біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 6857 га.
Большая ч. заказніка — забалочаны лясны масіў; уздоўж воз. Белае пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах — з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорнаалешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. З лек. раслін распаўсюджаны буквіца, валяр’ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і інш.; чарнічнікі займаюць 19% тэр., журавіннікі — 3%.
курганны могільнік 8—10 ст. каля в. Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. У насыпах і на гарызонце выяўлены рэшткі вогнішчаў (вугальныя праслойкі і попельныя плямы). Выяўлены фрагменты ляпных гаршкоў з арнаментам у выглядзе косых насечак і ганчарнага посуду з хвалістым і лінейным арнаментам. У адным з курганоў знойдзены спалены драўляны прамавугольнік (3 × 2,6 м), у паўд.-зах. вугле якога былі перапаленыя косці нябожчыка і жал. спражка. Адносіцца да «парных курганоў» валынян.
радуніца, радуніцкія дзяды, ва ўсх.-славянскіх народаў, у т. л. ў беларусаў, веснавое свята язычніцкага паходжання, звязанае з культам продкаў, дзень памінання памерлых. Паходжанне слова «Р.» выводзяць ад розных слоў: ад ведыйскага radanh (ахвярадаўства), літ. rauda (галашэнне), ад агульнаслав. слоў «род», «радзіцца», ад імя міфалагічнага бога Рады (Рода) і інш. Памінальны абрад адбываецца ў аўторак пасля велікоднага тыдня. Родзічаў памінаюць спачатку ў царкве, потым на могілках, дзе прыбіраюць магілы блізкіх, рассцілаюць на насыпах абрусы для памінальнай трапезы, якая нагадвае стараж. язычніцкую трызну. Крыху стравы (фарбаваныя яйкі, куцця, мяса, цукеркі) і гарэлкі пакідаюць на магіле. Раней часта гучалі галашэнні. У некат. мясцінах Палесся Р. падмяняліся т.зв. «наўскім вялікаднем» або «вялікаднем мёртвых», які адбываўся ў чацвер велікоднага тыдня.
РАДАХРАЗІ́Т (ад грэч. rhodon ружа + chrōsis афарбоўка),
марганцавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат марганцу, MnCO3. Мае ў сабе аксід марганцу (да 61,7%), прымесі жалеза, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя, ныркападобныя агрэгаты, Зямлістыя масы, ромбаэдрычныя крышталі. Колер ружовы, шаравата-белы, зеленавата-шэры. Паўпразрысты, зрэдку да празрыстага. Бляск шкляны з перламутравым адлівам. Цв. 3,5—4. Шчыльнасць 3,7 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае, кантактава-метасаматычнае. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўны і ювелірна-вырабны (празрысты) камень. Уваходзіць у састаў марганцавых руд.
РАДАШКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., за 6 км на ПдЗ ад г.п. Радашковічы. Пластавы паклад звязаны з ледавіковымі адкладамі сожскага гарызонту. Складаецца з 4 участкаў. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі слаба гліністы з лінзамі і праслоямі супескаў і пяскоў. Пясок у сумесі палевашпатава-кварцавы, розназярністы. Разведаныя запасы 21,8 млн.м³, перспектыўныя 4,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,7—38 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,2—8 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону.
На ПнЗ Мінскай вобл., пераважна ў Маладзечанскім р-не; у складзе Мінскага ўзвышша; водападзел (у цэнтр.ч.) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Абмежавана верхнім участкам даліны р. Бярэзіна (прыток р. Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на Пн, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзв. на З і зліваецца з Лагойскім узв. на ПнУ. Найб.выш. 335 м (гара Маяк). Паводле В.А.Дзяменцьева паўн.-зах.ч. Р.ў. — Аляхновіцкае ўзвышша.
У тэктанічных адносінах Р.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх.ч.Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вял. колькасцю валуноў.
У рэльефе ўзвышша сістэма градаваўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўн. схіл мае выгляд уступу выш. каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы. У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Бярэзіна (прыток Нёмана). Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі. Асн.ч. ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З Пн на Пд Р.ў. перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.
РАДАШКО́ВІЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ імя Ф.Скарыны, навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Існавала ў мяст. Радашковічы ў 1922—28. Засн. Радашковіцкім таварыствам беларускай шкалы (ТБШ) па ініцыятыве А.Уласава і П.Крачкоўскага. У пач. 1922 атрымана канцэсія на ўтрыманне гімназіі. Дырэктарамі гімназіі былі Ф.Абрантовіч, А.Вернікоўскі, Ф.Стацкевіч. Выкладчыкамі ў розны час працавалі Я.Гаўрылік, В.Гаянкоў, С.Кароль, А.Крачкоўскі, М.Ласковіч, Л.Ліманоўская, Б.Тарашкевіч, І.Цішкевіч і інш. У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навуч.г. ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Быў інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе бел. культуры. З ліст. 1923 вучні пастаянна ладзілі тэатр. прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул у 1926/27 і 1927/28 навуч.г. праводзіліся курсы для настаўнікаў бел.пач. школ. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. у Зах. Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што стала падставай для закрыцця яе ў вер. 1928 па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, у БССР; некат. скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі. Пэўны час у гэтай гімназіі вучыўся бел. паэт Максім Танк.
спроба гуртка беларусаў-інтэлігентаў мяст. Радашковічы (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) і ваколіц паставіць у 1892 на бел. мове п’есу «Злодзей» Ядвігіна Ш. (А.Лявіцкі) без цэнзурнага дазволу. Спектакль пры ўдзеле аўтара меркавалася паказаць на платнай маёўцы, а на выручаныя грошы адкрыць бальніцу. Даведзеная да генеральнай рэпетыцыі пастаноўка была забаронена мясц. ўладамі, якія ўбачылі ў гэтай акцыі «палітычную справу». Спроба паказу спектакля на «забароненай» мове засталася няздзейсненай і ўвайшла як Р.т.з. ў гісторыю бел.т-ра.
Створаны ў 1974 у г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. як з-дмаст. керамікі, з 1994 сучасная назва. Спецыялізуецца на выпуску вырабаў маст. керамікі. Асартымент: дэкар. вазы, гаршкі для кветак, кубкі, сервізы, наборы для кавы і гарбаты, вырабы малых форм, сувеніры. Мае цэх па выпуску мэблі ў нар. традыцыях (кухні «Вязынка»), Вядучыя майстры — мастакі А.Паддубны, Л.Грыцкоў, А.Багданаў — ствараюць вырабы ў лепшых традыцыях нар. майстроў.
Да арт.Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка». Сувенірны посуд і сервіз «Каласок».
Існаваў у 16 ст. ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Упершыню згадваецца ў інвентары Радашковіч за 1549. Размяшчаўся паміж 2 ставамі, утворанымі на рэках Гуйка і Вязынка, на «капцы сыпаным», і формай нагадваў няправільны чатырохвугольнік. З усіх бакоў замак акружала вада. У замку было 5 вежаў (у т. л. вежа-брама), звязаных паміж сабой сценамі (гароднямі). Адна вежа месцілася асобна на падворку. Сярод узбраення Р.з. ў інвентары згадваюцца гарматы, гакаўніцы, ручніцы, аркебузы, кіі. Былі таксама запасы свінцу, пораху і інш. Перад замкам размяшчаліся арсенал, 2 млыны, сядзібны дом, лазня, бровар і інш.гасп. пабудовы. У інвентары адзначана, што Р.з. «добрага будованья, не гнилого». Цяпер замчышча часткова разбурана і занята сучаснай забудовай.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.