ТКАЧЭ́НКА Нінель Аляксандраўна (н. 21.11.1928, г. Харкаў, Украіна),
украінская і бел. спявачка (драм. сапрана). Нар.арт.СССР (1964). Скончыла Харкаўскую кансерваторыю (1958). З 1958 салістка опернай студыі Кіеўскай кансерваторыі і Львоўскага т-ра оперы і балета, з 1962 Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1968 — Адэскага т-ра оперы і балета, з 1981 Маскоўскай філармоніі. Валодае моцным рухомым голасам шырокага дыяпазону; яе выканальніцкая манера спалучае вял.ўнутр. эмацыянальнасць з вонкавай стрыманасцю. Сярод выкананых партый класічнага і сучаснага рэпертуару на бел. сцэне: Касандра («Арэстэя» С.Танеева), Дэздэмона, Аіда, Леанора («Атэла», «Аіда», «Трубадур» Дж.Вердзі), Марына («Кастрычнік» В.Мурадэлі), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні). Вяла канцэртную дзейнасць. Лаўрэат 2-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1962).
Літ.:
Черкашина М. Голоса молодых // Сов. музыка. 1964. № 11;
Ракава А.Я. Нінэль Ткачэнка // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.