Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫНХАСТЭ́ГІУМ (Rhynchostegium),

род брыевых імхоў сям. брахітэцыевых. 130 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і трапічнай зоне. Наглебавыя, наскальныя або водныя імхі. На Беларусі 3 віды Р.: берагападобны (R. riparioides), скучаны (R. confertum), сценны (R. murale), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца рэдка на вільготных камянях, дрэвах у праточнай вадзе.

Аднадомныя лістасцябловыя расліны. Утвараюць рыхлыя, бледна- або цёмна-зялёныя дзярнінкі. Сцёблы сцелістыя ці паўзучыя, перыстаразгалінаваныя. Лісце завостранае, увагнутае, яйцападобнае. Ножка гладкая. Каробачка нахіленая або гарызантальная. Каўпачок клабукападобны.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Рынхастэгіум сценны.

т. 13, с. 517

РЫНЭСТРО́З,

інвазійная хвароба няпарнакапытных жывёл, якая выклікаецца лічынкамі насаглотачных аваднёў. Пашырана ўсюды, пераважна ў краінах Сярэдняй Азіі. На Беларусі часцей рэгіструецца ў коней у пашавы перыяд.

Самкі аваднёў жывародныя, на ляту ўпырскваюць у насавыя адтуліны да 60 лічынак (пераважна ў гарачы час дня). Лічынкі пранікаюць у глыбіню насавой поласці жывёлы (у лабірынты рашэцістай косці і лобныя пазухі) і выклікаюць запаленне слізістых абалонак з ацёкам і звужэннем насавых ходаў. У хворых жывёл назіраецца язвавы рыніт, задышка, знясіленне, парушаецца дзейнасць нерв. сістэмы; магчыма іх гібель.

т. 13, с. 517

РЫ́Н-ПЯСКІ́, Нарын-пяскі,

масіў бугрыстых і барханна-градавых пяскоў на водападзеле рэк Волга і Урал, у Прыкаспійскай нізіне, у Казахстане. Пл. каля 40 тыс. км². Пераважае травяністая і хмызняковая расліннасць. Характэрны сухавеі і пыльныя буры.

т. 13, с. 516