СІНА́ТРА (Sinatra) Фрэнк, сапр. імя Фрэнсіс Альберт; 12.12.1915, г. Хобакен, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 1998),

амерыканскі эстрадны спявак, кінаакцёр. У 1936 узначаліў створаны ім вак. ансамбль «Хобакенская чацвёрка». З 1939 саліст джазавага аркестра Х.​Джэймса, аркестра пад кіраўніцтвам Т.​Дорсі. У 1940—70-я г. выступаў з буйнымі амер. джазавымі аркестрамі, у т. л. пад кіраўніцтвам Дз.​Элінгтана. Яго выканальніцкі стыль разнастайны: ад інтымнай манеры «крулінг» да «свінга». У рэпертуары сентыментальныя балады, песні з мюзіклаў, папулярныя песні амер. кампазітараў Дж.​Стайна, Б.​Бакрака, Р.​Мак-Кэна і інш. З 1941 здымаўся ў кіно (больш за 40 фільмаў), у т. л. «Ночы Лас-Вегаса», «Дом, у якім я жыву», «Ад сёння і на векі вечныя» (абодва прэмія «Оскар»), «Чалавек з залатой рукой», «Дэтэктыў», «Першы смяротны грэх». Рэжысёр фільма «Толькі храбрэц» (1964). Меў уласную грамафонную кампанію. Спец. прэмія «Оскар» 1971.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)