ГЕМБІ́ЦКІ Ібрагім Рафаілавіч
(17.10.1900, Мінск — 1.1.1974),
бел. графік. Скончыў Маскоўскі ін-т выяўл. мастацтва (1938), вучань У.А.Фаворскага. Працаваў у тэхніках ксілаграфіі і каляровай лінагравюры. Сярод твораў выкананыя ў тарцовай гравюры ілюстрацыі да аповесці Я.Коласа «Дрыгва» (1938), серыі «Разгром белапольскіх акупантаў у 1920 г.» (1939—40), «Будынак політэхнічнага інстытута ў Мінску» (1953), «Мінскі жалезабетонны завод» (1958), «Мінскі камвольны камбінат» (1960) і інш. каляровыя лінагравюры «Выган жывёлы на Усход у час вайны», «Веснавая сяўба» (абедзве 1948), «Уборка ўраджаю» (1952). Творы Гембіцкага вылучаюцца ўраўнаважанасцю кампазіцыі, танальным багаццем гравіроўкі.
т. 5, с. 148
ГЕМЕ...,
(ад грэч. hēmi... паў...), першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «палавіна», «напалавіну», напр., геміцэлюлозы, гемізіготнасць.
т. 5, с. 148
ГЕМЕРАФІ́ЛЫ
[ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...філ(ы)],
1) віды арганізмаў, якія жывуць параважна ў згуртаваннях культ. раслін (аграбіяцэнозах). Сярод гемерафілаў шмат пустазелля і шкоднікаў с.-г. раслін, у адносінах да якіх выкарыстоўваецца тактыка знішчэння або абмежавання пашырэння.
2) Віды жывёл і раслін, вобласць пашырэння якіх павялічылася ў выніку гасп. дзейнасці чалавека і ўплыву яго на прыродную расліннасць (напр., пашырэнне культ. раслін). Гл. таксама Гемерафобы.
т. 5, с. 148
ГЕМЕРАФО́БЫ
[ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...фоб(ы)],
1) віды жывых арганізмаў, якія пазбягаюць згуртаванняў культ. раслін. Вял. колькасць гемерафобаў — біяіндыкатары ўмоў навакольнага асяроддзя.
2) Віды жывёл і раслін, што зніклі ці знікаюць у выніку ўздзеяння чалавека на прыроднае асяроддзе і расліннасць. У шэрагу выпадкаў патрабуюцца спец. меры іх аховы ў мэтах захавання генафонду. У флоры Беларусі пад уплывам меліярацыі гемерафобы знікаюць (напр., асобныя віды балотных раслін). Гл. таксама Гемерафілы.
т. 5, с. 148
ГЕМІНІ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Блізнят. Назіраецца ў 1-й пал. снежня, максімум 13—14 снежня. Адзін з найб. актыўных патокаў, што дзейнічаюць штогод. Мае вельмі кароткі перыяд абарачэння вакол Сонца — 1,7 года. Упершыню назіраўся ў 1862.
т. 5, с. 148
ГЕМІЦЭЛЮЛО́ЗЫ
(ад гемі... + цэлюлоза),
група поліцукрыдаў вышэйшых раслін, якія ўваходзяць разам з цэлюлозай у састаў клетачнай сценкі. Найб. пашыраны глюкуранаксіланы, глюкамананы, галактаглюкамананы. Агульная колькасць геміцэлюлозы ў раслінах можа дасягаць 40%. Разам з лігнінам выконваюць функцыю аморфнага цэментуючага рэчыва.
т. 5, с. 148
ГЕМО́ЛІЗ
(ад гема... + ...ліз),
працэс разбурэння чырвоных крывяных цельцаў (эрытрацытаў). У арганізме чалавека і жывёл адбываецца пастаянна як фізіял. працэс гібелі эрытрацытаў, што канчаюць свой жыццёвы цыкл; можа быць паталагічным (гемалітычная хвароба, гемалітычныя анеміі і інш). Эрытрацыты, якія старэюць, і тыя, што маюць дэфекты, разбураюцца ў селязёнцы, няспелыя — у касцявым мозгу, эрытрацыты са значнымі дэфектамі — у печані. Гэта ўнутрыклетачны гемоліз, дзе асн. вытворным з’яўляецца білірубін. Каля 10% эрытрацытаў у норме разбураюцца ўнутры сасудзістага рэчышча, дзе б. ч. гемаглабіну разбураных эрытрацытаў злучаецца са спецыфічным бялком — гаптаглабінам, а лішак трапляе ў ныркі і выдзяляецца з мачой (гемаглабінурыя).
т. 5, с. 148
ГЕМПДЭН,
Хемпдэн (Hampden) Джон (1594, Лондан — 24.6.1643), палітычны дзеяч англ. бурж. рэвалюцыі 17 ст. Стрыечны брат О.Кромвеля. Атрымаў адукацыю юрыста. У 1621 абраны ў парламент, адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі. У 1637 асуджаны за адмову плаціць «карабельны падатак», які ўвёў Карл І. У 1640 абраны ў Доўгі парламент, арыштаваны ў 1634 у ліку пяці лідэраў апазіцыі. У пач. 1-й грамадз. вайны далучыўся да індэпендэнтаў. У бітве пад Чалграў-Філд (18.6.1643) смяротна паранены.
т. 5, с. 149