ПРЭЛЮ́ДЫЯ, прэлюд (позналац. praeludium ад лац. praeludo раблю ўступ, іграю папярэдне),
невялікая муз. п’еса імправізацыйнага характару пераважна для аднаго інструмента.
Найб. раннія яе ўзоры ўзніклі ў 15 ст. Напачатку П. — кароткі ўступ да асн. інстр. п’есы ці харала. адметны свабодным стылем з фігурацыйным развіццём, элементамі поліфанічнага і акордавага складу; стварала танальны, вобразна-эмацыянальны настрой, палягчала ўступ галасоў. У 17 ст. П. называліся ўступы ў франц. оперы, сюіце ці сюітападобным цыкле побач з фугай і інш. п’есамі. З 18 ст. самаст. п’еса. З імем І.С.Баха звязана зацвярджэнне цыкла П. — фуга, у якім абедзве п’есы, аб’яднаныя танальна, дапаўняюць адна адну кантрастам характару, спосабу выкладання. Пазней падобныя цыклы стварылі Дз.Шастаковіч, Р.Шчадрын, П.Хіндэміт і інш. У 20 ст. тэрмін «П.» трактуецца шматпланава: 2-часткавы цыкл П. — фуга пашырыўся да 3-часткавага («Прэлюдыя, харал і фуга» С.Франка); уступы да оперы і яе асобных актаў (оперы Дж.Вердзі, Р.Вагнера, Дж.Пучыні); самастойны, пераважна фп. ці аркестравы, твор («Прэлюды» Ф.Ліста); узнікае тып цыкла П. звычайна ва ўсіх танальнасцях (Ф.Шапэн, С.Рахманінаў, А.Скрабін, К.Дэбюсі, Дз.Шастаковіч, Дз.Кабалеўскі).
У бел. музыцы жанр П. ўвасоблены ў разнастайных цыклах вобразна-канкрэтных мініяцюр для фп. (6 прэлюдый Г.Вагнера, 2 — Р.Суруса, прэлюдыі С.Каргэса, І.Лучанка, В.Помазава, У.Браілоўскага), у класічных цыклах («24 П» для фп. П.Падкавырава), у традыц. «парным» цыкле (П. і фуга для струн. аркестра з фп. В.Іванова). Створаны П. для нар. інструментаў самаст. п’есы (П. для цымбалаў і фп. М.Аладава, П. для аркестра нар. інструментаў А.Мдывані), ці ч. «парнага» цыкла (П. і канцэрціна Л.Свердэля). Своеасабліва пераўтвораны жанр П. ў буйных цыклічных формах (імправізацыйна-рэчытатыўная экспрэсіўная П. ў 3-й санаце -для скрыпкі і фп. Л.Абеліёвіча, ролю П. выконваюць інтрады ў неакласіцысцкай 2-й сімфоніі Г.Вагнера, у пераасэнсаванні будовы класічнай сюіты «Мемарыял» для камернага аркестра У.Дарохіна) і інш. Пры стварэнні П. некат. бел. кампазітары выкарыстоўваюць сучасную тэхніку кампазіцыі (5 дадэкафонных прэлюдый Р.Суруса).
Літ.:
Панкратова В. Малые инструментальные формы: (Прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962.
А.У.Валадковіч.
т. 13, с. 93