Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕ́РПЫ (Pusa),

род млекакормячых жывёл сям. цюленевых атр. ластаногіх. Часам Н. уключаюць як падрод у род цюленяў звычайных (Phoca). 3 віды. Н. кольчатая, або акіба (P. hispida), пашырана ва ўмераных і халодных водах Атл. і Ціхага ак. і ў Паўн. Ледавітым ак. 1 падвід (P.h.saimensis) з воз. Сайма (Фінляндыя) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Н. каспійская, або каспійскі цюлень (P. caspica), жыве ў Каспійскім м., Н. байкальская, або байкальскі цюлень (P. sibirica), — у воз. Байкал. Размнажаюцца на льдах, утвараюць скопішчы.

Даўж. да 1,5 м, маса да 100 кг. Валасяное покрыва густое і высокае. На спіне цёмныя плямы або светлыя кольцы (акрамя Н. байкальскай), часам афарбоўка футра аднатонная. Кормяцца рыбай, ракападобнымі. Ныраюць да глыб. 90 м. Нараджаюць 1 дзіцяня (бялёк). Аб’екты абмежаванага промыслу.

Э.Р.Самусенка.

Нерпы: 1 — кольчатая; 2 — байкальская; 3 — каспійская.

т. 11, с. 293

НЕРСЕСЯ́Н (Рачыя Нерсесавіч) (24.11.1895, г. Ізміт, Турцыя — 6.11.1961),

армянскі акцёр. Нар. арт. СССР (1956). З 1915 удзельнічаў у спектаклях арм. драм. трупы ў Турцыі. З 1923 у Арм. т-ры імя Г.Сундукяна. Мастацтву Н. ўласцівы глыбіня спасціжэння характару, яркая эмацыянальнасць. Сярод роляў: Элізбараў («За гонар» А.Шырванзадэ), Багдасар («Дзядзька Багдасар» А.Параняна), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Бярсенеў («Разлом» Б.Лаўранёва), Макбет, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра) і інш. Здымаўся ў кіно: «Намус» (1925), «Пэпо» (1935), «Зангезур» (1938), «За гонар» (1956), «Пра што шуміць рака» (1959), «Тжужык» (1962). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Ризаев С. Рачия Нерсесян. М., 1968.

т. 11, с. 293

НЕРСЕ́С ШНАРАЛІ́ (1101, крэпасць Цоўк у Кілікіі, цяпер тэр. Турцыі — 13.8.1173),

армянскі паэт, царк. дзеяч. Атрымаў рознабаковую адукацыю ў манастыры Кармір. З 1126 епіскап, з 1166 каталікос Арменіі (Нерсес IV Дабратворны). Пісаў тэксты духоўных гімнаў і малітваў, дыдактычныя вершы, свецкія песні, а таксама музыку да іх. Сістэматызаваў гадавы цыкл стараж.-арм. духоўных песнапенняў, дапоўніў іх уласнымі вобразамі, матывамі. Апрацаваў тэксты Гімнарыя (Шыраканы) і Літурпярыя (Патаракаматуц). Аўтар тэматычна разнастайных паэм: гіст. «Віпасануцюн» (1121), ліра-эпічнай «Элегія на ўзяцце Эдэсы» (1145—46, апубл. 1643), рэліг. «Слова пра веру» (1151) і «Ісус Сын» (1152), дыдактычнай «Пра неба і свяцілы» (1162), празаічнага зб. «Пасланні» (1166, апубл. 1788), вершаваных загадак, набліжаных да фальклору (каля 300). Яго творы прасякнуты гуманіст. і патрыят. пафасам, адметныя шырынёй тэматыкі, непарыўнай сувяззю з вуснай нар. творчасцю.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэзия Армении с древнейших времен до наших дней. Ереван, 1987 [факс. изд.: Ереван, 1916].

А.Казінян.

т. 11, с. 293

НЕ́РСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е.

У Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція, Расія), паміж нагор’ямі Чэрскага на ПнУ, Верхнекалымскім на ПдУ і хр. Сарычава на ПдЗ. Даўж. 130 км, шыр. 50—70 км, выш. 700—1500 м. Складзена з пясчанікаў, алеўралітаў, гліністых сланцаў. Рэдкастойныя лістоўнічныя лясы, зараснікі кедравага сланіка і хмызняковай вольхі, вышэй 1100—1200 м — горныя тундры. Па паўд. схілах — фрагменты стэпавых раслінных асацыяцый.

т. 11, с. 294

НЕ́РУДА ((Neruda) Ян) (9.7.1834, Прага — 22.8.1891),

чэшскі пісьменнік, публіцыст. Вывучаў права і філасофію ў Карлавым ун-це ў Празе. У аснове яго творчасці — перакананні ў прагрэс чалавецтва, што бяруць свае вытокі ў гегельянстве, багацці і пільнасці жыццёвых назіранняў, разнастайным эмацыянальным рэагаванні на іх. Першы паэт. зб. «Могільнікавыя кветкі» (1857). Грамадз., філас. і інтымная лірыка Н. (зб-кі «Кнігі вершаў», 1868; «Касмічныя песні», 1878; «Балады і рамансы», 1883; «Песні перадвелікоднай пятніцы», 1896) адметная арган. спалучэннем лёсу паэта і радзімы, дасканаласцю і натуральнай прастатой. Як празаік выступіў у жанры сац.-быт. апавядання (зб-кі «Арабескі», 1864; «Розныя людзі», 1871). Аўтар цыкла «Маластранскія аповесці» (1878), падарожных нарысаў (кн. «Парыжскія карцінкі», 1863; «Блізкія вандроўкі», 1877), артыкулаў і фельетонаў пра музыку і мастацтва, падзеі грамадскага і культ. жыцця Чэхіі і інш. краін. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў А.Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1959;

Малостранские повести. Рассказы. М., 1983.

Літ.:

Соловьева Я.П. Ян Неруда и утверждение реализма в чешской литературе. М., 1983.

А.У.Вострыкава.

Я.Неруда.

т. 11, с. 294

НЕРУ́НГРЫ,

горад у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. 76,7 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Цэнтр Паўднёва-Якуцкага вугальнага басейна. Здабыча каменнага вугалю. ГРЭС. Рамонтна-мех., электрарамонтны з-ды, домабудаўнічы камбінат. Філіял Якуцкага ун-та. Музей.

т. 11, с. 294

НЕРУХО́МАСЦЬ у праве,

зямля і інш. прыродныя ўгоддзі, якія знаходзяцца ва ўласнасці фіз. і юрыд. асоб, інш. маёмасныя правы на зямлю, а таксама ўсялякая інш. маёмасць, прымацаваная да зямлі і цесна звязаная з ёю (будынкі, збудаванні, заводы і інш.). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ва ўласнасці грамадзян могуць знаходзіцца жылыя дамы, дачы, садовыя домікі, зямельныя ўчасткі, сродкі вытв-сці для вядзення сял. гаспадаркі, індывідуальнай і інш. гасп. дзейнасці. Да Н. можа быць аднесена і інш. маёмасць: прадпрыемствы, маёмасныя комплексы ў сферы вытв-сці тавараў, быт. абслугоўвання, гандлю і ў інш. сферах прадпрымальніцкай дзейнасці, збудаванні, абсталяванне, трансп. сродкі і да т.п. Закон не абмяжоўвае ні колькасці, ні кошту маёмасці, набытай за кошт прац. даходаў грамадзян, акрамя маёмасці, што знаходзіцца ў выключным валоданні дзяржавы.

т. 11, с. 294

«НЕ́РУШ»,

народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ. Створаны ў 1980, у 1985 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Гладкая. Уключае вак.-танц. групу (36 удзельнікаў) і інстр. ансамбль (8 чал.). У рэпертуары аўтэнтычныя бел. нар. песні, музыка, танцы, абрады розных рэгіёнаў Беларусі. Валодае школай нар. спеву з захаваннем рэгіянальных асаблівасцей. Большасць твораў запісана этнамузыколагамі і ўдзельнікамі калектыву ў фалькл.-этнагр. экспедыцыях, у т.л. песні «Ой, ты, сонца да яснае сонейка», «Да повідэмо куста», «Ой, і дай ты мне раду», «Там на лужку, на лужку», полька «Верацяно», «Ацьмінаўская кадрыля», веснавыя карагоды. Ансамбль зрабіў некалькі дзесяткаў запісаў на Бел. радыё, выпусціў кампакт-дыск. Творчасці калектыву прысвечаны фільмы Бел. тэлебачання «Вяселле ў Траецкім» (1989), «Каляда», «Піліпаўка». Лаўрэат і дыпламант рэсп. і міжнар. фалькл. фестываляў і конкурсаў, у т.л. ў Балгарыі (Сафія, 1985, Залаты медаль), Нарвегіі (г. Ф’ёрдэ, 1995), Італіі (г. Віка-Экуэнсе, 1998).

Н.Г.Мазурына.

Фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш».

т. 11, с. 294

НЕ́РЧЫНСКІ ДАГАВО́Р 1689,

мірны дагавор паміж Рас. дзяржавай і маньчжурскім Кітаем (Цынскай імперыяй), які завяршыў рас.-маньчжурскі ваен. канфлікт 1680-х г. з-за прыналежнасці Прыамур’я. Падпісаны 6 вер. каля Нерчынскага астрога (цяпер г. Нерчынск Чыцінскай вобл., Расія). Вызначыў умовы развіцця мірных паліт., дыпламат. і гандл. адносін паміж Расіяй і Кітаем. Расія была вымушана адмовіцца на карысць маньчжураў ад тэр. Албазінскага ваяв.бас. р. Амур), але замацавала за сабой Усх. Сібір. Н.д. заменены Айгунскім дагаворам 1858 і Пекінскім трактатам 1860.

т. 11, с. 294

НЕ́РЫБ,

возера-ў Крупскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Брусята, за 22 км на Пд ад г.п. Крупкі. Пл. 0,3 км2, даўж. 930 м, найб. шыр. 470 м, даўж. берагавой лініі 2,33 км. Пл. вадазбору 31,2 км2. Катлавіна рэліктавага тыпу, размешчана сярод балота. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае. Каналам злучана з р. Брусята.

т. 11, с. 294