Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІГНА́ЦЬЕЎ (Яўген Аляксеевіч) (н. 11.11.1936, в. Лісіна Гарахавецкага р-на Уладзімірскай вобл., Расія),

бел. мастак кіно, жывапісец, кніжны графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). У 1962—95 на кінастудыі «Беларусьфільм» (у 1987—93 гал. мастак). Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Полымя» (1974), «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), «Чужая бацькаўшчына» (1983, з А.Верашчагіным), «Радуніца» (1985), «Мяне завуць Арлекіна» (1987), «Пад небам блакітным» (1988), «Усё наперадзе» (1990) і інш. Аўтар ілюстрацый да твораў В.Быкава, В.Вольскага, К.Станюковіча, А.Якімовіча; жывапісных работ «Нацюрморт», «Партрэт бабулі» (абодва 1986), «Цёплы вецер», «Змрок», «Мой свет», «Успаміны», «Беларускія журавіны» (усе 1990-я г.), «Прыезд на хутар» (паводле кінафільма «Людзі на балоце», 1994) і інш.

Я.Ігнацьеў. Прыезд на хутар (паводле кінафільма «Людзі на балоце»). 1994.

т. 7, с. 163

ІГНІТРО́Н [ад лац. ignis агонь + (элек)трон],

кіроўны ртутны вентыль з дапаможным пускавым электродам. Дапаможны электрод дазваляе кіраваць пачаткам запальвання асн. дугі і мяняць сярэдняе значэнне сілы току ад найб. да нуля. Выкарыстоўваецца ў магутных выпрамніках току прамысл. частаты, электрапрыводах, зварачных апаратах, цягавых падстанцыях і інш.

т. 7, с. 163

ІГОЛКАЛЯЧЭ́ННЕ, акупунктура,

лячэнне ўколамі з дапамогай спец. іголак; адзін з асн. метадаў кіт. нар. медыцыны (у Кітаі вядомы з 2 ст. да н.э.). Робяць пры хваробах нерв. сістэмы, бранхіяльнай астмы, некат. хваробах унутр. органаў, страўніка, рэўматычных артрытах, алергіі, парушэнні менструальнага цыкла і інш. Кропкі для ўколаў (іх налічваецца больш за 600) выбіраюць у залежнасці ад характару хваробы.

Іголкі (залатыя, сярэбраныя, стальныя) уводзяць на пэўную глыбіню на 5—20 мін.

т. 7, с. 163

ІГО́ЛЬНАГА МЫ́СА ЦЯЧЭ́ННЕ, Агульясава цячэнне,

цёплае паверхневае цячэнне ў Індыйскім ак. каля паўд.-ўсх. берагоў Афрыкі. Утвараецца пры сутоках вод Мазамбікскага і Мадагаскарскага цячэнняў, накіравана на Пд. Скорасць мяняецца ад 0,7 да 3 км/гадз у залежнасці ад пары года. Т-ра вады ад 16 да 27 °C. Салёнасць 35,5‰. Каля 38° паўд. ш. сустракаецца з халодным Заходніх Вятроў цячэннем і пераходзіць у глыбіню акіяна.

т. 7, с. 164

ІГО́ЛЬНЫ МЫС, Агульяс,

самая паўд. канцавая ч. мацерыка Афрыкі (34°52′ паўд. ш. і 19°59′ усх. д.), на тэр. Паўднёва-Афр. Рэспублікі. Названы ў сувязі з назіраннем паблізу ў моры магнітнай анамаліі (партуг. agulha іголка, у дадзеным выпадку стрэлка компаса).

т. 7, с. 164

ІГРАВЫ́ ФІЛЬМ,

гл. Мастацкі фільм.

т. 7, с. 164

ІГРУ́ШКА,

вёска ў Крупскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад горада і 12 км ад чыг. ст. Крупкі, 127 км ад Мінска. 448 ж., 195 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 7, с. 164

ІГРЫ́ШЧА,

народнае зборышча з танцавальна-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. Бярэ пачатак ад масавых забаў язычніцкай абраднасці. Мае глыбокія карані ва ўсходнеслав. фальклоры. Значную ролю ў вызначэнні характару І. адыгралі скамарохі. На Беларусі пашыраны ў паўн., усх. і цэнтр. раёнах, дзе паняцце і сам тэрмін «І.» часта выступае як сінонім вечарынак, вячорак. Асабліва характэрны для святочна-каляднага часу з яго «святымі» («крывымі») вечарамі, калі можна ўсё паказваць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Таму на І. асаблівая роля належыць карнавалізаваным хаджэнням пераапранутых (хадзіць «у гусары», «у цыганы»), гульнявым паказам вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), парадзіраванаму пахаванню з амбівалентнасцю смерці — уваскрэсення ў танцы, гульні, смеху («Бабёр памёр, пашлі хараніць — ажну ён сядзіць...», «у вакно глядзіць, стаіць», «ажну ён за намі бяжыць!»), іншым розным гульням у фанты, выбару пары і інш. («Яшчур», «Халімон», «Зязюля»).

Літ.:

Финдейзен Н.Ф. Очерки по истории музыки в России с древнейших времен до конца XVIII в. Т. 1. М.; Л., 1928;

Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;

Народны тэатр. Мн., 1983.

З.Я.Мажэйка.

т. 7, с. 164

ІГУА́НАВЫЯ, ігуаны (Iguanidae),

сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. Больш за 50 родаў, у т.л. ўласна І. (Iguana), анолісы (Anolis), васіліскі (Basiliscus), рапухападобныя, або рагатыя, яшчаркі (Phrynosoma) і інш., 700 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, на Мадагаскары і некат. астравах Палінезіі. Жывуць у лясах, на дрэвах, у пустынях, гарах, некат. вядуць паўводнае жыццё. 13 відаў і многія падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 2 м. Галава ўкрыта шматлікімі дробнымі шчыткамі. У адрозненне ад агам зубы прымацаваны да ўнутр. паверхні сківіц. Адкладваюць яйцы, ёсць яйцажывародныя. Кормяцца пераважна насякомымі і інш. дробнымі беспазваночнымі; некат. расліннаедныя. Мяса і яйцы ядомыя.

т. 7, с. 164

ІГУАНАДО́НТЫ (Iguanodontidae),

сямейства вымерлых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў; продкі качканосых дыназаўраў. 5 родаў. Рэшткі вядомы з ніжнемелавых адкладаў Зах. Еўропы, Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыкі, на 3 Паўн. Амерыкі і Аўстраліі.

Памеры да 10 м. Самцы і самкі адрозніваліся памерамі. Маглі хадзіць на 2 і на 4 лапах. Чэрап падоўжаны, з невял. вачніцамі. Зубы двухрадныя, як у сучасных ігуанавых яшчарак. Першы палец кісці ператвораны ў шып і выкарыстоўваўся, верагодна, для збору ежы і абароны. Жылі вял. групамі. Вялі паўводны або водны спосаб жыцця. Расліннаедныя.

П.Ф.Каліноўскі.

т. 7, с. 164