НЕРВЮ́РА (франц. nervure ад лац. nervus жыла, сухажылле),
1) у архітэктуры — арка з абчасаных клінападобных камянёў або цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткавага, зорчатага і інш. форм скляпення; тое, што гурт. Найб. пашыраны ў архітэктуры готыкі. Складалі аснову каркаснай канструкцыі перакрыцця, перадаючы нагрузку ад скляпенняў на слупы, патоўшчаныя часткі сцен, контрфорсы, аркбутаны, лапаткі і інш. У выніку выкарыстання Н. аблегчылася канструкцыя перакрыцця. У позняй готыцы Н. ўтваралі на скляпеннях (веерных, зорчатых, сотавых і інш.) разнастайныя складаныя ўзоры.
2) У лятальных апаратах — элемент папярочнага сілавога набору крыла, апярэння і інш. нясучых частак, што звязвае ў адно цэлае элементы падоўжнага набору (ланжэроны, стрынгеры) і абшыўку, вызначае аэрадынамічны профіль нясучых паверхняў.
т. 11, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)