Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЭСП’Ё ((Despiau) Шарль) (4.11.1874, г. Мон-дэ-Марсан, Францыя — 28.10.1946),

французскі скульптар; майстар партрэта. Вучыўся ў Парыжы ў Школе дэкар. мастацтваў і ў Школе прыгожых мастацтваў (з 1891). У 1907—14 памочнік А.Радэна. Творы адметныя паэтычнасцю вобразаў, тонкасцю мадэліроўкі, якая стварае гульню святлаценяў, яснасцю і цэласнасцю пластычнай формы («Дзяўчынка з Ланд», 1907, партрэт Аньес Меер, 1929, партрэт мадам Фантэн, 1930-я г.). Аўтар «Помніка паўшым» у Мон-дэ-Марсане (1920—22).

.Дэсп’ё. Партрэт мадам Фантэн. 1930-я г.

т. 6, с. 358

ДЭСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. destructio разбурэнне, парушэнне),

1) парушэнне нармальнай структуры чаго-н., напр., дэструкцыя ландшафтаў, дэструкцыя палімераў; парушэнне або разбурэнне структуры ўсталяваных эканам., вытв. сувязей у нар. гаспадарцы, устаноўленага парадку і духоўных асноў дзяржавы, іншых утварэнняў, нежыватворчы працэс у розных галінах дзейнасці і пазнання.

2) Высвятленне асноў філас. палажэнняў, адно з цэнтр. паняццяў фундаментальнай анталогіі М.Хайдэгера, якое адыграла ў ёй канструктыўную ролю. Пад Д. ён разумеў аналіз («разбор») гіст. асаблівасцей розуму і выяўленне перадумоў чалавечага існавання. Для гэтага, лічыў Хайдэгер, дастаткова ажыццявіць 3 адпаведныя аперацыі: рэдукцыю, або вяртанне ад існага да быцця агульных форм узаемадзеяння аб’ектаў; канструкцыю быцця; дэструкцыю традыцыі, якая ўвасабляе аб’ектываванае навук.-тэарэт. разуменне свету, адначасовае выкарыстанне і сціранне традыц. метафізічных паняццяў. З хайдэгераўскай Д. супастаўныя больш пазнейшыя і часткова залежныя ад яе канцэпцыі «генеалогіі» ў неаніцшэянстве, «археалогіі ведаў» у М.П.Фуко, дэструкцыі ў Ж.Дэрыда, «дэзабструкцыі» ў Ф.Везена.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 6, с. 359

ДЭСТРУ́КЦЫЯ ў біялогіі,

працэс разбурэння мёртвага арган. рэчыва (рэшткаў адмерлых арганізмаў) да больш-менш простых неарган. злучэнняў. Ажыццяўляецца дзякуючы дзейнасці рэдуцэнтаў (дэструктараў), у першую чаргу бактэрый і грыбоў, а часткова і як вынік стрававання і экскрэцыі жывёл (кансументаў). У найб. буйным маштабе працэсы Д. ў наземных экасістэмах адбываюцца ў глебе (разбураецца да 90% першаснай прадукцыі арган. рэчыва). Прадукты Д. — неарган. рэчывы — потым зноў выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі.

В.В.Грычык.

т. 6, с. 359

ДЭСТРУ́КЦЫЯ ЛАНДША́ФТАЎ,

парушэнне структуры і стабільнасці ландшафту пад уплывам прыродных або антрапагенных фактараў. Узнікае пры адмоўных зменах балансу ландшафтаўтваральных кампанентаў (напр., у выніку эрозіі і дэградацыі глеб, рэкрэацыйнай дыгрэсіі мясцовасці, нерацыянальнага выкарыстання расліннага покрыва, рэзкіх змен воднага рэжыму і інш.), можа завяршыцца дэградацыяй ландшафтаў. З’явы Д.л. назіраюцца пры парушэнні тэхналогіі меліярацыйнага буд-ва, у месцах інтэнсіўнай распрацоўкі мінер. рэсурсаў, у наваколлі вял. прамысл. прадпрыемстваў. Вакол нас. пунктаў, у зялёных зонах, зонах адпачынку працэсы Д.л. развіваюцца ад празмерных і нерэгуляваных рэкрэацыйных нагрузак. Захаванне прынцыпу рац. прыродакарыстання і аховы прыроды, дакладны разлік параметраў магчымых шкодных уплываў і папярэджанне іх прадухіляюць Д.л.

т. 6, с. 359

ДЭСТРУ́КЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,

разбурэнне макрамалекул пад уздзеяннем цяпла, кіслароду, святла, іанізуючай радыяцыі, мех. напружання, біял. і інш. знешніх фактараў. Пагаршае ўласцівасці палімераў ці выклікае разбурэнне вырабаў з іх. Для барацьбы з Д.п. распрацаваны метады стабілізацыі палімераў.

Д.п. выклікае звычайна адначасовае ўздзеянне некалькіх знешніх фактараў, напр., пры эксплуатацыі на палімерныя вырабы ўздзейнічаюць святло, кісларод і вільгаць паветра, шматразовыя дынамічныя нагрузкі і інш. Пры Д.п. разрываюцца хім. сувязі ў макрамалекулах, што прыводзіць да памяншэння малекулярнай масы і змянення будовы. Часам дэструкцыя суправаджаецца дэполімерызацыяй (рэакцыя, адваротная полімерызацыі) — паслядоўным адшчапленнем малекул манамера ад макрарадыкала ці інш. актыўнага палімернага цэнтра. Гэты працэс найб. характэрны для палімераў, якія маюць чацвярцічны атам вугляроду ў ланцугу (напр., поліметылметакрылат). Д.п. адна з прычын старэння палімераў. Д.п. выкарыстоўваюць для палягчэння перапрацоўкі (напр., пластыкацыя каўчуку — шматразовая дэфармацыя на вальцах), выкарыстання (напр., для зніжэння вязкасці эфірацэлюлозных лакаў і эмалей праводзяць дэструкцыю цэлюлозы), а таксама высвятлення хім. будовы палімераў.

М.Р.Пракапчук.

т. 6, с. 359

ДЭТАЛЁВАЙ РАЎНАВА́ГІ ПРЫ́НЦЫП,

агульнае палажэнне статыстычнай фізікі, паводле якога кожны мікраскапічны працэс у раўнаважнай сістэме працякае з той жа скорасцю, што і адваротны яму. Скорасць працэсу ў гэтым выпадку разглядаецца ў статыстычным сэнсе як сярэдняе значэнне скорасці вял. колькасці аднолькавых мікрапрацэсаў. У квантавай тэорыі Д.р.п. выяўляецца ў роўнасці імавернасцей прамога і адваротнага працэсаў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач фіз. і хім. кінетыкі, пры вызначэнні характарыстык квантавых пераходаў і працэсаў сутыкнення атамных і ядз. часціц.

т. 6, с. 359

ДЭТА́ЛІ МАШЫ́Н,

1) асобныя састаўныя часткі і іх найпрасцейшыя злучэнні ў машынах, прыладах, апаратах, прыстасаваннях. Робяцца з аднаго матэрыялу без выкарыстання зборачных аперацый.

Да Д.м. адносяцца валы, восі, спружыны, падшыпнікі, муфты, шпіндэлі, поршні, шасцерні, балты, заклёпкі, шпонкі і інш., а таксама злучэнні (раздымныя — балтовыя, шпоначныя, шліцавыя, клінавыя, профільныя; нераздымныя — зварныя, заклёпачныя, прэсавыя), перадачы (трэннем — фрыкцыйныя і раменныя; счапленнем — зубчастыя, вінтавыя, чарвячныя, ланцуговыя).

2) Навук. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю, разлікі і канструяванне Д.м. Яе задачы: выбар матэрыялаў для вырабу дэталей; наданне дэталям мэтазгодных форм і памераў, якія забяспечваюць трываласць канструкцый; вызначэнне ступені дакладнасці памераў, якасці рабочых паверхняў дэталей; распрацоўка тэхн. умоў на выраб Д.м. і інш. Звязана з механізмаў і машын тэорыяй, супраціўленнем матэрыялаў, матэрыялазнаўствам, тэхнічнай дыягностыкай, надзейнасцю вырабаў, тэхн. чарчэннем.

Літ.:

Детали машин. Расчет и конструирование: Справ. Т. 1—3. 3 изд. М., 1968—69.

т. 6, с. 359

ДЭТАНАВА́ННЕ (ад франц. détonner фальшыва спяваць),

недакладнае па вышыні выкананне муз. гукаў, што парушае ладавыя адносіны і ўспрымаецца як фальш. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваюць пераважна ў галіне вак. мастацтва, дзе ён абазначае паніжэнне ці павышэнне муз. гуку, а таксама пры ігры на струнных і духавых інструментах.

т. 6, с. 359

ДЭТАНА́ТАР (ад франц. détoner узрывацца),

зарад брызантнага выбуховага рэчыва (БВР), прызначаны ўзбуджаць (ініцыіраваць) дэтанацыю ў асн. зарадзе прамысл. (падрыўнога) выбуховага рэчыва або ў боепрыпасах (артыл. снарадах, мінах, бомбах, баявых частках ракет і інш.). Робіцца ў выглядзе метал. або папяровай гільзы, начыненай БВР. Капсуль-Д. — тонкі метал. або пластмасавы каўпачок з БВР, які стварае пачатковы выбуховы імпульс. Выкарыстоўваецца для ўзбуджэння дэтанацыі ў разрыўных або падрыўных зарадах. Існуюць таксама электрадэтанатары, якія ўзбуджаюць дэтанацыю эл. токам.

т. 6, с. 360

ДЭТАНА́ЦЫЯ,

1) хуткі працэс хім. ператварэння выбуховага рэчыва (ВР), які суправаджаецца выдзяленнем цеплыні і газападобных прадуктаў і распаўсюджваецца са звышгукавой скорасцю (у цвёрдых і вадкіх ВР да 9 км/с).

Пры Д. ўзнікае ўдарная хваля, што сціскае і награвае ВР і стварае ўмовы для працякання хім. рэакцый, энергія якіх у сваю чаргу падтрымлівае ўдарную хвалю і забяспечвае пастаянства скорасці яе распаўсюджвання. Пры Д. імгненна ўтвараецца значная колькасць газаў з высокім ціскам (для тратылу 20 ГПа). Д. выклікаецца дэтанатарам, эл. разрадам і інш. Пры расшырэнні сціснутых прадуктаў адбываецца выбух.

2) Хуткі, блізкі да выбуху працэс гарэння паліўнай сумесі ў поршневых рухавіках унутр. згарання з іскравым запальваннем. Суправаджаецца ўзнікненнем ударных хваль, няўстойлівай работай рухавіка (метал. стук у цыліндры, дымны выкід, перагрэў, знос дэталей і інш.). Узнікае пры неадпаведнасці паліва канструкцыі або рэжыму работы рухавіка. Устойлівасць бензінаў да Д. павышаюць выкарыстаннем антыдэтанатараў.

Да арт. Дэтанацыя. Схема дэтанацыйнай хвалі: 1 — размеркаванне ціску ў хвалі; 2 — фронт ударнай хвалі; 3 — прадукты хімічнай рэакцыі; 4 — зона хімічнай рэакцыі; 5 — выбуховае рэчыва.

т. 6, с. 360