Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕРВО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,

група захворванняў анімальнай (цэнтр. і перыферычнай) і вегетатыўнай нерв. сістэм. Бываюць прыроджаныя і набытыя, спадчынныя і няспадчынныя. Набытыя і няспадчынныя Н.х. абумоўлены біял. (вірусы, мікробы, рыкетсіі, грыбкі, жывыя паразіты), траўматычнымі, таксічнымі, алергічнымі, радыенукліднымі і інш. ўздзеяннямі. Асобна вылучаюць пухліны і сасудзістыя захворванні нерв. сістэмы. Умоўна Н.х. падзяляюць на арган. (у аснове структурныя змены розных аддзелаў нерв. тканкі) і функцыян. (абумоўлены вострымі і хранічнымі псіхатраўміруючымі ўздзеяннямі — неўрозы, што ўзнікаюць пры мінім. выражаных марфал. расстройствах). Бываюць інфекц. хваробы нерв. сістэмы, сасудзістыя захворванні (найб. пашыраны, напр., інсульт — адна з гал. прычын інваліднасці і смяротнасці насельніцтва). Праяўляюцца суб’ектыўнымі (скаргі на галаўны боль, галавакружэнне, дваенне ў вачах, моташнасць, ірвота і інш.) і аб’ектыўнымі парушэннямі ў выглядзе паралічоў і парэзаў рук і ног, мышачных атрафій, парушэнняў каардынацыі рухаў і інш. Лячэнне Н.х. комплекснае: тэрапеўт. ў спалучэнні з фізіятэрапіяй, псіхатэрапіяй, санаторна-курортным лячэннем; у некат. выпадках — нейрахірург. аперацыі. Выкарыстоўваюць таксама нетрадыц. метады (напр., гамеапатыя).

Літ.:

Болезни нервной системы: Руководство для врачей. Т. 1—2. М., 1995;

Марков Д.А Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973;

Шанько Г.Г. Болезни нервной системы у детей: Мед. книга для родителей: В 3 т. Т. 1. Эпилепсия и припадки у детей. Мн., 1996.

Г.Г.Шанько.

т. 11, с. 292

НЕРВО́ВЫ І́МПУЛЬС,

гл. Імпульс нервовы.

т. 11, с. 292

НЕРВО́ВЫ ЦЭ́НТР,

сукупнасць лакалізаваных у нервовай сістэме нейронаў, якая прымае ўдзел у ажыццяўленні рэфлексу або функцыі арганізма. У склад Н.ц. ўваходзяць ад некалькіх нейронаў (напр., сардэчны ганглій ракападобных мае 9 нейронаў) да некалькіх тысяч і мільёнаў (напр., у высокаарганізаваных жывёл). Адрозніваюць Н.ц. ядзерныя, якія кампактна размешчаны ў восевай ч. нерв. сістэмы, падсумоўваюць масавую інфармацыю, і экранныя, сабраныя ў асобныя слаі, аналізуюць дыскрэтную інфармацыю. Нейроны Н.ц., звязаныя ўзбуджальнымі і тармазнымі сінапсамі, утвараюць складаныя комплексы, т. зв. нейронныя сеткі. У кожны Н.ц. па нерв. валокнах ад органаў пачуццяў або іншых Н.ц. паступае інфармацыя ў выглядзе імпульсаў нервовых, перапрацоўваецца і камандныя імпульсы пасылаюцца да іншых Н.ц. або перыферычных органаў. Каардынаваная дзейнасць Н.ц., якія ўваходзяць у іерархічную сістэму рэгуляцыі, забяспечвае дакладнае выкананне пэўнай складанай функцыі і яе прыстасавальны характар. Гл. таксама Нервовая сістэма.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 292

НЕ́РВЫ (лац. nervus ад грэч. neuron нерв, жыла),

цяжы нервовай тканкі, што звязваюць мозг і нервовыя вузлы з інш. тканкамі і органамі цела. Утвораны пучкамі нерв. валокнаў — адросткамі нейронаў (аксоны разам з іх абалонкамі), якія праводзяць нерв. імпульс. Звычайна Н. маюць 10​3—10​4 валокнаў. Па кожнаму валакну імпульс распаўсюджваецца ізалявана. Адрозніваюць Н. чуллівыя (аферэнтныя, цэнтраімклівыя), рухальныя (эферэнтныя, цэнтрабежныя) і змешаныя. У пазваночных жывёл і чалавека ад галаўнога мозга адыходзяць чэрапнамазгавыя нервы, ад спіннога — спіннамазгавыя нервы. Некалькі суседніх Н. утвараюць нерв. спляценні (сеткавыя злучэнні нерв. валокнаў, якія забяспечваюць чуллівую і рухальную інервацыю скуры, шкілетных мышцаў і ўнутр. органаў пазваночных жывёл і чалавека). Паводле характару інервацыі органаў Н. класіфікуюць на вегетатыўныя і саматычныя. Іх сукупнасць утварае перыферычную нерв. сістэму.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 292

НЕРВЮ́РА (франц. nervure ад лац. nervus жыла, сухажылле),

1) у архітэктуры — арка з абчасаных клінападобных камянёў або цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткавага, зорчатага і інш. форм скляпення; тое, што гурт. Найб. пашыраны ў архітэктуры готыкі. Складалі аснову каркаснай канструкцыі перакрыцця, перадаючы нагрузку ад скляпенняў на слупы, патоўшчаныя часткі сцен, контрфорсы, аркбутаны, лапаткі і інш. У выніку выкарыстання Н. аблегчылася канструкцыя перакрыцця. У позняй готыцы Н. ўтваралі на скляпеннях (веерных, зорчатых, сотавых і інш.) разнастайныя складаныя ўзоры.

2) У лятальных апаратах — элемент папярочнага сілавога набору крыла, апярэння і інш. нясучых частак, што звязвае ў адно цэлае элементы падоўжнага набору (ланжэроны, стрынгеры) і абшыўку, вызначае аэрадынамічны профіль нясучых паверхняў.

т. 11, с. 292

НЕРЖАВЕ́ЙНАЯ СТАЛЬ,

высакаякасная сталь, устойлівая супраць іржаўлення (карозіі) у атм. умовах, марской і рачной вадзе і некаторых агрэсіўных асяроддзях. Найб. пашырана хроманікелевая (мае 18% хрому і 9% нікелю) і хромістая (13—27% хрому) сталь, звычайна з дабаўкамі інш. элементаў. Хромістая сталь выкарыстоўваецца пераважна як канструкцыйны матэрыял для турбінных лапатак, арматуры крэкінг-установак, рэжучага інструменту, іншыя Н.с. — для вырабу зварачнай апаратуры, што працуе ў агрэсіўных асяроддзях, гарачаўстойлівых і гарачатрывалых канструкцый (для работы пры т-ры 550—800 °C).

т. 11, с. 292

НЕРНСТ ((Nernst) Вальтэр Фрыдрых Герман) (25.6.1864, г. Вамбжэзьна Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 18.11.1941),

нямецкі фізік і фізікахімік, адзін са стваральнікаў фізічнай хіміі. Чл. Берлінскай АН (1905), Лонданскага каралеўскага т-ва (1932). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1926). Скончыў Вюрцбургскі ун-т (1887). З 1891 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1902—33 праф. і адначасова дырэктар Ін-та хіміі (1905—22), Ін-та фізікі (1924—33) Берлінскага ун-та. Навук. працы па фізіцы нізкіх тэмператур, тэрмадынаміцы, тэорыі раствораў, хім. кінетыцы, электрахіміі. Сфармуляваў трэці закон тэрмадынамікі (гл. Нернста тэарэма), адкрыў адну з тэрмамагн. з’яў (гл. Нернста—Этынгсгаўзена эфект). Распрацаваў дыфузійную тэорыю гетэрагенных хім. рэакцый на мяжы падзелу фаз (1904). Атрымаў ураўненне залежнасці электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці ўдзельнікаў электрахім. рэакцыі (ураўненне Н., 1888). Нобелеўская прэмія 1920.

Тв.:

Рус. пер. — Теоретическая химия с точки зрения закона Авогадро и термодинамики. СПб., 1904.

Літ.:

Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

А.І.Болсун.

В.Нернст.

т. 11, с. 293

НЕ́РНСТА ТЭАРЭ́МА,

адно з асн. палажэнняў тэрмадынамікі, якое вызначае характар змены энтрапіі тэрмадынамічнай сістэмы пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Паводле Н.т. прырашчэнне энтрапіі ΔS пры любых абарачальных ізатэрмічных працэсах, што адбываюцца паміж раўнаважнымі станамі пры т-ры, якая набліжаецца да абсалютнага нуля, імкнецца да нуля: lim T0 ΔS = 0 . Устаноўлена В.Нернстам (1906). Вядзе да шэрагу важных тэрмадынамічных вынікаў (напр., недасягальнасць абсалютнага нуля, імкненне цеплаёмістасці і каэфіцыентаў цеплавога расшырэння цвёрдага цела да нуля пры T → 0), таму ў больш агульным сэнсе яе наз. трэцім законам тэрмадынамікі. Мае важнае значэнне ў крыягеннай тэхніцы для дасягнення звышнізкіх т-р і ў фіз. хіміі для разліку хім. раўнавагі.

т. 11, с. 293

НЕ́РНСТА—ЭТЫНГСГА́ЎЗЕНА ЭФЕ́КТ,

узнікненне эл. поля (поля Нернста) у цвёрдых правадніках пры наяўнасці градыента т-ры і перпендыкулярнага да яго магн. поля. Адкрыты ў 1886 В.Нернстам і аўстр. фізікам А.Этынгегаўзенам. Абумоўлены скрыўленнем траекторыі носьбітаў зараду ў магн. полі. Адрозніваюць падоўжны (эл. поле EN накіравана ўздоўж градыента т-ры ▽T) і папярочны (EN перпендыкулярнае ▽T і магн. полю) эфекты. Гл. таксама Гальванамагнітныя з’явы.

т. 11, с. 293

НЕРО́Н Клаўдзій Друз Германік Цэзар

(Nero Claudius Drusus Germanicus Caesar; 15.12.37, г. Анцыо, Італія — 9.6.68),

старажытнарымскі імператар [54—68]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Сын сенатара Гнея Даміцыя Агенабарбы. і Агрыпіны. Усыноўлены імператарам Клаўдзіем (50), ажаніўся з яго дачкой Актавіяй (53). Пасля забойства Клаўдзія абвешчаны імператарам. Да 62 пад уплывам прэфекта прэторыя Бура і свайго б. настаўніка Сенекі правіў у згодзе з сенатам, потым перайшоў да палітыкі рэпрэсій і канфіскацый. Загадаў забіць маці (59), жонку (62), потым прыбліжаных — Сенеку, паэта Лукана, пісьменніка Петронія і інш. Калі ў 64 моцны пажар зруйнаваў б. ч. Рыма, стаў праследаваць яўрэяў і хрысціян, каб адвесці ад сябе падазрэнне ў падпале горада. З 64 публічна выступаў як спявак і акцёр. Пасля здрады прэтарыянскай гвардыі скончыў жыццё самагубствам. Н. прысвечана біяграфія Светонія, некалькі трагедый 19 ст., оперы К.Мантэвердзі, Г.Ф.Гендэля, А.Рубінштэйна і інш.

Літ.:

Светоний Гай Транквилл. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат. М., 1993;

Федорова Е.В. Императорский Рим в ліцах. 2 изд. Смоленск, 1995;

Амфитеатров А.В. Зверь из бездны. Т. 1—2. М., 1996;

Сизек Э. Нерон: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1998.

Нерон.

т. 11, с. 293