаготыка,

умоўная назва кірунку ў архітэктуры 18—19 ст., які пераймаў формы, а часам і канструкцыі сярэдневяковай готыкі.

Зараджэнне Н.г. ў зах.-еўрап. архітэктуры звязана з росквітам садова-паркавага мастацтва, з ідэалізацыяй сярэднявечча, характэрнай рамантызму. Выяўлялася ў культавых і вял. грамадскіх збудаваннях. Часам узнаўляліся помнікі сярэдневяковай архітэктуры,часцей будынкі мелі толькі гатычны дэкор. Для еўрап. Н.г. сярэдзіны і 2-й пал. 19 ст. характэрна шырокае выкарыстанне чыгунных канструкцый і паліхроміі. У Расіі Н.г. пашырылася спачатку ў сядзібным буд-ве, у творчасці В.Бажэнава і М.Казакова спалучаліся з некат. матывамі сярэдневяковай рус. архітэктуры.

На Беларусі першыя ўзоры Н.г. паявіліся ў палацавым буд-ве (Крычаўскі палац, Косаўскі палац). У сядзібным буд-ве 19 ст. выяўлялася ў асобных гасп. і службовых пабудовах (капліца сядзібы ў в. Закозель Драгічынскага р-на). Рысы Н.г. мелі шматлікія станцыйныя будынкі 1-й пал. — сярэдзіны 19 ст., у якіх выкарыстоўваліся псеўдагатычныя стральчатыя аконныя праёмы і парталы ўваходаў (паштовыя станцыі ў г. Крычаў, в. Кузьміно Гарадоцкага р-на). З сярэдзіны 19 ст. Н.г. стала адной з найб. значных плыней архітэктуры эклектыкі, узорным стылем у культавым дойлідстве (Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл). Найб. дасканалыя кампазіцыйна-пластычныя магчымасці Н.г. выявіліся ў збудаваннях 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Некат. будынкі набылі рысы Н.г. пасля перабудовы (Віцебскі Варварынскі касцёл). У драўляным дойлідстве Н.г. выявілася ў распрацоўцы вытанчанага па форме сілуэта, шырокім выкарыстанні прыёмаў кантрастнага спалучэння ашаляваных паверхняў зруба і высокіх пластычных дахаў, вежаў-званіц і г.д. (касцёлы ў вёсках Мяжаны Браслаўскага, Лінава Пружанскага р-наў). У пач. 20 ст. псеўдагатычныя збудаванні характарызуюцца адраджэннем маст. цэласнасці готыкі і эстэтызацыяй каркаснай канструкцыі. Н.г. паўплывала на станаўленне стылю мадэрн, неарамантычных кірункаў і зараджэнне функцыяналізму.

В.М.Чарнатаў.

Да арт. Несапраўдная готыка. Мост у Царыцыне (Масква). Арх. В.Бажэнаў. 1776—85.

т. 11, с. 295