РЭЛАКСА́ЦЫЯ (ад лац. relaxatio аслабленне, змяншэнне) у фізіцы, працэс устанаўлення раўнавагі тэрмадынамічнай у макраскапічных фіз. сістэмах (газах, вадкасцях, цвёрдых целах). Залежыць ад характару ўзаемадзеяння часціц сістэмы і з’яўляецца нераўнаважным працэсам, пры якім адбываецца дысіпацыя энергіі і нарастае энтрапія (у замкнутых сістэмах).
З’яўляецца шматступенным працэсам, паколькі не ўсе фіз. параметры сістэмы (размеркаванне часціц па каардынатах і імпульсах, т-ра, ціск і інш.) імкнуцца да раўнавагі з аднолькавай скорасцю. Спачатку ўстанаўліваецца раўнавага па якім-н. адным параметры (частковая раўнавага), што таксама наз. Р. Час устанаўлення раўнавагі (частковай ці поўнай) у сістэме наз. часам Р.
т. 13, с. 574
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)