Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРФАЛО́ГІЯ ў прыродазнаўстве, 1) сукупнасць навук, якія вывучаюць форму і будову арганізмаў на розных узроўнях арганізацыі ў сувязі з іх жыццядзейнасцю, індывідуальным (антагенез) і гіст. (філагенез) развіццём і фактарамі навакольнага асяроддзя. Адрозніваюць марфалогію раслін, М. жывёл і чалавека (уключае анатомію, гісталогію, параўнальную анатомію жывёл, паталагічную анатомію, цыталогію, эмбрыялогію чалавека і жывёл і інш.). У залежнасці ад метадаў і задач вылучаюць М. апісальную, параўнальную (узроставая, функцыян., эвалюц., экалагічная) і эксперыментальную. У даследаваннях выкарыстоўваюцца аўтарадыяграфія, культуры тканак, мікраскапія, рэнтгенаграфія, рэнтгенаскапія, прэпараванне, фіз.-хім. аналіз і інш. метады.

2) Раздзел антрапалогіі, які вывучае палавыя, узроставыя, канстытуцыянальныя, расавыя, этн., тэр., прафес. і інш. варыяцыі будовы цела чалавека (саматалогія), яго органаў і тканак (мералогія). Метады: апісальныя (антрапаскапія), вымяральныя (антрапаметрыя), статыстычныя. Марфал. навукі цесна звязаны з біяхіміяй, генетыкай, малекулярнай біялогіяй, сістэматыкай, фізіялогіяй, філагеніяй, экалогіяй і інш. Даныя М. выкарыстоўваюцца ў антрапал. стандартызацыі, ветэрынарыі, медыцыне, сельскай і лясной гаспадарцы, эрганоміцы.

3) М. ў геаграфіі, гл. Геамарфалогія.

Літ.:

Бляхер Л.Я. Очерк истории морфологии животных. М., 1962;

Морфология человека. 2 изд. М., 1990;

Голуб Д.М. Достижения и перспективы развития морфологии в БССР // Здравоохранение Белоруссии. 1981. № 5.

А.С.Леанцюк.

т. 10, с. 143

МАРФАЛО́ГІЯ ЗЯМНО́Й ПАВЕ́РХНІ,

раздзел геамарфалогіі, які вывучае знешні выгляд рэльефу з дапамогай візуальных назіранняў, апісання, графічных адлюстраванняў і колькасных паказчыкаў. Пры марфал. даследаваннях вызначаюцца размяшчэнне, арыенціроўка, вышыня, плошча, аб’ёмы, нахілы элементаў, форм і тыпаў рэльефу, праводзіцца іх класіфікацыя, складаюцца схемы, карты, профілі, графікі і г.д.

т. 10, с. 143

МАРФАЛО́ГІЯ РАСЛІ́Н,

раздзел батанікі, які вывучае форму і будову раслін, заканамернасці іх морфагенезу ў індывідуальным (антагенез), гіст. (філагенез) развіцці і пад уплывам фактараў знешняга асяроддзя. Уключае анатомію раслін, карпалогію, паліналогію, тэраталогію, цыталогію, эмбрыялогію раслін, арганаграфію (уласна М.р., апісвае знешнюю будову) і інш. Асн. метады даследаванняў: апісанне, параўнанне, эксперымент. Цесна звязана з сістэматыкай, філагенетыкай, фізіялогіяй і экалогіяй раслін, генетыкай, раслінаводствам. Даныя М.р. выкарыстоўваюць у геалогіі, лясной, сельскай гаспадарцы і інш.

М.р. зарадзілася ў 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст) і да сярэдзіны 18 ст. мела пераважна апісальны характар. Першыя тэарэт. абагульненні зроблены ў працах Н.Гру, М.Мальпігі, А.Чэзальпіна і інш. У 18 ст. К.Ліней удасканаліў марфал. тэрміналогію і выкарыстаў яе ў мэтах сістэматыкі раслін. Станаўленне М.р. як самаст. навукі звязана з працамі І.В.Гётэ (вучэнне аб метамарфозе, 1790; тэрмін «марфалогія») і А.П.Дэкандоля (заснавальнік параўнальнай М.р., 1-я пал. 19 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца антагенетычны (В.Ф.Б.Гофмайстэр, І.М.Гаражанкін, С.Г.Навашын, Э.Страсбургер, І.Д.Чысцякоў і інш.) і філагенетычны (А.Л.Тахтаджан, Ф.Э.Л. ван Тыгем, А.В.Эйхлер, В.Цымерман і інш.), кірункі параўнальнай і эксперыментальная М.р. (А.М.Бякетаў, К.І.Э. фон Гебель, Г.А.Клебс, М.П Крэнке, М.Ф.Левакоўскі і інш.). У пач. 20 ст. ўзнікла экалагічная М.р. (І.Э.Вармінг, Гебель, Клебс, К.Раўнкіер), якая атрымала развіццё ў працах Б.А.Келера, Р.Я.Левінай, І.Р.Серабракова, Т.І.Серабраковай і інш.

На Беларусі марфал. даследаванні звязаны пераважна з удакладненнем таксанамічных прыкмет розных таксонаў раслін. Асобныя пытанні М.р. асвятляюцца ў працах супрацоўнікаў Ін-та эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед. ун-це, Брэсцкім ун-це і інш.

Літ.:

Тахтаджян А.Л. Основы эволюционной морфологии покрытосеменных М.; Л., 1964;

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972;

Щербакова А.А, Базилевская Н.А, Калмыков К.Ф. История ботаники в России (дарвиновский период, 1861—1917 гг.). Новосибирск. 1983.

т. 10, с. 143

МАРФАМЕ́ТРЫЯ (ад марфа... + ...метрыя),

1) раздзел картаграфічнага метаду даследавання, які вывучае па картах спосабы колькаснай характарыстыкі форм і структур геагр. аб’ектаў: глыбіню і гушчыню расчлянення, нахілы паверхняў, форму, аднароднасць і суседства арэалаў, шчыльнасць і канцэнтрацыю кропкавых аб’ектаў, звілістасць і арыенціроўку ліній, канфігурацыю і раўнамернасць сетак. Шырока ўжываецца ў геалогіі, гідралогіі, акіяналогіі, геабатаніцы, глебазнаўстве і інш. 2) Галіна геамарфалогіі, якая вывучае колькасныя характарыстыкі рэльефу зямной паверхні: даўжыню, плошчу, аб’ём, адносную і абсалютную вышыні яго асобных форм, глыбіню і гушчыню яго расчлянення, каэфіцыенты звілістасці рэк, берагавой лініі і інш. Марфаметрычныя паказчыкі вызначаюцца пераважна пры апрацоўцы тапаграфічных карт і аэрафотаматэрыялаў.

т. 10, с. 143

МАРФАНАЛО́ГІЯ,

раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.С.Трубяцкой (1931).

Літ.:

Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический’ кружок. М., 1967;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.П.Шуба.

т. 10, с. 144

МА́РФА-ПАСА́ДНІЦА (Марфа Барэцкая; 7—?), наўгародская баярыня, удава пасадніка І.А.Барэцкага. Вызначалася розумам, энергіяй і красамоўствам. У 1470-я г. разам з сынамі ўзначальвала варожую маскоўскаму вял. кн. Івану III групоўку баяр — прыхільнікаў пераходу Наўгародскай феадальнай рэспублікі ў падданства ВКЛ (гл. Барэцкія). У 1477 М.П. і яе прыхільнікі сарвалі ратыфікацыю вечам дагавора аб прызнанні Івана III неабмежаваным уладаром Ноўгарада. У студз. 1478 Ноўгарад капітуляваў перад войскам Івана III, які выслаў М.П. ў Маскву, потым у Ніжні Ноўгарад, дзе яна пад імем Мар’і пастрыжана ў манашкі.

т. 10, с. 144

МАРФЕ́Й,

у стараж.-грэч. міфалогіі бог сноў, што сняць людзі, сын бога сну Гіпноса. Паводле міфаў, М. з’яўляецца людзям пад час сну ў розных чалавечых абліччах. У ант. мастацтве М. паказвалі як старога з крыламі за плячыма. У пераносным сэнсе «ўпасці ў абдымкі М.» — заснуць і сніць сны.

т. 10, с. 144

МАРФЕ́МА (ад грэч. morphē форма),

адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл. Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл. Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна·выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.

Літ.:

Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.П.Шуба.

т. 10, с. 144

МАРФЕ́МНЫ СЛО́ЎНІК, слоўнік марфемнай члянімасці слоў,

тып аднамоўнага слоўніка, які адлюстроўвае марфемную структуру слоў. Словы ў ім падзелены на марфемы.

Апісвае слова як моўную адзінку, якая складаецца з мінімальных значымых элементаў — марфем. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такога тыпу — «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (складальнікі А.М.Бардовіч і Л.М.Шакун, 1975; 2-е выд. 1989). Падзел слоў на марфемы зроблены з пункту погляду сучаснага разумення марфемнай будовы слова, з улікам яго словаўтваральнай структуры. М.с. адрозніваецца ад словаўтваральнага і тлумачальнага слоўнікаў марфем. М.с. — дапаможнік пры вывучэнні словаўтваральнай сістэмы мовы, структуры слоў, іх правапісу.

А.А.Лукашанец.

т. 10, с. 144

МАРФІ́Н,

алкалоід опійнага маку, лекавы прэпарат з абязбольваючым дзеяннем. Выклікае санлівасць, аказвае прыгнечвальны ўплыў на дыханне, павышае тонус гладкай мускулатуры страўнікава-кішачнага тракту, мочавывадных шляхоў і бронхаў, павялічвае ўздзеянне сродкаў для наркозу і інш. Гідрахларыд М. выкарыстоўваюць як абязбольваючы сродак пры траўмах і захворваннях, якія суправаджаюцца моцнымі болямі (інфаркт міякарда, злаякасныя новаўтварэнні і інш.), у пасляаперацыйны перыяд. Працяглае ўжыванне вядзе да наркаманіі.

М.І.Федзюковіч.

т. 10, с. 144