Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭКУПЕРА́ТАР (лац. recuperator які атрымлівае зноў),

цеплаабменны апарат для рэкуперацыі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва. Цеплаперадача ад гарачага цепланосьбіта (газападобных прадуктаў згарання паліва) да халоднага (паветра, газ, вада) адбываецца праз раздзяляльную паверхню (метал. ці керамічную). Адрозніваюць апараты з прама- і процітокам, перакрыжаваным токам цепланосьбіта і камбінаваныя. Бываюць трубчастыя, рабрыстыя, пласціністыя і інш. У Р. падаграваюць газ, паветра (рэкуператыўныя паветранагравальнікі) ці вадкасць. Выкарыстоўваюць у металургічнай і хім. прам-сці, цеплатэхніцы.

т. 13, с. 573

РЭКУПЕРА́ЦЫЯ (лац. recuperatio вяртанне, атрыманне зноў),

1) у цеплатэхніцы — выкарыстанне часткі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва для падагравання паветра, газу ці сілкавальнай вады катлоў. Адбываецца ў рэкуператарах.

2) У электратэхніцы — вяртанне эл. энергіі ў сілкавальную сетку пры тармажэнні эл. машыны. Часцей адбываецца пры тармажэнні электрарухавікоў, што дзейнічаюць пры гэтым у генератарным рэжыме.

3) У хіміі — улоўліванне ці вылучэнне з выкарыстаных сумесей арган. растваральнікаў для паўторнага іх выкарыстання. Для гэтага выкарыстоўваюць, напр., кандэнсацыю пары растваральніку ці паглынанне яго вадкім або цвёрдым сарбентам (гл. Сорбцыя) з наступнай дэсорбцыяй.

т. 13, с. 573

РЭКУРЭ́НТНАЯ ПАСЛЯДО́ЎНАСЦЬ,

паслядоўнасць, кожны член якой, пачынаючы з пэўнага нумара, вылічваецца па рэкурэнтнай формуле; тое, што зваротная паслядоўнасць. Тэрмін «рэкурэнтнасць» увёў А.​Муаўр. Гл. таксама Набліжанае вылічэнне, Паслядоўных набліжэнняў метад.

т. 13, с. 573

РЭКУРЭ́НТНАЯ ФО́РМУЛА,

суадносіны, па якіх можна вылічваць любы член паслядоўнасці па зададзеных значэннях яе папярэдніх членаў. Напр.: an+1 = an + d — арыфметычная прагрэсія, an+1 = anq — геаметрычная прагрэсія. Калі Р.ф. лінейная, то паслядоўнасць, якая задавальняе яе, наз. рэкурэнтнай паслядоўнасцю і задача адшукання такіх паслядоўнасцей аналагічная рашэнню звычайных аднародных лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў з пастаяннымі каэфіцыентамі.

т. 13, с. 573

РЭКУРЭ́НЦЫЯ [ад лац. recurrens (recurrentis) які вяртаецца],

1) паўторнае паяўленне ў працэсе эвалюцыі падобных форм, а ў палеанталогіі — цэлых фларыстычных або фауністычных комплексаў у розных стратыграфічных гарызонтах. З’ява Р. звязана з міграцыяй флор і фаун, якія былі выцеснены з месцаў першапачатковага пасялення і існавалі нейкі час па-за яе межамі, а потым пры аднаўленні адпаведных умоў вярнуліся на былое месца без істотных змен.

2) Паўтор саставу прадуктаў вулканічнага вывяржэння, форм магматычнай дзейнасці, якія адпавядаюць больш раннім стадыям яе эвалюцыі.

т. 13, с. 573

РЭ́КУТ,

адна з назваў ручая Ракутун.

т. 13, с. 573

РЭЛАКСАЦЫ́ЙНЫЯ ВАГА́ННІ,

від аўтаваганняў, якія па форме рэзка адрозніваюцца ад гарманічных ваганняў з-за рассеяння энергіі ў вагальных сістэмах. Узнікаюць пад уздзеяннем дысіпатыўных сіл, напр., сілы трэння ў мех. і актыўнага супраціўлення ў эл. сістэмах. Характэрная асаблівасць Р.в. — немагчымасць іх узнікнення пры адключэнні крыніцы сілкавання ад аўтавагальнай сістэмы.

Рассейванне энергіі вядзе да таго, што энергія, засяроджаная ў адным з двух (ці больш) назапашвальнікаў сістэмы, не перадаецца поўнасцю інш. назапашвальніку, як у сістэмах, дзе адбываюцца гарманічныя ваганні. Калі ў сістэме мае пераважнае значэнне толькі адзін з энергаёмістых параметраў (напр., ёмістасць пры нязначнай індуктыўнасці ці жорсткасць спружыны пры малой масе), то кожны перыяд Р.в. можна падзяліць на некалькі рэзка размежаваных прамежкаў часу, якія адпавядаюць павольнай і хуткай змене стану сістэмы, і разглядаць Р.в. ў такіх сістэмах, як разрыўныя ваганні. Эл. Р.в., якія ўтвараюцца, напр., у блокінг-генератарах, мультывібратарах, RC-генератарах, выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, тэлекіраванні і інш.

Да арт. Рэлаксацыйныя ваганні: а — схема рэлаксацыйнага генератара; б — графік змены сілы току ў контуры; E — крыніца току; R — супраціўленне; C — кандэнсатар; Uc — напружанне на кандэнсатары; Ic — ток праз кандэнсатар; Λ — неонавая лямпа.

т. 13, с. 573

РЭЛАКСА́ЦЫЯ (ад лац. relaxatio аслабленне, змяншэнне) у фізіцы, працэс устанаўлення раўнавагі тэрмадынамічнай у макраскапічных фіз. сістэмах (газах, вадкасцях, цвёрдых целах). Залежыць ад характару ўзаемадзеяння часціц сістэмы і з’яўляецца нераўнаважным працэсам, пры якім адбываецца дысіпацыя энергіі і нарастае энтрапія (у замкнутых сістэмах).

З’яўляецца шматступенным працэсам, паколькі не ўсе фіз. параметры сістэмы (размеркаванне часціц па каардынатах і імпульсах, т-ра, ціск і інш.) імкнуцца да раўнавагі з аднолькавай скорасцю. Спачатку ўстанаўліваецца раўнавага па якім-н. адным параметры (частковая раўнавага), што таксама наз. Р. Час устанаўлення раўнавагі (частковай ці поўнай) у сістэме наз. часам Р.

т. 13, с. 574

РЭЛАКСА́ЦЫЯ, расслабленне ў біялогіі,

паніжэнне тонусу шкілетнай мускулатуры, якое праяўляецца паніжэннем рухальнай актыўнасці ці поўнай нерухомасцю (параліч). Бывае пры некат. паталаг. станах, выклікаецца штучна пры скарыстанні рэчываў, што блакіруюць перадачу імпульсу нервовага, і пры наркозе. Распаўсюджванне, ступень і працягласць Р. залежыць ад хім. рэчыва і месца яго ўвядзення. Наркатычныя сродкі ўздзейнічаюць на цэнтр. аддзелы нерв. сістэмы і выклікаюць распаўсюджаную, але няпоўную Р., рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для мясц. анестэзіі, уплываюць на перыферычныя нервы і выклікаюць Р. мясц. і няпоўную. Найб. распаўсюджаная і поўная Р. бывае пры ўвядзенні спец. прэпаратаў — міярэлаксантаў.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 574

РЭЛАКСА́ЦЫЯ АКУСТЫ́ЧНАЯ,

працэс узнаўлення ў асяроддзі раўнавагі тэрмадынамічнай, якая парушана з-за змены ціску і т-ры пры праходжанні гукавой хвалі; неабарачальны працэс. Пры Р.а. энергія гукавой хвалі памяншаецца (адбываецца паглынанне гуку); рэлаксацыя суправаджаецца дысперсіяй (гл. Дысперсія хваль).

Найпрасцейшы від Р.а. — рэлаксацыя ўнутрымалекулярнага ўзбуджэння (адбываецца, напр., у двухатамных ці шмататамных газах, у якіх энергія паступальнага руху малекул у гукавой хвалі пераходзіць у энергію, што звязана з вагальнымі і вярчальнымі ступенямі свабоды малекул). Інш віды рэлаксацыі: структурная ў вадкасцях (акустычная хваля ініцыіруе змену блізкага парадку ў размяшчэнні малекул вадкасці); хім. (пад уздзеяннем гуку зрушваецца раўнавага ў хім. рэакцыі). Адзін з відаў Р.а. у цвёрдым целе — рэлаксацыя розных дэфектаў крышталічнай рашоткі (звязана з рухам дэфектаў пад уздзеяннем мех. напружанняў у пругкай хвалі). Пры распаўсюджванні гуку ў паўправадніках і металах парушаецца раўнаважнае размеркаванне электронаў праводнасці, што таксама прыводзіць да рэлаксацыі. У палімерах, гумах і розных вязкапругкіх асяроддзях назіраецца значная дысперсія скорасці гуку, што звязана з рэлаксацыяй механізма высокай эластычнасці.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 574