Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПУСТЭ́ЛЬНІКАЎ (Сямён Сільвестравіч) (10.2.1921, в. Свісцёлкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 5.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнік баёў пад Ленінградам. Пасля цяжкага ранення з 1944 у пагранвойсках Закарпацця (Украіна). 5.2.1945 яфрэйтар П. перарэзаў шлях 25 парушальнікам мяжы і адзін вёў з імі бой да апошняга патрона. Падарваў гранатай сябе і 2 бандытаў. Яго імем названа вуліца ў Оршы.

С.С.Пустэльнікаў.

т. 13, с. 130

ПУСТЭ́ЧА.

пустка, біягеацэноз, які ўтвараецца на месцы лесу, знішчанага высечкамі або пажарамі. Сустракаюцца ў моцна ўвільготненых раёнах умеранага пояса з халаднаватым кліматам на рыхлапясчаных, радзей звязнапясчаных глебах, глыбокаападзоленых, кіслых, вельмі бедных арган. рэчывамі. На Беларусі П. часцей паяўляюцца ў выніку парушэння правіл правядзення меліярац. работ на прылеглых да асушаных балот пясчаных прасторах, таксама на мінер. «астравах» сярод вял. балот, месцы мелказалягаючых тарфяных глеб, якія ператвараліся ў малаўрадлівыя тарфяна-мінер. глебы ў выніку інтэнсіўнага с.-г. выкарыстання. Характарызуюцца нізкай біял. прадукцыйнасцю і экалагічнай няўстойлівасцю. Паводле складу другаснай расліннасці вылучаюць травяністыя, лішайнікавыя (баравыя), імховыя, кустовыя (ядлоўцавыя) і кусцікавыя П. У расл. покрыве пераважаюць вечна зялёныя расліны з сям. верасовых, кіпарысавых, міртавых, бабовых і інш. У натуральным стане з’яўляюцца лесапаляўнічымі ўгоддзямі, уваходзяць у зямельны фонд, які падлягае рэкультывацыі. На П. арганізуюцца рэкрэацыйныя зоны, садова-агароднінныя т-вы і інш.

Л.​В.​Круглоў.

т. 13, с. 130

ПУСЬЕ́, Пусэ (Poussier) Іосіф (?—6.8.1821), архітэктар. Па паходжанні француз. Займаў пасаду віленскага губ. будаўнічага. У 1817—18 рэстаўрыраваў будынкі Віленскага ун-та. Паміж 1802 і 1821 пабудаваў (з арх. М.​Шульцам) Залескі палацава-паркавы ансамбль для кампазітара М.​К.​Агінскага.

т. 13, с. 130

ПУСЭ́Н ((Poussin) Нікала) (15.6.1594, г. Лез-Андэлі, Францыя — 19.11.1665),

французскі жывапісец; адзін з пачынальнікаў і найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў К.​Варэна. Зазнаў уплывы А.​Карачы, Даменікіна, Рафаэля, Тыцыяна; вывучаў ант. мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы і А.​Дзюрэра; займаўся перспектывай, анатоміяй і матэматыкай. Працаваў ў Парыжы (1612—24 і 1640—42) і Рыме (з 1624). З ранніх работ захаваліся ілюстрацыі да «Метамарфозаў» Авідзія, «Энеіды» Вергілія, твораў Ціта Лівія, Дж.​Марына (каля 1622—24). Творчасць 2-й пал. 1620—30-х г. вызначаецца стылявой разнастайнасцю: творы высокага грамадзянскага гучання («Смерць Германіка», 1626—27), у духу барока («Пакутніцтва св. Эразма», каля 1628—29); асаблівай актыўнасцю колеравага ладу, блізкага традыцыям венецыянскай школы, адметныя карціны на міфалагічныя і літ. тэмы: «Венера спіць», «Нарцыс і Рэха», «Рынальда і Арміда» (усе каля 1625—27), «Царства Флоры» (каля 1631—32), «Танкрэд і Эрмінія» (1630-я г.). У творах 1630-х г. класіцыстычныя прынцыпы выяўляюцца праз яснасць кампазіцыйнага рытму, які ўспрымаецца як адлюстраванне разумнага пачатку і надае веліч высакародным учынкам чалавека: «Аркадскія пастухі» (каля 1629—30), «Выкраданне сабінянак» (каля 1635), «Натхненне паэта» (1635—38), «Ізраільцяне збіраюць манну» (каля 1637—39), «Знаходжанне Майсея» (1638). З 1640-х г. развіваў прынцыпы ідэальнага пейзажа, прадстаўляў прыроду як увасабленне дасканаласці і мэтазгоднасці. Часта ўводзіў у пейзаж міфалагічныя персанажы: («Кармленне немаўляці Юпітэра», 1640; «Пейзаж з Паліфемам», каля 1649; «Пейзаж з Геркулесам» 1654; «Арыён», каля 1650—55; «Апалон і Дафна», 1664), выкарыстоўваў біблейскія казанні, праз якія ў духу стаіцызму выражаў ідэю пра лёс як пачатак, што рэгулюе ўзаемаадносіны чалавека і свету («Св. Іаан на Патмасе», каля 1644—45; серыя «Поры года», 1660—64). Некат. творы гэтага перыяду вызначаюцца разважлівасцю, перавагай абстрактнай ідэі над пачуццём («Час выратоўвае Ісціну ад намераў Зайздрасці і Разладу», 1642; «Сем таінстваў», 1644—48), узмацненнем этыка-філас. пафасу («Майсей высякае ваду са скалы», «Эліазар і Рэвека», абодва каля 1648; «Адпачынак на шляху ў Егіпет», каля 1658).

Тв.:

Рус. пер. — Письма. М.; Л., 1939.

Літ.:

Гликман А.С. Никола Пуссен. Л.;

М., 1964;

Золотов Ю.К. Пуссен и вольнодумцы // Советское искусствознание, 1978. М., 1979. Вып. 2.

С.​У.​Пешын.

Н.Пусэн. Кармленне немаўляці Юпітэра. 1640.

т. 13, с. 130