РЭНТГЕНАГРА́МА,

зарэгістраваны на спец. фотаплёнцы (фотапласцінцы) відарыс аб’екта, што ўзнікае ў выніку ўзаемадзеяння яго з рэнтгенаўскім выпрамяненнем. Пры такім узаемадзеянні адбываецца паглынанне, адбіццё ці дыфракцыя рэнтгенаўскіх прамянёў. Прасторавае размеркаванне інтэнсіўнасці выпрамянення фіксуецца на фотаматэрыяле і адлюстроўвае будову аб’екта.

Абсарбцыйная Р. рэгіструе «ценявы» відарыс аб’екта, які ўзнікае з-за неаднолькавасці паглынання рэнтгенаўскага выпрамянення рознымі ўчасткамі аб’екта. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, біялогіі, дэфектаскапіі і рэнтгенаўскай мікраскапіі. Дыфракцыйныя Р. атрымліваюць у рэнтгенаўскіх камерах і рэгіструюць дыфракцыйнае рассеянне выпрамянення крышт. ўзорамі (гл. Дэбая—Шэрэра метад, Лаўэ метад). Выкарыстоўваюцца для рашэння задач рэнтгенаструктурнага аналізу, рэнтгенаграфіі матэрыялаў, рэнтгенаўскай тапаграфіі.

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)