Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́НТАВАЯ ПАЗЫ́КА,

від бестэрміновай аблігацыйнай пазыкі дзяржаўнай, пры якой дзяржава абавязваецца штогод выплачваць пэўны даход пазыкадаўцам — рэнту.

т. 14, с. 13

РЭ́НТАВЫЯ ПЛАЦЯЖЫ́,

грашовыя адлічэнні юрыд. асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у дзярж. бюджэт пры ажыццяўленні знешнегандлёвых тавараабменных (бартэрных) аперацый. Памер Р.п. залежыць ад агульнай вартасці пастаўленых у дзяржаву тавараў. На Беларусі спаганяецца 5% па бартэрных аперацыях, накіраваных на забеспячэнне ўласнай вытв-сці суб’ектаў гаспадарання (пастаўка сыравіны, матэрыялаў, абсталявання), і аперацыях, якія ажыццяўляюцца па рашэнні Савета Міністраў. Па астатніх бартэрных аперацыях Р.п. спаганяюцца ў памеры 15% ад агульнай вартасці пастаўленых тавараў.

т. 14, с. 13

РЭНТГЕ́Н,

пазасістэмная адзінка экспазіцыйнай дозы рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, што вызначаецца па іанізавальным дзеянні выпрамяненняў на паветра. Абазначаецца Р. Доза выпрамянення ў 1 Р адпавядае ўтварэнню 2,083∙10​9 пар іонаў у 1 см³ паветра або 1,61∙10​12 пар іонаў у 1 г паветра. 1 Р = 2,57978∙10​−4 Кл/кг. Названа імем В.К.Рэнтгена.

т. 14, с. 13

РЭ́НТГЕ́Н ((Röntgen) Вільгельм Конрад) (27.3.1845, г. Рэмшайд, Германія — 10.2.1923),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1896). Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху (1865—68), атрымаў ступень доктара ў Цюрыхскім ун-це (1868). Працаваў у розных ун-тах Германіі. У 1900—20 праф. Мюнхенскага ун-та і дырэктар Фіз. ін-та. Навук. працы па электрамагнетызме, фізіцы крышталёў, оптыцы і малекулярнай фізіцы. Выявіў магн. поле дыэлектрыка (1885), які рухаецца ў эл. полі (т.зв. рэнтгенаўскі ток), што мела важнае значэнне для стварэння электроннай тэорыі. Адкрыў рэнтгенаўскія прамяні і даследаваў іх уласцівасці (гл. Рэнтгенаўскае выпрамяненне), прапанаваў канструкцыю трубкі для атрымання рэнтгенаўскіх прамянёў і зрабіў першыя рэнтгенаўскія фотаздымкі. Нобелеўская прэмія 1901 (першая сярод фізікаў).

Тв.:

Рус. пер. — О новом виде лучей. М.; Л., 1933.

Літ.:

Бобров Л.В. Тени невидимого света. М., 1964;

Гернек Ф. Пионеры атомного века: Пер. с нем. М., 1974.

В.К.Рэнген.

т. 14, с. 13

РЭНТГЕНАГРА́МА,

зарэгістраваны на спец. фотаплёнцы (фотапласцінцы) відарыс аб’екта, што ўзнікае ў выніку ўзаемадзеяння яго з рэнтгенаўскім выпрамяненнем. Пры такім узаемадзеянні адбываецца паглынанне, адбіццё ці дыфракцыя рэнтгенаўскіх прамянёў. Прасторавае размеркаванне інтэнсіўнасці выпрамянення фіксуецца на фотаматэрыяле і адлюстроўвае будову аб’екта.

Абсарбцыйная Р. рэгіструе «ценявы» відарыс аб’екта, які ўзнікае з-за неаднолькавасці паглынання рэнтгенаўскага выпрамянення рознымі ўчасткамі аб’екта. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, біялогіі, дэфектаскапіі і рэнтгенаўскай мікраскапіі. Дыфракцыйныя Р. атрымліваюць у рэнтгенаўскіх камерах і рэгіструюць дыфракцыйнае рассеянне выпрамянення крышт. ўзорамі (гл. Дэбая—Шэрэра метад, Лаўэ метад). Выкарыстоўваюцца для рашэння задач рэнтгенаструктурнага аналізу, рэнтгенаграфіі матэрыялаў, рэнтгенаўскай тапаграфіі.

т. 14, с. 14

РЭНТГЕНАГРАМАМЕТРЫ́Я,

апрацоўка і аналіз рэнтгенаўскіх відарысаў электроннымі і вылічальнымі спосабамі; метад рэнтгеналогіі. З дапамогай вымярэння адлегласцей, вуглоў, плоскасцей, велічынь відарысаў павышаецца якасць дыягностыкі і павялічваецца распазнавальнасць паталаг. структур. Дае магчымасць раней распазнаваць паталаг. ўтварэнні, перадклінічныя праявы захворванняў, таксама атрымліваць відарысы з палепшанымі прасторава-частотнымі і градацыйнымі характарыстыкамі.

А.​М.​Міхайлаў.

т. 14, с. 14

РЭНТГЕНАГРА́ФІЯ,

гл ў арт. Рэнтгенадыягностыка.

т. 14, с. 14

РЭНТГЕНАГРА́ФІЯ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,

сукупнасць метадаў даследаванняў будовы крышталічных і аморфных рэчываў, заснаваных на вывучэнні дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў.

Для мэт Р.м. карыстаюцца ў асн. характарыстычным рэнтгенаўскім выпрамяненнем (гл. Рэнтгенаўская спектраскапія); дыфракцыйныя карціны рэгіструюцца фатагр. метадам (гл. Рэнтгенаграма) або з дапамогай лічыльнікаў іанізавальных выпрамяненняў. Рэнтгенаграфічнымі метадамі даследуюць узоры пры іх награванні і ахаладжэнні, ва ўмовах вакууму і высокага ціску, раўнаважныя і нераўнаважныя станы матэрыялаў, вывучаюць іх структуру, фазавы састаў і яго змены, будуюць фазавыя дыяграмы, даследуюць станы дэфармаваных (ці падвергнутых інш. уздзеянням) матэрыялаў, працэсы ўпарадкавання з’явы бліжэйшага парадку. Гл. таксама Дэбая—Шэрэра метад, Лаўэ метад.

т. 14, с. 14

РЭНТГЕНАДЫЯГНО́СТЫКА,

распазнаванне пашкоджанняў і захворванняў розных органаў і сістэм чалавека пры рэнтгеналагічных даследаваннях; частка рэнтгеналогіі. Грунтуецца на ўласцівасці рэнтгенаўскіх прамянёў пранікаць праз непразрыстыя для светлавых прамянёў целы. Метады Р. — рэнтгенаскапія, рэнтгенаграфія (або іх спалучэнне).

Рэнтгенаскапія — прасвечванне, пры якім адлюстраванне аб’екта трапляе на флюарэсцэнтны экран або экран тэлевізара Выкарыстоўваюць таксама лічбавыя рэнтгенаўскія апараты (адлюстраванне паступае на аналага-лічбавы пераўтваральнік, дзе эл. сігналы, якія нясуць інфармацыю пра аб’ект даследавання, пераўтвараюцца ў лічбавыя параметры). Рэнтгенаскапія дазваляе атрымліваць адлюстраванне любой ч. цела і большасці органаў і тканак. Рэнтгенаграфія — атрыманне здымка (негатыву) на рэнтгенаўскай плёнцы. Адрозніваюць рэнтгенаграфію традыц. і лічбавую. На лічбавых рэнтгенаўскіх апаратах адлюстраванне можа фіксавацца не толькі на плёнцы, а таксама на паперы, у магнітнай або магнітна-аптычнай памяці. Лічбавая рэнтгенаграфія дае высокую якасць адлюстравання, мае паніжаную прамянёвую нагрузку. Асн. клінічным патрабаваннем да рэнтгенаўскага адлюстравання з’яўляецца яго інфарматыўнасць.

А.​М.​Міхайлаў.

т. 14, с. 14

РЭНТГЕНАКІМАГРА́ФІЯ (ад рэнтген+ + грэч. kyma хваля + ...графія) рэнтгеналагічны метад даследавання, які дазваляе рэгістраваць на рэнтгенаўскай плёнцы рухі органаў (сэрца, вял. сасудаў, страўніка, дыяфрагмы і інш.). Робіцца пры дыягностыцы некат. захворванняў, напр., анеўрызмы аорты, інфаркту міякарда і інш.

т. 14, с. 14