ПРЭ́ЛАГ ((Prelog) Уладзімір) (23.7.1906, г. Сараева, Боснія і Герцагавіна — 7.1.1998),
швейцарскі хімік-арганік. Замежны чл.Рас.АН (1966). Скончыў Пражскі тэхнал.ін-т (1928). У 1935—41 у Заграбскім ун-це. З 1942 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху ў лабараторыі арган. сінтэзу (з 1950 праф., з 1957 заг. лабараторыі). Навук. працы па стэрэахіміі і сінтэзе складаных арган. злучэнняў, у т. л. антыбіётыкаў. Сінтэзаваў адамантан (1941), шэраг макрацыклічных кетонаў з 7—18 атамамі вугляроду ў цыкле (1947—50). Сфармуляваў правіла аб пераважнай канфармацыі аптычна актыўных рэчываў у хім. рэакцыях (правіла П.; 1953). Адзін з аўтараў сучаснай стэрэахім. наменклатуры. Нобелеўская прэмія 1975.