Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЗАБА́РЫ (ад іза... + грэч. baros цяжар, вага),

1) ізалініі атмасфернага ціску.

2) Лініі, якія адлюстроўваюць раўнаважны ізабарны працэс на тэрмадынамічнай дыяграме стану. Ураўненне І. ідэальнага газу: V/T=const, дзе V — аб’ём, T — т-ра.

3) Атамныя ядры розных хім. элементаў з аднолькавым масавым лікам. Маюць розныя колькасці пратонаў і нейтронаў, аднак іх агульная колькасць аднолькавая. Гл. Ядро атамнае.

т. 7, с. 174

ІЗАБА́ТЫ (ад іза... + грэч. bathos глыбіня),

лініі на геаграфічных, батыметрычных і інш. картах, якія праходзяць па кропках з аднолькавымі значэннямі глыбінь вадаёмаў. Адлюстроўваюць падводны рэльеф.

т. 7, с. 174

ІЗАБЕ́ЛА (Isabel; 22.4.1451, г. Мадрыгал-дэ-лас-Альтас-Торэс, Іспанія — 26.11.1504),

каралева Кастыліі з 1474, каралева Іспаніі з 1479—1504. Дачка караля Хуана II. Шлюб І. ў 1469 з Фердынандам (з 1479 кароль Арагона) прывёў да дынастычнай уніі Кастыліі з Арагонам і фактычнага аб’яднання Іспаніі. У гады яе праўлення буйныя феадалы страцілі паліт. самастойнасць, картэсы — былое значэнне, абмежаваны правы гар. камун; паліт. лад у Іспаніі наблізіўся да абс. манархіі. Пры І. завершана Рэканкіста, праводзіліся экспедыцыі Х.Калумба. Рэліг. палітыка І. вызначалася фанатызмам і нецярпімасцю (заснаванне інквізіцыі ў 1480, выгнанне іудзеяў у 1492 і арабаў-мусульман у 1502 і інш.).

т. 7, с. 174

ІЗАБЕ́ЛІН,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ваўкавыск—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ваўкавыск, 115 км ад Гродна. 727 ж., 260 двароў (1997).

Вядомы з 1-й пал. 16 ст. пад назвай Петуховічы (потым Петухова). У 16—19 ст. уладанне Яновічаў, Клочкаў, Дарагастайскіх, Сапегаў, Флемінгаў, Грабоўскіх, Стравінскіх і інш. З 1690 мястэчка. З сярэдзіны 18 ст. наз. І. (у гонар дачкі Я.Флемінга Ізабелы). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзепскай губ. У 1815—73 існавала суконная мануфактура. У 1897—820 ж., 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сінагога, вучылішча, 5 крам, 4 кірмашы на год. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Ваўкавыскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі расстралялі 31 жыхара вёскі. У 1971—527 ж., 195 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Міхайлаўская царква (канец 18 ст.) і Петрапаўлаўскі касцёл (1778).

т. 7, с. 174

ІЗАБЕ́ЛІНСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1815—73 у маёнтку Ізабелін (цяпер вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл.). У 1815 вырабляла байку, з 1827 — рознакаляровыя сукны. Мела 8 вадзяных рухавікоў. У 1873 дзейнічалі паравы рухавік, 50 ткацкіх станкоў, 2 валюшныя, 10 прадзільных і 31 інш. машына, працаваў 51 рабочы.

т. 7, с. 174

ІЗАБУТЫ́ЛАВЫ СПІРТ,

гл. ў арт. Бутылавыя спірты.

т. 7, с. 174

ІЗАБУТЫЛЕ́Н,

гл. ў арт. Бутэны.

т. 7, с. 174

ІЗАГА́МІЯ (ад іза... + ...гамія),

тып палавога працэсу, пры якім палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца, маюць аднолькавыя знешнія памеры (марфалагічныя рысы), аднак розныя біяхім. і фізіял. ўласцівасці. Палавое размнажэнне на першых этапах свайго эвалюц. развіцця праяўляецца ў больш прымітыўным выглядзе. Пры іх зліцці ўтвараецца зігота, з якой развіваецца новы даччын арганізм. Пашырана ў аднаклетачных водарасцей, ніжэйшых грыбоў і ў многіх прасцейшых, адсутнічае ў мнагаклетачных жывёл. Гл. таксама Аагамія, Анізагамія, Гетэрагамія.

т. 7, с. 174

ІЗАГІЕ́ТЫ (ад іза... + грэч. hyetos дождж),

ізалініі колькасці ападкаў за адзінку часу або сярэдніх шматгадовых сум ападкаў за месяц або год.

т. 7, с. 174

ІЗАГІ́ПСЫ (ад іза... + грэч. hypsos вышыня),

тое, што гарызанталі.

т. 7, с. 174