РА́ДАСЦЬ,
курганны могільнік 8—10 ст. каля в. Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. У насыпах і на гарызонце выяўлены рэшткі вогнішчаў (вугальныя праслойкі і попельныя плямы). Выяўлены фрагменты ляпных гаршкоў з арнаментам у выглядзе косых насечак і ганчарнага посуду з хвалістым і лінейным арнаментам. У адным з курганоў знойдзены спалены драўляны прамавугольнік (3 × 2,6 м), у паўд.-зах. вугле якога былі перапаленыя косці нябожчыка і жал. спражка. Адносіцца да «парных курганоў» валынян.
Т.М.Каробушкіна.
т. 13, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)