Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛЕ́ПКА ў мастацтве,

1) стварэнне скульптуры з мяккіх пластычных матэрыялаў (гліна, воск, пластылін). Існуе як самастойная тэхніка ў дэкар. і арнаментальнай скульптуры, дэкар -прыкладным мастацтве, і як пачатковая стадыя ў працэсе работы скульптара (выкананне эскізаў і мадэлей). Вырабы ствараюцца шляхам ручной фармоўкі з камяка гліны ці інш. матэрыялу або нанясеннем матэрыялу на метал. каркас спец. інструментамі — стэкамі.

2) Рэльефныя выявы (фігурныя, арнаментальныя) на фасадах і ў інтэр’ерах будынкаў, пераважна адлітыя або адпрасаваныя з гіпсу, бетону і інш. матэрыялаў. Пад Л. разумеюць таксама выяўленне аб’ёму, пластычнай формы ў жывапісе і графіцы.

т. 9, с. 209

ЛЕ́ПКІ (Багдан Сільвестравіч) (9.11.1872, с. Крагулец Цярнопальскай вобл., Украіна — 21.7.1941),

украінскі пісьменнік. Праф. Ягелонскага ун-та (1935). Вучыўся ў Венскім, потым у Львоўскім і Кракаўскім ун-тах. З 1899 у Кракаве. Друкаваўся з 1895. Аўтар зб-каў вершаў «Строфы» (1901), «Восень» (1902), «Кніга гора» (1903), «З глыбінь душы» (1905), «Доля» (1917), раманаў «У ціхі вечар» (1923), «Мазепа» (1926—29), аповесцей і апавяданняў. У ранніх творах адчувальны ўплыў дэкадэнцтва (матывы нявер’я, песімізму), некаторыя творы звязаны з асэнсаваннем гіст. лёсу Украіны. Аўтар «Нарыса гісторыі ўкраінскай літаратуры» (1909).

т. 9, с. 209

ЛЕ́ПЛЯ (Еўдакія Сцяпанаўна) (15.3.1927, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 24.11.1976),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р мед. н. (1974), праф. (1975). Скончыла Віцебскі мед. ін-т (1951), працавала ў ім (з 1960 заг. кафедры). Навук. працы па асаблівасцях і механізме ўтварэння лек. устойлівасці ў бактэрый.

Тв.:

Характеристика антибиотикограмм возбудителей дизентерии // Антибиотики. 1968. № 6;

Концентрация пенициллина в крови у больных ревматизмом при введении им бициллина (разам з А.​Л.​Шнчук, З.​С.​Клевановіч) // Здравоохранение Белоруссии. 1968. № 5.

т. 9, с. 209

ЛЕ́ПРА, праказа,

хранічнае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое пашкоджвае пераважна скуру і перыферычную нерв. сістэму. Адкрыта нарв. урачом Г.​Хансенам (1871). Узбуджальнік — мікабактэрыя лепры (палачка); хвароба сустракаецца ў краінах Азіі (Індыі, М’янма, Тайландзе, Паўд. Карэі), экватарыяльнай Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Пранікае ў арганізм чалавека праз пашкоджаную скуру і слізістыя абалонкі органаў дыхання. Інкубацыйны перыяд 4—20 гадоў. Тыпы Л.: лепраматозная, туберкулоідная, недыферэнцыраваная. Пры лепраматознай узнікаюць эрытэматозна-пігментныя плямы, на паверхні якіх фарміруюцца лепромы, у ачагах выпадаюць валасы, у далейшым інфільтрацыя. Пры туберкулоідным тыпе ўзнікаюць плямавыя элементы, дробнапапулёзная высыпка; парушаецца адчувальнасць, адбываецца эрозія эпідэрміса. Недыферэнцыраваны тып праяўляецца эрытэматознымі, ахрамічнымі і гіпахромнымі плямамі з выразнымі межамі, пашкоджваецца перыферычная нерв. сістэма; знікае міміка. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 9, с. 209

ЛЕ́ПТА (ад грэч. lepton дробны, тонкі),

1) старажытнагрэчаская дробная медная манета.

2) Сучасная грэч. дробная манета, роўная ​1/100 драхмы. У абарачэнні знаходзяцца манеты ў 50, 20, 10 і 5 Л.

3) У пераносным сэнсе — уклад у якую-небудзь агульную справу.

т. 9, с. 209

ЛЕПТАМАНА́ДЫ (Leptomonas або Herpetomonas),

род прасцейшых сям. трыпанасамід кл. жгуціканосцаў. Больш за 10 відаў. Паразіты жывёл і раслін. У жывёл паразітуюць у кішэчніку насякомых, чарвей, паўзуноў, крыві рыб, птушак, млекакормячых; у раслін — у млечным соку (малачаевыя, складанакветныя і інш.), вакуолях клетак, выклікаюць захворванне кафейнага дрэва — некроз флаэмы. Пераносчыкі — клапы.

Даўж. 15—30 мкм. Цела тонкае, верацёнападобнае. Жгуцік служыць для перамяшчэння і прымацавання да эпітэлію кішэчніка.

т. 9, с. 209

ЛЕПТАСПІРО́З,

вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл. Узбуджальнікі — лептаспіры, перадаецца ад грызуноў, свойскіх і прамысл. жывёл (лісоў, пясцоў і інш.). Заражэнне адбываецца пры спажыванні прадуктаў ці вады, забруджаных лептаспірамі. У чалавека выяўляецца інтаксікацыяй з паражэннем скуры, нырак, печані, нерв. сістэмы. Адрозніваюць жаўтушны Л. (хвароба Вейла—Васільева) і безжаўтушны Л. (водная ліхаманка). Інкубацыйны перыяд да 20 дзён. Прыкметы: дрыжыкі, болі ў спіне, мышцах, т-ра цела 39—40 °C, галаўны боль, адутлаватасць твару, высыпка на скуры, ірвота, адбываюцца змены ў нырках, печані, нерв. сістэме і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл да Л. схільны буйная раг. жывёла, свінні, козы, свойскія птушкі і інш. Стан жывёл прыгнечаны, у іх павышаецца т-ра цела, рэзка зніжаецца прадукцыйнасць, пры вострым цячэнні хваробы могуць гінуць.

А.​А.​Астапаў.

т. 9, с. 209

ЛЕПТАСПІ́РЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі + speira кручаная лінія),

род аэробных бактэрый сям. спірахет. 2 віды: Л. паразітычныя (L. interrogans) і Л.-сапрафіты (L. biflexa). Л. паразітычныя складаюць 18 сералагічных груп, 124 сератыпы, узбуджальнікі лептаспірозаў. Вылучаны яп. вучонымі Іда, Інада і інш. (1914).

Даўж. да 20 мкм, дыяметр да 0,3 мкм. Складаюцца з асявой ніткі, акружанай цытаплазматычнай спіраллю. Рухомыя. Размнажаюцца папярочным дзяленнем. Патагенныя Л. гінуць пры ўздзеянні прамога сонечнага святла, хім. рэчываў (кіслоты, шчолачы, дэзінфіцыруючыя сродкі), высокай т-ры, але ўстойлівыя да нізкіх т-р, здольныя перазімоўваць у вадаёмах.

т. 9, с. 210

ЛЕПТО́ННЫ ЛІК, лептонны зарад,

квантавы лік, які характарызуе лептоны. Адлюстроўвае захаванне розніцы лікаў лептонаў і антылептонаў адной і той жа сям’і (пакалення) ва ўзаемадзеяннях элементарных часціц. Л.л. роўны 1 для лептонаў, -1 для антылептонаў і 0 для астатніх часціц. Л.л. сістэмы часціц роўны алг. суме Л.л. асобных часціц, якія ўваходзяць у яе састаў, і закон захавання лептонаў зводзіцца да закону захавання Л.л. Існуюць тэарэт. меркаванні, што закон захавання Л.л. з’яўляецца набліжаным, напр., магчымы ўзаемныя пераходы паміж нейтрына розных тыпаў (асцыляцыі нейтрына).

І.​С.​Сацункевіч.

т. 9, с. 210

ЛЕПТО́НЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі),

элементарныя часціцы, якім уласцівы электраслабае ўзаемадзеянне і гравітацыйнае ўзаемадзеянне. Адрозніваюцца ад адронаў, кваркаў і інш. адсутнасцю моцнага ўзаемадзеяння, напр. паміж сабой, паміж Л. і кваркамі. Маюць спін ​1/2 і адносяцца да ферміёнаў. Падзяляюцца на 3 сям’і (пакаленні): электрон і электроннае нейтрына, μ​ мезон і мюоннае нейтрына, τ​ Л. і таоннае нейтрына, а таксама іх антычасціцы (пазітроны, μ​+ мезон, τ​+ Л.) і адпаведныя антынейтрына; з кожнай з гэтых сем’яў звязваюць асобны лептонны лік. Л. не маюць структуры, утвараюць вадародападобныя атамарныя станы тыпу пазітронія, мюонія і інш.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 9, с. 210