Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІНА́П АРЛО́ЎСКІ,

позназімовы сорт яблыні. Выведзены ва Усерас. НДІ селекцыі пладовых культур скрыжаваннем сартоў Сінап паўночны і Памяць Мічурына. На Беларусі ўключаны ў Дзярж. рэестр для выкарыстання ў вытв-сці паўсюдна.

Дрэва буйнарослае, з круглаватай кронай сярэдняй гушчыні. Сорт ураджайны, сярэднеўстойлівы да грыбных хвароб. Плады вышэй сярэдняй велічыні (каля 150 г), круглавата-канічнай формы. Скурка зялёна-жоўтая, ярка-чырв. з сонечнага боку. Мякаць зеленаватая, сакавітая, прыемнага кісла-салодкага смаку. Збор пладоў у вер.; захоўваецца да красавіка.

З.​А.​Казлоўская.

т. 14, с. 395

СІНА́ТРА (Sinatra) Фрэнк, сапр. імя Фрэнсіс Альберт; 12.12.1915, г. Хобакен, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 1998),

амерыканскі эстрадны спявак, кінаакцёр. У 1936 узначаліў створаны ім вак. ансамбль «Хобакенская чацвёрка». З 1939 саліст джазавага аркестра Х.​Джэймса, аркестра пад кіраўніцтвам Т.​Дорсі. У 1940—70-я г. выступаў з буйнымі амер. джазавымі аркестрамі, у т. л. пад кіраўніцтвам Дз.​Элінгтана. Яго выканальніцкі стыль разнастайны: ад інтымнай манеры «крулінг» да «свінга». У рэпертуары сентыментальныя балады, песні з мюзіклаў, папулярныя песні амер. кампазітараў Дж.​Стайна, Б.​Бакрака, Р.​Мак-Кэна і інш. З 1941 здымаўся ў кіно (больш за 40 фільмаў), у т. л. «Ночы Лас-Вегаса», «Дом, у якім я жыву», «Ад сёння і на векі вечныя» (абодва прэмія «Оскар»), «Чалавек з залатой рукой», «Дэтэктыў», «Першы смяротны грэх». Рэжысёр фільма «Толькі храбрэц» (1964). Меў уласную грамафонную кампанію. Спец. прэмія «Оскар» 1971.

т. 14, с. 395

СІ́НА-ТЫБЕ́ЦКІЯ ГО́РЫ, Сычуаньскія Альпы, Хуандуаньшань,

у Кітаі. Даўж. каля 750 км, шыр. да 400 км. Выш. ад 5000—6500 м на З да 1000—1200 м на У, найб. выш. 7590 м (г. Гунгашань). Утвараюць усх. ўступ Тыбецкага нагор’я, на мяжы з раўнінамі і нізкагор’ямі Усх. Кітая, з’яўляюцца мяжой Сычуаньскай катлавіны. Падзяляюцца на шэраг субмерыдыянальных хрыбтоў, парэзаных глыбокімі падоўжнымі цяснінамі рэк Салуін, Меконг, Янцзы ў іх верхніх цячэннях (глыб. ўрэзу да 3000 м). Хрыбты пераважна стромкасхілыя, з рэзкімі скалістымі водападзельнымі грабянямі. Горы — частка стараж. платформы, якая актывізавалася мезазойскімі рухамі; расчлянёна разломамі на шэраг блокаў, складзеных з гнейсаў, крышт. сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў. Перыферыйныя грады, якія далучаюцца да Сычуаньскай катлавіны, складзены з базальтаў і асадкавых тоўшчаў. Горы сейсмічныя. Радовішчы жал. руды, золата, медзі. Ледавікі. Субтрапічны клімат зах. ускраіны Сычуаньскай катлавіны з вышынёй рэзка пераходзіць да кантынент. клімату Тыбецкага нагор’я. Каля паўд. падножжаў гор — 1200 мм ападкаў (максімум летам), на наветраных схілах — больш за 2000 мм, па меры набліжэння да Тыбецкага нагор’я — да 600 мм за год. Да выш. 2000 м субтрапічныя вечназялёныя лясы з эндэмікамі, якія з вышынёй пераходзяць у мяшаныя лясы; у адкрытых на Пд далінах трапляецца ціс. На выш. 2000—4000 м пераважаюць хвойныя (гал. ч. піхтавыя, радзей яловыя) лясы, вышэй за 4000 м размешчаны альпійскія лугі і стэпы.

т. 14, с. 395

СІ́НА-ТЫБЕ́ЦКІЯ МО́ВЫ,

гл. Кітайска-тыбецкія мовы.

т. 14, с. 395

СІНГ ((Synge) Рычард Лоўрэнс Мілінгтан) (28.10.1914, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 1994),

англійскі біяхімік, адзін з заснавальнікаў аналіт. хіміі бялкоў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1950). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1936). З 1941 у Асацыяцыі шарсцяной прам-сці, з 1943 у Лістэраўскім ін-це ў Лондане, з 1948 — у Роўэцкім даследчым ін-це ў г. Абердзін, у 1967—76 у Ін-це прадуктаў харчавання г. Норыдж. Навук. працы па выдзяленні і раздзяленні біялагічна актыўных злучэнняў. Распрацаваў метады размеркавальнай храматаграфіі на паперы (1944). Нобелеўская прэмія 1952 (разам з А.Д.​П.​Марцінам).

Р.Сінг.

т. 14, с. 395

СІНГАМІ́Я,

тое, што апладненне.

т. 14, с. 396

СІНГАНІ́Я (ад грэч. syn разам + gonia вугал),

крышталеграфічная сістэма, сукупнасць крышталёў, элементарныя ячэйкі якіх характарызуюцца аднолькавымі сіметрыяй крышталёў і крышталеграфічнай сістэмай восей каардынат. Паводле суадносін паміж даўжынямі рэбраў (a, b, c) і вугламі (α, β, γ), ячэйкі адрозніваюць 7 С. (32 віды сіметрыі): кубічная (a=b=c, α=β=γ=90°), мае 5 відаў (груп, класаў) сіметрыі; тэтраганальная (а=b≠с, α=β=γ=90°), 7 відаў; гексаганальная (a=b≠c, α=β=90°, γ=120°), 7 відаў; трыганальная (a=b=c, α=β=γ≠90°), 5 відаў; рамбічная (a≠b≠c, α=β=γ=90°), 3 віды; манаклінная (a≠b≠c, α=γ=90°, β≠90°), 3 віды; трыклінная (a≠b≠c, α≠β≠γ≠90°), 2 віды сіметрыі. Часам вылучаюць 2 падсінганіі гексаганальнай С. — трыганальную і гексаганальную. С. групуюцца ў 3 катэгорыі: вышэйшая (кубічная), сярэдняя (тэтраганальная, гексаганальная, трыганальная) і ніжэйшая (рамбічная, манаклінная, трыклінная). Крышталі ніжэйшай катэгорыі найменш сіметрычныя, характарызуюцца некалькімі адзінкавымі напрамкамі (не менш за 3). сярэдняй — адным адзінкавым напрамкам, вышэйшай — найб. сіметрычныя, не маюць адзінкавых напрамкаў. З дапамогай С. вызначаюць мінералы і інш. крышт. рэчывы. Каля 38% мінералаў крышталізуюцца ў трыкліннай і манакліннай, 23% — у рамбічнай, 10% — у трыганальнай, 7,5% — у гексаганальнай, 9,5% — у тэтраганальнай, 12% — у кубічнай сінганіях.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 396

СІНГАПУ́Р (малайскае Singapura, англ. Singapore),

Рэспубліка Сінгапур (малайскае Republik Singapura, англ. Republic of Singapore), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на в-ве Сінгапур (пл. 570 км²) і прылеглых дробных астравах (каля 50), каля паўд. берагоў п-ва Малака. Джахорскім прал. (перасечаны дамбай з чыгункай, шашой і магістральным водаправодам) аддзелены ад тэр. Малайзіі, Сінгапурскім — ад Інданезіі. Пл. 648 км². Нас. 4151,3 тыс. чал. (2000). Дзярж. мовы — малайская, кітайская, англійская, тамільская. Сталіца — г. Сінгапур. Нац. свята — Нацыянальны дзень (9 жн.).

Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Чл. Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1991 (з папраўкай 1993). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на прамых усеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Аднапалатны парламент выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Рэльеф раўнінны (выш. да 176 м). Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы і вільготны. Т-ра ўвесь год 26—28 °C. Выпадае каля 2500 мм ападкаў за год. Амаль уся тэрыторыя забудавана, ёсць паркі і скверы. Захаваліся невял. балоты, рэшткі трапічных лясоў (каля 5% тэр.), каля берагоў мангравыя зараснікі. Ёсць некалькі рэзерватаў, запаведнік на г. Букітымах, сусв. вядомы бат. сад.

Насельніцтва. Жывуць кітайцы (76%), малайцы (15%), выхадцы з Паўд. Азіі, пераважна тамілы (7%), еўрапейцы (англічане, французы, партугальцы), нашчадкі ад мяшаных шлюбаў еўрапейцаў з прадстаўнікамі азіяцкіх народаў, арабы і інш. Вернікі — будысты, канфуцыянцы, мусульмане, індуісты, хрысціяне. Сярэднегадавы прырост каля 1 % за год. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва больш за 6400 чал. на 1 км², адна з найб. у свеце. Усё насельніцтва гарадское, жыве ў г. Сінгапур (3567 тыс. ж.), суседніх гарадах і пасёлках. У прам-сці занята 25,6% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 1%, у фінансах і банкаўскай справе — 33,5%, у буд-ве — 6,6%, у кіраванні і абслуговых галінах — 33,3%.

Гісторыя. У сярэдневякоўі тэр. С. ўваходзіла ў склад розных малайска-інданез. дзяржаў (Шрывіджаі. Малакскага султаната і інш). Пасля войнаў 13—14 ст. да пач. 19 ст. яна амаль незаселена. У 1819 брыт. губернатар Явы Т.​С.​Рафлз выкупіў в-аў Сінгапур у султана Джахора, заснаваў тут факторыю С., вакол якой вырас горад — адзін з найб. гарадоў Паўд.-Усх. Азіі; з 1826 асобная калонія Вялікабрытаніі. У 1942—45 С. акупіраваны яп. войскамі. У 1954 створана Партыя нац. дзеяння (ПНД). У 1959 С. атрымаў самакіраванне. У 1963—65 у складзе Федэрацыі Малайзія, з 9.8.1965 — незалежная дзяржава. Урад ПНД (напачатку на чале з прэм’ер-міністрам Лі Куан Ю, з ліст. 1990 — Го Чок Тонгам) ажыццяўляе палітыку прыцягнення замежнага капіталу і развіцця рыначнай эканомікі, што прывяло да хуткага эканам. росту С. і ператварэння яго да пач. 1990-х г. у адну з найб. развітых краін Азіі. С. — чл. ААН (з 1965), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны паміж С. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992. Гал. паліт. партыя — Партыя нац. дзеяння, інш. партыі не адыгрываюць значнай ролі ў паліт. жыцці С.

Гаспадарка. С. — найб. развітая ў эканам. адносінах краіна Паўд.-Усх. Азіі. Разам з Тайванем і Паўд. Карэяй трывала ўваходзіць у лік «новых індустр. краін». Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 91,7 млрд. дол., каля 22 100 дол. на душу насельніцтва (2000). У прам-сці ствараецца каля 30% ВУП, у транспарце і сувязі — 13%, у сельскай гаспадарцы — 0,2%, у сферы абслугоўвання каля 57%. С. — буйны рэгіянальны і міжнар. цэнтр гандлю, фінансаў, маркетынгу, паслуг і распрацовак найноўшых тэхналогій, важнейшы трансп. і камунікацыйны вузел Паўд.-Усх. Азіі. Аснова эканомікі — традыц. знешнегандл. аперацыі (гал. чынам рээкспарт) і экспартныя галіны прам-сці (на імпартнай сыравіне). У прам-сці 3 групы галін: суднабудаванне і суднарамонт (2-е, пасля ЗША, месца ў свеце па вытв-сці перасоўных буравых установак для распрацоўкі марскіх радовішчаў нафты), нафтаперапрацоўка (5 з-даў сумарнай магутнасцю перапрацоўкі 60 млн. т нафты за год, 3-е месца ў свеце) і нафтахімія; электроніка, радыё- і электратэхніка (персанальныя камп’ютэры, інтэгральныя схемы, перыферыйныя сістэмы, абсталяванне аўтаматызаванага праектавання, сродкі навігацыі і сувязі, фотаоптыка, гадзіннікі і інш.), зборка і рамонт самалётаў, аўтамабіляў, матацыклаў, веласіпедаў; лёгкая (тэкст., швейная, трыкатажная) і харчовая. Вытв-сць электраэнергіі 28 млрд. кВтгадз (1999), усе электрастанцыі цеплавыя, працуюць на вадкім паліве. Захавалі сваё значэнне традыц. галіны: волаваплавільная, перапрацоўка каўчуку і гумавая прам-сць, дрэваапрацоўка. Дзейнічаюць старэйшы ў Паўд.-Усх. Азіі металург. з-д поўнага цыкла, інш. прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі. Высокаразвітая ваен. прам-сць, прадукцыя якой ідзе пераважна на экспарт (стралковая зброя, патрульныя марскія катэры, радыёапаратура, боепрыпасы і інш.). Рээкспарт каўчуку, волава, копры, драўніны, вострых прыпраў (найб. перцу). Развіта аказанне разнастайных інфарм., фін., тэхнал., мед. і турыстычных паслуг. С. — буйны фін. цэнтр (саступае толькі Лондану, Нью-Йорку і Токіо). Працуюць валютныя і фондавыя біржы, 141 банк, у т. л. 128 замежных. Праводзяцца буйныя міжнар. гандл.-прамысл. выстаўкі, навукова-тэхн. сімпозіумы і канферэнцыі. Штогод С. наведвае больш за 7 млн. турыстаў з суседніх краін, Японіі, Кітая, ЗША і інш. У 1998 даход ад турызму склаў 5,79 млрд. дол. Сельская гаспадарка мае другаснае значэнне. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 тыс. га. Вырошчваюць гевею, какосавую пальму, вострыя прыправы, тытунь, агародніну, садавіну, кветкі. Развіты свінагадоўля (у 1997—190 тыс. свіней) і птушкагадоўля (2 млн. курэй). Марское рыбалоўства (штогадовы ўлоў 13—15 тыс. т рыбы). Транспарт пераважна марскі. У С. — буйнейшы ў рэгіёне транзітны марскі порт (прымае за суткі ў сярэднім 150 суднаў, 2-гі ў свеце пасля Ротэрдама па грузаабароце). У порце — зона свабоднага гандлю. Марскі флот налічвае больш за 500 суднаў. Даўж. чыгункі 38,6 км, аўтадарог і вуліц 3017 км. У краіне 379,5 тыс. легкавых, 140,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Аэрапорт Чангі — адзін з найбуйнейшых у свеце. Трубаправодны транспарт заняты транспарціроўкай пітной вады з Малайзіі і Інданезіі. У 1998 экспарт склаў 128 млрд. дол., імпарт — 133,9 млрд. дол. Экспартуюцца і рээкспартуюцца нафтапрадукты (8% сусв. гандлю імі), вылічальная тэхніка і радыётэлевізійнае абсталяванне (каля 14% сусв. аб’ёму), камунікацыйнае і офіснае абсталяванне, марскія судны і платформы, хім. прадукты, машыны і абсталяванне, каўчук, тэкст. і швейныя вырабы, алей, лесаматэрыялы, волава і інш. У імпарце пераважаюць сыравінныя тавары і харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Малайзія (19% экспарту, 15% імпарту), ЗША (18% і 15% адпаведна), Японія (21% імпарту), Інданезія, Кітай, Тайланд, Паўд. Карэя і інш. Грашовая адзінка — сінгапурскі долар.

З.​М.​Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сінгапура.
Да арт. Сінгапур (дзяржава). Жылыя кварталы г. Сінгапур.

т. 14, с. 396

СІНГАПУ́Р (малайскае Singapura, англ. Singapore),

горад, сталіца Рэспублікі Сінгапур, буйны эканам. цэнтр Паўд.-Усх. Азіі, каля Сінгапурскага праліва. Засн. ў канцы 13 ст., у 1365 быў разбураны ў выніку ваен. дзеянняў. У 1819 перайшоў да англічан. 3567 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Адзін з найбуйнейшых марскіх партоў свету (штогадовы грузаабарот больш за 400 млн. т). Міжнар. аэрапорт. Чыгункай і шашой звязаны з п-вам Малака. Міжнар. валютна-фін. цэнтр, буйны цэнтр гандлю сыравіннымі таварамі (натуральны каўчук, прадукты какосавай пальмы, драўніна, вострыя прыправы, фрукты, кава, волава). Важны цэнтр нафтаперапрацоўкі. Прам-сць: эл.-тэхн., хім., нафтахім., маш.-буд., суднабуд. і суднарамонт, гумавая, цэм., дрэваапр., харчовая; новыя галіны — радыёэлектронная, вытв-сць трансп. абсталявання, тэкстыльная і швейная, оптыка-механічная. Бункероўка суднаў. Ун-ты. Музеі. Бат. сад, марскі акварыум.

т. 14, с. 397

СІНГАПУ́РСКІ ПРАЛІ́Ў Паміж паўд. часткай п-ва Малака і в-вам Сінгапур на Пн і архіпелагам Рыау на Пд. Злучае Паўд.-Кітайскае м. і Андаманскае м. праз Малакскі праліў. Даўж. 114 км, шыр. 12—37 км, найменшая глыб. на фарватэры 22 м. Порт Сінгапур.

т. 14, с. 397