Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЭСІКА́НТЫ,

хімічныя рэчывы, якія выклікаюць высушванне раслін. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў і эмульсій для дэсікацыі (перадуборачнае высушванне с.-г. раслін), што паскарае паспяванне насення, пладоў, памяншае іх вільготнасць і аблягчае механізаваную ўборку ўраджаю. У якасці Д. звычайна выкарыстоўваюць: рэглон на насенных пасевах морквы, капусты, буракоў, бульбы; раўндап на насенных пасевах гароху, канюшыны, ільну-даўгунцу; хларат магнію Mg(ClO3)2 × 6H2O, хларат-хларыд кальцыю [Ca(ClO3)2 у сумесі з CaCl2] на пасевах бавоўніку, пшаніцы, бульбы, цукр. буракоў і інш.

В.П.Дзеева.

т. 6, с. 358

ДЭСІКА́ЦЫЯ (ад лац. desicco высушваю),

перадуборачнае падсушванне раслін для паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэсіканты, якія разбураюць калоіды пратаплазмы, што рэзка зніжае здольнасць клетак утрымліваць ваду, памяншае колькасць звязанай вады ў расліне і ўзмацняе выпарэнне. Выкарыстоўваюць на пасевах бавоўніку, канапель, сланечніку, рысу, пшаніцы, бульбы, насеннікаў цукр. буракоў і інш.; эфектыўная ў вільготнае надвор’е.

т. 6, с. 358

ДЭСКВАМА́ЦЫЯ (ад лац. desquamo выдаляю луску),

лушчэнне, адслойванне горных парод у выглядзе тонкай акругла-выпуклай лускі (1—2 см). Адбываецца на скалістай паверхні пад уплывам рэзкага вагання т-расн. сутачных). Характэрна ў пустынях і высакагорных раёнах, дзе больш інтэнсіўныя працэсы фізічнага выветрывання.

т. 6, с. 358

ДЭСКРЫ́ПТАР (позналац. descriptor ад describo апісваю),

лексічная адзінка (слова ці словазлучэнне) інфарм.-пошукавай мовы ў ЭВМ. Апісвае асн. сэнсавы змест дакументаў, структуру даных або праграму; служыць таксама для фармулявання інфарм. запыту пры пошуку дакументаў у інфарм.-пошукавай сістэме (гл. Інфармацыйны пошук). У якасці Д. можна выбраць любое (звычайна найб. характэрнае) ключавое слова (групу слоў) ці лічбавы код. Мнагазначным словам адпавядае некалькі Д., сінонімам — адзін Д.

т. 6, с. 358

ДЭСКРЫПТЫ́ЎНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

адзін з трох кірункаў класічнага структуралізму (поруч з Пражскім лінгвістычным гуртком і гласематыкай), што існаваў у 1-й пал. 20 ст. ў ЗША. Меў на мэце распрацаваць строгія фармальныя працэдуры апісання мовы: сфармуляваць кампактныя, несупярэчлівыя і вычарпальныя правілы, з дапамогай якіх у мове паслядоўна вылучаюцца на розных яе ўзроўнях (фаналагічным, марфалагічным, сінтаксічным) адзінкі, класы адзінак, а таксама вызначаюцца сувязі паміж адзінкамі розных узроўняў мовы і паміж адзінкамі аднаго класа. Для выканання гэтых задач у Д.л. распрацаваны 3 прыёмы навук. даследавання мовы: аналіз па непасрэдна састаўляючых, трансфармацыйны метад і гал. спосаб апісання мовы — дыстрыбутыўны метад. Напачатку першыя 2 прыёмы былі скіраваныя на выдзяленне адзінак і на правілы іх камбінавання, а дыстрыбутыўны метад — на выяўленне характару размеркавання адзінак у тэксце; т.ч. браўся пад увагу толькі план выражэння моўных адзінак (іх знешні, фармальны бок) і не разглядаўся іх план зместу (семантычны бок). Зараз выкарыстанне гэтых метадаў абапіраецца і на ўлік семантычных асаблівасцей мовы. Ад Д.л. бяруць пачатак некалькі школ: Іельская (засн. Л.Блумфілдам), звязаная пераважна з фармалізацыяй апісання мовы; Эн Арбарская побач з фармальнымі працэдурамі аналізу ўлічвае і псіхал. фактары ў мове (Ю.Найда, К.Пайк і інш.); генератыўная лінгвістыка даследуе звязны тэкст з дапамогай трансфармацыйнага аналізу і матэм. метадаў (Н.Хомскі і інш.).

Літ.:

Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику Пер. с англ. М., 1959.

Б.А.Плотнікаў.

т. 6, с. 358

ДЭСМАГЕ́Н,

тое, што пракамбій.

т. 6, с. 358

ДЭСМУРГІ́Я (ад грэч. desmos сувязь, павязка + ergon справа),

вучэнне аб павязках і метадах іх накладання пры пашкоджаннях і хваробах.

т. 6, с. 358

ДЭСО́РБЦЫЯ (ад дэ... + сорбцыя),

выдаленне з вадкасцей ці цвёрдых цел рэчываў, якія яны паглынулі пры абсорбцыі і адсорбцыі; працэс, адваротны адсорбцыі. Д. робяць награваннем адсарбенту, зніжэннем ціску над ім, апрацоўкай яго растваральнікамі. Выкарыстоўваюць у прам-сці для рэгенерацыі гетэрагенных каталізатараў, атрымання розных рэчываў (пры рэкуперацыі).

т. 6, с. 358

ДЭСПАТЫ́ЗМ (ад грэч. despoteia неабмежаваная ўлада),

форма неабмежаванай, абсалютнай, самадзяржаўнай улады, для якой уласціва поўнае самавольства, самаўпраўства, грубае і жорсткае падаўленне волі падданых і іх бяспраўе. Д. асабліва характэрны для абсалютных манархій (гл. таксама Дэспатыя).

т. 6, с. 358

ДЭСПАТЫ́Я,

тое, што дэспатызм, адна з форм дыктатуры. Была пашырана ў стараж.-ўсх. (Асірыя, Вавілонія, Егіпет, Індыя, Іран, Кітай і інш.) і сярэдневяковых краінах — Багдадскім (Абасідаў) халіфаце (8—9 ст.), Візант. імперыі (да 12 ст.), Асманскай імперыі (14—16 ст.), дзяржаве Вялікіх Маголаў у Індыі (16—17 ст.) і інш. У цяперашні час у пераносным сэнсе ўжываецца вытворнае ад Д. слова «дэспат», якім пазначаюць самаўладнага, бязлітаснага чалавека, які не лічыцца ні з чыімі думкамі і жаданнямі.

т. 6, с. 358