Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІПСІЛА́НЦІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.12.1792, г. Стамбул — 19.1.1828),

дзеяч грэч. нац.-вызв. руху. Князь, ген.-маёр рас. арміі (1817). У вайну 1812 удзельнічаў у бітвах каля Клясціц і Полацка, у час замежных паходаў рас. арміі 1813—14 падпалк. Гродзенскага гусарскага палка І. вызначыўся ў бітвах каля Баўтцэна і Дрэздэна. З 1816 ад’ютант цара Аляксандра І. У крас. 1820 узначаліў грэч. тайнае т-ва «Філікі Этэрыя», якое мела на мэце вызваленне Грэцыі ад асманскага прыгнёту. У лют. 1821 з невял. атрадам уступіў у Малдавію, дзе ўзначаліў антытур. паўстанне, якое стала сігналам да пачатку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. 19.7.1821 войскі І. разбіты туркамі пад Драгашанамі; уцёк у Аўстрыю, дзе арыштаваны ўладамі. Вызвалены ў 1827.

т. 7, с. 302

І́ПСУІЧ (Ipswich),

горад на ПдУ Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Суфалк. 119 тыс. ж. (1994). Порт у эстуарыі р. Оруэл (Паўночнае м.). Прам-сць: маш.-буд. (пераважна с.-г.), хім., паліграф., мэблевая, швейная, харчовая. Арх. помнікі 15—16 ст.

т. 7, с. 302

І́ПУЦЬ,

рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., Смаленскай і Бранскай абл. Расіі, левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 437 км (у межах Беларусі 64 км). Пл. вадазбору 10 900 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Нядзведзь Клімавіцкага р-на. Асн. прытокі Надва, Унеча (злева), на Беларусі — Няцёша, Харапуць (злева), Ачоса (справа). Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевыя ўчасткі ў Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад г. Сураж да вусця 4—8 км. Пойма двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу, шыр. ад 200 м да 3,5 км. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да мяжы з Расіяй на працягу каля 24 км, ніжэй звілістае, шыр. яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. да 2 м. Замярзае ў 1-й пал. снеж., крыгалом у канцы сак.пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. На рацэ каля в. Цімошкі Клімавіцкага р-на плаціна і сажалка, плаціна ў г. Добруш. Гарады: Сураж (Расія), Добруш.

Рака Іпуць каля Добруша.

т. 7, с. 302