РЭКУПЕРА́ТАР (лац. recuperator які атрымлівае зноў),
цеплаабменны апарат для рэкуперацыі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва. Цеплаперадача ад гарачага цепланосьбіта (газападобных прадуктаў згарання паліва) да халоднага (паветра, газ, вада) адбываецца праз раздзяляльную паверхню (метал. ці керамічную). Адрозніваюць апараты з прама- і процітокам, перакрыжаваным токам цепланосьбіта і камбінаваныя. Бываюць трубчастыя, рабрыстыя, пласціністыя і інш. У Р. падаграваюць газ, паветра (рэкуператыўныя паветранагравальнікі) ці вадкасць. Выкарыстоўваюць у металургічнай і хім. прам-сці, цеплатэхніцы.
т. 13, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)