Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТКАЧО́Ў Уладзімір Віктаравіч (н. 25.1.1947, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974), у 1974—76 і 1978—82 выкладаў у ім. Працуе ў манум.-дэкар. мастацтве, станковым жывапісе. Творы на тэмы рэліг., чарнобыльскую, вечнасці, сучаснасці, мудрасці чалавечага быцця вылучаюцца своеасаблівым адлюстраваннем этычных праблем, перададзеных вострай гратэскавай мовай. Сярод асн. твораў: габелены «Музыка» ў Бел. філармоніі (1976), «Беларусь — край родны» ў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінску, «Беларусь» для пасольства СССР у Вашынгтоне (абодва 1984); вітражы «Песні Беларусі» і «Поры года» ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (абедзве 1978; у сааўт.); жывапісныя палотны «Алегорыя лета» (1978), «Вечнае» (1980), «Карабель», «Тайная вячэра» (абодва 1990), «Вячэрняя рыбная лоўля з канцэртам Вато» (1996), «Прыбыццё», «Галгофа», «Мёртвая рыба» (усе 1997), «Стаўка» (2000), «Спакуса картачных каралёў» (2001), «Новая Галгофа», «Эпіцэнтр развіцця» (абодва 2002), трыпціхі «Ф.​Скарыне прысвячаецца» (1988), «Паўлюк Трус» (1993).

І.​Л.​Чэбан.

У.Ткачоў. Мёртвая рыба. 1997.

т. 15, с. 474

ТКАЧУ́К Аксана Фёдараўна (н. 10.6.1933, С.-Пецярбург),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1958). З 1960 працавала ў ін-це «Мінскпраект», у 1977—83 гал. мастак Мінска, адначасова нам. гал. архітэктара горада. Кіраўнік аўтарскага калектыву праектаў будынкаў Ін-та нар. гаспадаркі (1964—74), жылых дамоў па вул. Старавіленскай (1977—79), будынка Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі ((1981), Палаца культуры вытв. тонкасуконнага аб’яднання (1984), планіроўкі і забудовы мікрараёнаў Ракаўская шаша 6 і 7 у Мінску. Сярод інш. работ (у сааўт.): праекты рэстарана «Журавінка» (1969) у Мінску, рэканструкцый Бел. т-ра імя Я.​Коласа ў Віцебску (1985), будынкаў 19 ст. па вул. Камсамольскай ў Мінску (1999) і інш.

т. 15, с. 475

ТКАЧУ́К Васіль Мітрафанавіч (н. 11.9.1926, в. Мінькаўцы Андрушэўскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працуе ў галіне станковай графікі. Творы адметныя выразнасцю і лаканічнасцю, прасякнуты пачуццём часу: «Стары парк» (1964), «Раўбічы» (1968), «Зіма» (1982), «Зімовая цішыня» і «Хвоі над Нёманам» (абодва 1983), «Партрэт Я.​Купалы» і «Партрэт Я.​Коласа» (абодва 1984—85), «Безыменная вышыня» (1989), «Іней» (1994), «Плошча Перамогі» і «Світанак над Мінскам» (абодва 1996); серыі «На Прыпяці» (1961), «На Палессі» (1962), «Гродзенскі азотнатукавы завод» (1965), «Мінск будуецца» (1961—67), «На будаўніцтве Лукомскай ДРЭС» (1967), «Крэпасць над Бугам» (1961—86), «Стары Мінск» (1975—86), «На радзіме Янкі Купалы» (1980—83), «Сталявары» (1989).

Л.​Ф.​Салавей.

В.Ткачук. «Цярэспальскія вароты». З серыі «Крэпасць над Бугам». 1985.

т. 15, с. 475

ТКАЧЫ́, ткачыкавыя,

група птушак сям. ткачыкавых (Ploceidae) і ўюрковых ткачыкаў (Estrildidae). Найб. вядомыя Т. з родаў: грамадскі (1 від), сапраўдныя (57 відаў), агнявыя (11 відаў), амаранты (6 відаў): амадзіны, астрыльды, удоўкі. Пашыраны ў асн. у субтропіках і тропіках Усх. паўшар’я, пераважна ў Афрыцы. Жывуць на адкрытых ландшафтах. Чародныя, часта каланіяльныя. 4 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела да 30 см, маса да 100 г; хвост ад кароткага да вельмі доўгага. Апярэнне рознае — да ярка чырв. або сіняга. Гнёзды «ткуць» (адсюль назва) з расл. валокнаў. Кормяцца зернем, насякомымі. Многія шкоднікі.

Ткачы: 1 — чорнагаловы ткачык; 2 — каралеўская ўдоўка; 3 — райская ўдоўка; 4 — гранатавы астрыльд; 5 — чырвонагаловая амадзіна; 6 — грамадскі ткачык; 7 — агнявы ткачык; 8 — чырванадзюбы ткачык.

т. 15, с. 475

ТКАЧЭ́НКА Анатоль Панцялеевіч (н. 5.10.1938, г. Кіраўск Луганскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэлекамунікацый і тэлевізійных сістэм. Канд. тэхн. н. (1969), дацэнт (1974). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т сувязі (1962). З 1970 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1992—97 праф.). Навук. працы па пытаннях кабельнага тэлебачання і лічбавага радыё- і тэлевяшчання, валаконна-аптычных лініях сувязі для рэпартажных комплексаў каляровага і кабельнага тэлебачання; па стварэнні дыягнастычных прылад для каляровых тэлевізійных прыёмнікаў. Адзін з аўтараў і навук. рэдактар энцыкл. даведніка «Бытавая радыёэлектронная тэхніка» (1995).

Тв.:

Цветное телевидение. Мн., 1981;

Телевидение и передача изображений. Мн., 1988 (разам з У.​І.​Кірылавым);

Англо-русский словарь по телевидению, аудио- и видеотехнике. 2 изд. Мн., 1999 (разам з У.​М.​Цацуліным).

т. 15, с. 475

ТКАЧЭ́НКА Міхаіл Мікалаевіч (май 1922, г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. — 9.3.1948),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Новасібірскую ваен.

авіяшколу лётчыкаў (1942). У Чырв. Арміі з 1940. На фронце з 1942, удзельнік баёў на Паўн. Каўказе, Украіне, у Крыме, Румыніі, Венгрыі. Камандзір звяна штурмавікоў лейт. Т. да пач. 1944 зрабіў 103 баявыя вылеты, за час вайны — 150, удзельнічаў у 7 паветр. баях, збіў самалёт праціўніка.

М.М.Ткачэнка.

т. 15, с. 475

ТКАЧЭ́НКА Нінель Аляксандраўна (н. 21.11.1928, г. Харкаў, Украіна),

украінская і бел. спявачка (драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1964). Скончыла Харкаўскую кансерваторыю (1958). З 1958 салістка опернай студыі Кіеўскай кансерваторыі і Львоўскага т-ра оперы і балета, з 1962 Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1968 — Адэскага т-ра оперы і балета, з 1981 Маскоўскай філармоніі. Валодае моцным рухомым голасам шырокага дыяпазону; яе выканальніцкая манера спалучае вял. ўнутр. эмацыянальнасць з вонкавай стрыманасцю. Сярод выкананых партый класічнага і сучаснага рэпертуару на бел. сцэне: Касандра («Арэстэя» С.​Танеева), Дэздэмона, Аіда, Леанора («Атэла», «Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Марына («Кастрычнік» В.​Мурадэлі), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні). Вяла канцэртную дзейнасць. Лаўрэат 2-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1962).

Літ.:

Черкашина М. Голоса молодых // Сов. музыка. 1964. № 11;

Ракава А.Я. Нінэль Ткачэнка // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Н.А.Ткачэнка.
Н.Ткачэнка ў ролі Яраслаўны.

т. 15, с. 476

ТКАЧЭ́НКА Уладзімір Аляксандравіч (н. 30.10.1948, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). З 1979 кіруе студыяй пры Палацы культуры Мінскага трактарнага з-да. Працуе ў жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта. Лірычныя інтанацыі арганічна з’яднаны з эпічнасцю мыслення і філас.-маст. спасціжэннем духоўнасці. Сярод твораў; «Стары Мінск» (1976), «Край азёр і балот», «Шумяць дубы», «Іней» (усе 1978), «Песня восені» (1979), «Квітнее май», «У партызаны», «Залатыя палі» (усе 1980), «Лена», «Цвітуць лугі», «Ноч на лясным возеры» (усе 1981), «Снежань» (1984), «Асенні спакой», «Мы з вечнасцю будзем нароўні» (абодва 1985), «Бацькаўшчына» (1986—87), «Ефрасіння Полацкая» (1987—89), «Апошняе цяпло» (1989—91), «Малітвы» (1991), «Звон» (1991—92), «Божы след» (1994), «Цішыня», «На зямлі мір» (абодва 1996—97), «Жніво» (1998), «Шэпт камянёў» (1999), «Пакаянны канон», «Карункі восені», «Квітнеючы май» (усе 2001), «Радзіма» (2002).

Л.​Ф.​Салавей.

т. 15, с. 476

ТКАЧЭ́НКА Уладзімір Мікалаевіч (н. 11.3.1953, г. Лебядзін Сумскай вобл., Украіна),

бел. скрыпач, гітарыст, кампазітар-аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1977). З 1977 у ансамблі «Песняры», з 1985 у джазавым квінтэце пад кіраўніцтвам І.​Сафонава, з 1987 артыст і аранжыроўшчык Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.​Фінберга. Сярод твораў: для эстр.-сімф. арк. «Сюіта на тры беларускія тэмы» (1989), «Сімфонія» Бітлз (1997), «Сімфонія» Песняроў (2001); п’есы для камернага арк., джаз-ансамбля, сола для электрагітары (якія выконваюцца нетрадыц. спосабам гуказдабывання). Аўтар аранжыровак для фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» (1992—2002), Маладзечанскага фестывалю беларускай песні і паэзіі (1993, 1995, 1998, 2001), тэлеконкурсу «Ступень да Парнаса» (1994), забаўляльных тэлеперадач у Італіі (1988—92) і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

У.Ткачэнка. Шэпт камянёў. 1999.

т. 15, с. 476