ІЗАБЕ́ЛІН,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ваўкавыск—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ваўкавыск, 115 км ад Гродна. 727 ж., 260 двароў (1997).
Вядомы з 1-й пал. 16 ст. пад назвай Петуховічы (потым Петухова). У 16—19 ст. уладанне Яновічаў, Клочкаў, Дарагастайскіх, Сапегаў, Флемінгаў, Грабоўскіх, Стравінскіх і інш. З 1690 мястэчка. З сярэдзіны 18 ст. наз. І. (у гонар дачкі Я.Флемінга Ізабелы). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзепскай губ. У 1815—73 існавала суконная мануфактура. У 1897—820 ж., 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сінагога, вучылішча, 5 крам, 4 кірмашы на год. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Ваўкавыскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі расстралялі 31 жыхара вёскі. У 1971—527 ж., 195 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Міхайлаўская царква (канец 18 ст.) і Петрапаўлаўскі касцёл (1778).
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)