РЫНЭСТРО́З,

інвазійная хвароба няпарнакапытных жывёл, якая выклікаецца лічынкамі насаглотачных аваднёў. Пашырана ўсюды, пераважна ў краінах Сярэдняй Азіі. На Беларусі часцей рэгіструецца ў коней у пашавы перыяд.

Самкі аваднёў жывародныя, на ляту ўпырскваюць у насавыя адтуліны да 60 лічынак (пераважна ў гарачы час дня). Лічынкі пранікаюць у глыбіню насавой поласці жывёлы (у лабірынты рашэцістай косці і лобныя пазухі) і выклікаюць запаленне слізістых абалонак з ацёкам і звужэннем насавых ходаў. У хворых жывёл назіраецца язвавы рыніт, задышка, знясіленне, парушаецца дзейнасць нерв. сістэмы; магчыма іх гібель.

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)