РЭНТГЕНАДЫЯГНО́СТЫКА,
распазнаванне пашкоджанняў і захворванняў розных органаў і сістэм чалавека пры рэнтгеналагічных даследаваннях; частка рэнтгеналогіі. Грунтуецца на ўласцівасці рэнтгенаўскіх прамянёў пранікаць праз непразрыстыя для светлавых прамянёў целы. Метады Р. — рэнтгенаскапія, рэнтгенаграфія (або іх спалучэнне).
Рэнтгенаскапія — прасвечванне, пры якім адлюстраванне аб’екта трапляе на флюарэсцэнтны экран або экран тэлевізара Выкарыстоўваюць таксама лічбавыя рэнтгенаўскія апараты (адлюстраванне паступае на аналага-лічбавы пераўтваральнік, дзе эл. сігналы, якія нясуць інфармацыю пра аб’ект даследавання, пераўтвараюцца ў лічбавыя параметры). Рэнтгенаскапія дазваляе атрымліваць адлюстраванне любой ч. цела і большасці органаў і тканак. Рэнтгенаграфія — атрыманне здымка (негатыву) на рэнтгенаўскай плёнцы. Адрозніваюць рэнтгенаграфію традыц. і лічбавую. На лічбавых рэнтгенаўскіх апаратах адлюстраванне можа фіксавацца не толькі на плёнцы, а таксама на паперы, у магнітнай або магнітна-аптычнай памяці. Лічбавая рэнтгенаграфія дае высокую якасць адлюстравання, мае паніжаную прамянёвую нагрузку. Асн. клінічным патрабаваннем да рэнтгенаўскага адлюстравання з’яўляецца яго інфарматыўнасць.
А.М.Міхайлаў.
т. 14, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)