ЛЕПТАСПІ́РЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі + speira кручаная лінія),
род аэробных бактэрый сям. спірахет. 2 віды: Л. паразітычныя (L. interrogans) і Л.-сапрафіты (L. biflexa). Л. паразітычныя складаюць 18 сералагічных груп, 124 сератыпы, узбуджальнікі лептаспірозаў. Вылучаны яп. вучонымі Іда, Інада і інш. (1914).
Даўж. да 20 мкм, дыяметр да 0,3 мкм. Складаюцца з асявой ніткі, акружанай цытаплазматычнай спіраллю. Рухомыя. Размнажаюцца папярочным дзяленнем. Патагенныя Л. гінуць пры ўздзеянні прамога сонечнага святла, хім. рэчываў (кіслоты, шчолачы, дэзінфіцыруючыя сродкі), высокай т-ры, але ўстойлівыя да нізкіх т-р, здольныя перазімоўваць у вадаёмах.
т. 9, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)