ІГУА́НАВЫЯ, ігуаны (Iguanidae),
сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. Больш за 50 родаў, у т.л. ўласна І. (Iguana), анолісы (Anolis), васіліскі (Basiliscus), рапухападобныя, або рагатыя, яшчаркі (Phrynosoma) і інш., 700 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, на Мадагаскары і некат. астравах Палінезіі. Жывуць у лясах, на дрэвах, у пустынях, гарах, некат. вядуць паўводнае жыццё. 13 відаў і многія падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 2 м. Галава ўкрыта шматлікімі дробнымі шчыткамі. У адрозненне ад агам зубы прымацаваны да ўнутр. паверхні сківіц. Адкладваюць яйцы, ёсць яйцажывародныя. Кормяцца пераважна насякомымі і інш. дробнымі беспазваночнымі; некат. расліннаедныя. Мяса і яйцы ядомыя.
т. 7, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)