Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРЭ́ЙСЛЕР ((Preisler) Ян) (18.2.1872, Попавіцы каля г. Бераўн, Чэхія — 27.4.1918),

чэшскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Празе (1887—95); выкладаў у ёй (1908—12) і Пражскай АМ (з 1913). Працаваў у рэчышчы сімвалізму. Сярод твораў: размалёўкі ў касцёле ў Пршэшціцы (1898), чэха-славацкім павільёне на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1899—1900), атэлі «Гранд» у Градзец-Кралаве (1903—04), мазаікі ў будынках б. Земскага банка ў Празе (1909—10) і Абласнога музея ў Градзец-Кралаве (1911); станковыя кампазіцыі «Вясна» (1900), «Карціна з вялікага цыкла» (1901—02), «Казка» (1902), «Чорнае возера» (1904), «Закаханыя» (1905), «Дзяўчаты ў лесе» («Вясна», 1906), «Адам і Ева», «Зялёны пейзаж» (абедзве 1908) і інш.

т. 13, с. 92

ПРЭКА́РЫЙ (лац. precarium ад preces просьба),

першапачаткова ў рым. праве даўгавыя адносіны паміж пазыкадаўцам і пазычальнікам незалежна ад формы маёмасці; у раннім сярэднявеччы ў Зах. Еўропе права карыстання зямлёй (на некалькі гадоў ці пажыццёва), якое даваў землеўладальнік селяніну на падставе яго пісьмовай просьбы. За гэта атрымальнік зямлі (прэкарыст) плаціў чынш ці выконваў паншчыну. Прэкарскі дагавор аднаўляўся кожныя 5 гадоў. П. быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах да 13 ст. і стаў адным са сродкаў залежнасці вольных сялян ад буйнога землеўладальніка.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 92

ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),

парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.

А.​А.​Козыр.

Прэкас: 1 — баран; 2 — авечка.

т. 13, с. 92

ПРЭ́КУРТ ((Precourt) Чарлз) (н. 29.6.1955, г. Уолтэм, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС. Магістр па праблемах нац. бяспекі і стратэгічных даследаванняў. Скончыў Акадэмію ВПС ЗША (1977), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1985), Ваенна-марскі каледж ЗША (1990). З 1990 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 26.4—6.5.1993 — на КК «Калумбія», 27.6—7.7.1995 і 15.5—24.5.1997 — на КК «Атлантыс», 2—12.6.1998 — на КК «Дыскаверы». Тройчы працаваў на борце рас. арбітальнага комплексу «Мір». У космасе правёў 38,8 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 92

ПРЭ́ЛАГ ((Prelog) Уладзімір) (23.7.1906, г. Сараева, Боснія і Герцагавіна — 7.1.1998),

швейцарскі хімік-арганік. Замежны чл. Рас. АН (1966). Скончыў Пражскі тэхнал. ін-т (1928). У 1935—41 у Заграбскім ун-це. З 1942 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху ў лабараторыі арган. сінтэзу (з 1950 праф., з 1957 заг. лабараторыі). Навук. працы па стэрэахіміі і сінтэзе складаных арган. злучэнняў, у т. л. антыбіётыкаў. Сінтэзаваў адамантан (1941), шэраг макрацыклічных кетонаў з 7—18 атамамі вугляроду ў цыкле (1947—50). Сфармуляваў правіла аб пераважнай канфармацыі аптычна актыўных рэчываў у хім. рэакцыях (правіла П.; 1953). Адзін з аўтараў сучаснай стэрэахім. наменклатуры. Нобелеўская прэмія 1975.

У.Прэлаг.

т. 13, с. 92

ПРЭ́ЛАСЦЬ,

інтэртрыгінозны дэрматыт, запаленне скуры, якое ўзнікае пры трэнні і мацэрацыі. Прычыны: узмоцненае потавыдзяленне, нетрыманне мачы, белі і інш. Часта бывае ў дзяцей першага года жыцця, у поўных людзей. Можа ўскладняцца пры далучэнні інфекцыі (інфекц. П.). Лячэнне тэрапеўт., захаванне гігіены скуры.

т. 13, с. 92

ПРЭЛА́Т (польск. prełat ад лац. praelatus пастаўлены над кім-н.),

у рымска-каталіцкай і англіканскай цэрквах тытул, які надаецца прадстаўнікам вышэйшага дыяцэзіяльнага і ордэнскага духавенства.

т. 13, с. 92

ПРЭЛІМІНА́РНЫ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р,

папярэдняе пагадненне, у якім варагуючыя бакі ўстанаўліваюць асн. ўмовы будучага мірнага дагавора. Вызначае агульныя ўмовы спынення вайны, у т. л. новыя граніцы і тэр. змены. У ім могуць быць палажэнні, што адносяцца да стварэння камісій па дэлімітацыі граніц, аб вызваленні акупіраваных тэрыторый, кампенсацыі ваен. выдаткаў, аб абмене ваеннапалоннымі і да т.п. Напр., пагадненне з Польшчай, падпісанае 12.10.1920 прадстаўнікамі РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай — з другога, што папярэднічала Рыжскаму мірнаму дагавору 1921.

т. 13, с. 92

ПРЭЛЮ́ДЫЯ, прэлюд (позналац. praeludium ад лац. praeludo раблю ўступ, іграю папярэдне),

невялікая муз. п’еса імправізацыйнага характару пераважна для аднаго інструмента.

Найб. раннія яе ўзоры ўзніклі ў 15 ст. Напачатку П. — кароткі ўступ да асн. інстр. п’есы ці харала. адметны свабодным стылем з фігурацыйным развіццём, элементамі поліфанічнага і акордавага складу; стварала танальны, вобразна-эмацыянальны настрой, палягчала ўступ галасоў. У 17 ст. П. называліся ўступы ў франц. оперы, сюіце ці сюітападобным цыкле побач з фугай і інш. п’есамі. З 18 ст. самаст. п’еса. З імем І.​С.​Баха звязана зацвярджэнне цыкла П. — фуга, у якім абедзве п’есы, аб’яднаныя танальна, дапаўняюць адна адну кантрастам характару, спосабу выкладання. Пазней падобныя цыклы стварылі Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын, П.​Хіндэміт і інш. У 20 ст. тэрмін «П.» трактуецца шматпланава: 2-часткавы цыкл П. — фуга пашырыўся да 3-часткавага («Прэлюдыя, харал і фуга» С.​Франка); уступы да оперы і яе асобных актаў (оперы Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера, Дж.​Пучыні); самастойны, пераважна фп. ці аркестравы, твор («Прэлюды» Ф.​Ліста); узнікае тып цыкла П. звычайна ва ўсіх танальнасцях (Ф.​Шапэн, С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, К.​Дэбюсі, Дз.​Шастаковіч, Дз.​Кабалеўскі).

У бел. музыцы жанр П. ўвасоблены ў разнастайных цыклах вобразна-канкрэтных мініяцюр для фп. (6 прэлюдый Г.​Вагнера, 2 — Р.​Суруса, прэлюдыі С.​Каргэса, І.​Лучанка, В.​Помазава, У.​Браілоўскага), у класічных цыклах («24 П» для фп. П.​Падкавырава), у традыц. «парным» цыкле (П. і фуга для струн. аркестра з фп. В.​Іванова). Створаны П. для нар. інструментаў самаст. п’есы (П. для цымбалаў і фп. М.​Аладава, П. для аркестра нар. інструментаў А.​Мдывані), ці ч. «парнага» цыкла (П. і канцэрціна Л.​Свердэля). Своеасабліва пераўтвораны жанр П. ў буйных цыклічных формах (імправізацыйна-рэчытатыўная экспрэсіўная П. ў 3-й санаце -для скрыпкі і фп. Л.​Абеліёвіча, ролю П. выконваюць інтрады ў неакласіцысцкай 2-й сімфоніі Г.​Вагнера, у пераасэнсаванні будовы класічнай сюіты «Мемарыял» для камернага аркестра У.​Дарохіна) і інш. Пры стварэнні П. некат. бел. кампазітары выкарыстоўваюць сучасную тэхніку кампазіцыі (5 дадэкафонных прэлюдый Р.​Суруса).

Літ.:

Панкратова В. Малые инструментальные формы: (Прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962.

А.​У.​Валадковіч.

т. 13, с. 93

ПРЭМ’Е́РА (ад франц. première першая),

першы публічны паказ новага спектакля, фільма, эстраднай або цыркавой праграмы. Пад П. часта разумеюць рэпертуарную навінку тэатра.

т. 13, с. 93