Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕМІРО́ВІЧЫ, Няміравічы,

шляхецкі род у ВКЛ. Родапачынальнік Ян Няміра (? — пасля 1420) упамінаецца ў 1398 як канюшы вял. кн. Вітаўта, у 1412 намеснік полацкі. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 разам з братамі атрымаў герб «Ястрабец». Яго сыны Андрэй і Іван неаднаразова ўпамінаюцца ў складзе Рады ВКЛ у 1431—52. З нашчадкаў Яна Няміры найб. вызначыліся:Мікалай Янавіч (?—14717),

малодшы сын Няміры, маршалак гаспадарскі, намеснік віцебскі з 1466, смаленскі з 1469, уладальнік Уселюба, Ішкалдзі і Жухавічаў у Новагародскім пав., Луніна і Лунінца на Палессі. Якуб Іванавіч (? — пасля 1489), унук Няміры, маршалак гаспадарскі ў 1483, намеснік берасцейскі з 1483. Андрэй Якубавіч (7—1541), разам з братам Юрыем вызначыўся ў Клецкай бітве 1506, намеснік мазырскі з 1509, чаркаскі з 1511, ваявода кіеўскі з 1514. Неаднаразова адбіваў напады татар на паўд. землі ВКЛ. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37 двойчы (1534, 1535) узначальваў войска, якое займала Гомель і ўчыняла аблогу Старадуба і Чарнігава, у выніку Гомель быў вернуты ў склад ВКЛ. У 1536 разам з полацкім ваяводам Я.Глябовічам кіраваў аблогай Себежа. Уладальнік Уселюба і Чэрніхава ў Новагародскім пав.

В.Л.Насевіч.

т. 11, с. 283

НЕМІРО́ВІЧ-ДА́НЧАНКА (Уладзімір Іванавіч) (23.12.1858, г. Азургеты, Грузія — 25.4.1943),

расійскі рэжысёр, драматург, рэфарматар і тэарэтык т-ра. Нар. арт. СССР (1936). Вучыўся на фіз.-матэм. і юрыд. ф-тах Маскоўскага ун-та (1876—79). З 1877 выступаў як тэатр. крытык і пісьменнік. Аўтар п’ес «Апошняя воля» (1888), «Новая справа» (1890), «Золата» (1895), «Цана жыцця» (1896), «У марах» (паст. 1901). Незадаволены станам рас. сцэн. мастацтва канца 19 ст., прапанаваў рэформы, каб пазбавіць сцэну ад пошлага рэпертуару, ідэйнага застою, руціны і штампаў акцёрскага выканання, але яго праекты адхіляла дырэкцыя імператарскіх т-раў. З 1891 працаваў у Маскоўскім філарманічным т-ве. У 1898 з К. Станіслаўскім заснаваў Маскоўскі мастацкі тэатр (МХТ; з 1919 Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр) якімі кіраваў. У трупу т-ра ўвайшлі многія яго выхаванцы па драм. аддзяленні філарманічнага т-ва (В.Кніпер-Чэхава, І.Масквін, У.Меерхольд). У праграмных спектаклях «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901) і «Вішнёвы сад» (1904) А.Чэхава, «На дне» М.Горкага (1902), пастаўленых з Станіслаўскім, былі рэалізаваны ідэі рэв. пераўтварэння сцэны. Ажыццяўляў прынцып маст. цэласнасці пастаноўкі, сцвярджаў вядучую ролю рэжысёра як інтэрпрэтатара замыслу драматурга і стваральніка спектакля. Гал. месца ў рэпертуары МХТ займалі тагачасныя драмы Чэхава і М.Горкага, творы Г.Ібсена, Г.Гаўптмана. Пры іх увасабленні дамагаўся тонкасці псіхал. аналізу, раскрываў падтэкст, ствараў атмасферу і настрой кожнай карціны, што надавала мастацтву т-ра жыццёвасць, спалучала яго творчасць з дэмакр. імкненнямі прагрэс. рус. інтэлігенцыі. Сярод найб. значных рэжысёрскіх работ дарэв. перыяду — «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра (1903), «Анатэма» Л.Андрэева (1909), «Браты Карамазавы» і «Мікалай Стаўрогін» паводле Ф.Дастаеўскага (1910, 1913), «Жывы труп» Л.Талстога (1911, са Станіслаўскім), «Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына (1914). У сав. час рэарганізаваў і абнавіў т-р; паставіў «Пугачоўшчыну» К.Транёва (1925), «Блакаду» У.Іванава (1929), плённа ўвасабляў рус. класіку: «Уваскрэсенне» (1930) і «Ганна Карэніна» (1937) паводле Л.Талстога, «Навальніца» А.Астроўскага (1934), «Тры сястры» (новая рэдакцыя 1940). Пастаноўка п’есы «Ворагі» М.Горкага (1935) прадэманстравала сінтэз «трох успрыманняў», якія сцвярджаў Н.-Д.: сац., псіхал. і тэатральнага. Такі сінтэз, на яго думку, з’яўляўся абавязковай умовай высокай мастацкасці і ідэйнай насычанасці спектакля. У 1919 ён арганізаваў пры МХТ муз. студыю (з 1926 Муз. т-р імя Н.-Д., з 1941 Муз. т-р імя Станіслаўскага і Н.-Д.). Найб. значныя пастаноўкі ў муз. т-ры: «Лісістрата» Арыстафана (1923), «Травіята» Дж.Вердзі, «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (абедзве 1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939). У 1944 у Маскве ў доме, дзе ў 1938—43 жыў Н.-Д., створаны яго музей-кватэра. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1943.

Тв.:

Из прошлого. М., 1936;

Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;

Пьесы. М., 1962;

Режиссерский план постановки трагедии Шекспира «Юлий Цезарь». М., 1964;

Рецензии. Очерки. Статьи. Интервью. Заметки, 1877—1942. М., 1980;

Рождение театра. М., 1989;

Святые горы. Донецк, 1990.

Літ.:

Марков П.А Режиссура В.И.Немировича-Данченко в музыкальном театре. М., 1960;

Фрейдкина Л.М. Дни и годы В.И.Немировича-Данченко: Летопись жизни и творчества. М., 1962;

В.И.Немирович-Данченко ведет репетицию. М., 1965;

Соловьева И.Н. Немирович-Данченко. М., 1979.

К.Л.Рудніцкі.

У.І.Неміровіч-Данчанка.

т. 11, с. 283

Неміроўскі Яўген Львовіч

т. 18, кн. 1, с. 434

НЕ́МКІ, мутыліды (Mutillidae),

сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 4,8 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі найб. трапляецца Н. еўрап. (Mutilla europaea), якая паразітуе ў гнёздах пчол і чмялёў.

Даўж. да 16 мм. Цела ўкрыта густымі валаскамі з яркімі плямкамі і палоскамі. У Н. еўрап. цела чорнае з сінім адценнем. Самцы крылатыя, самкі бяскрылыя, вонкава нагадваюць мурашак. Большасць відаў Н. развіваецца на лічынках і кукалках перапончатакрылых (адзіночныя пчолы, чмялі, сфецыды, дарожныя і складкавакрылыя восы), некат. відаў жукоў і мух. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі чэрвепадобныя.

Немкі: 1 — самка; 2 — самец.

т. 11, с. 283

НЕМРУ́Т (Nemiut),

вулкан у Турцыі, на Армянскім нагор’і, каля зах. берага воз. Ван. Выш. 3050 м. Складзены з базальтаў і андэзітаў. Апошняе вывяржэнне ў 1441. У кальдэры прэснаводнае возера (даўж. 6 км, шыр. да 2 км).

т. 11, с. 284

НЕ́МЦАВА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць, за 35 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,32 км2, даўж. 1,2 км, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Катлавіна тэрмакарставага тыпу, выцягнута з З на У. Схілы выш. ад 6—7 м на Пн і У да 10 м на Пд і 3, часткова разараныя, на Пн і З пад лесам і хмызняком. Выцякае ручай у р. Ловаць.

т. 11, с. 284

НЕ́МЦАВА ((Némcová) Бажэна [дзявочае Панклава) (Panklová) Барбара; 4.2.1820, Вена — 21.1.1862], чэшская пісьменніца; адна з заснавальнікаў рэалізму ў чэш. л-ры. Літ. дзейнасць пачала з апрацовак нар. казак: «Народныя казкі і паданні» (ч. 1—7, 1845—47). Вядомасць прынеслі апавяданні і аповесці пра жыццё сялян: «Барушка» (1853),

«Карла» (1855), «Дзікая Бара», «Горная вёска», «У замку і каля замка» (усе 1856) і інш. Лепшы яе твор — «Бабулька» (1855) сцвярджае ідэю адукаванай і гуманнай улады, што апіраецца на волю і мудрасць народа. Цыклы нарысаў «Карціны домажліцкага наваколля» (1845—47), «Лісты з Францішкавых лазняў» (1846), «Карціны жыцця славакаў» (1859) і інш. адметныя сац.-паліт. накіраванасцю. Сабрала і выдала ў пер. на чэш. мову «Славацкія казкі» (1857—58).

Тв.:

Рус. пер. — Сказки, повести, рассказы. М., 1961;

В замке и около замка: Рассказы. Повести. Письма к родным и друзьям. Л., 1970;

Бабушка: Картины сельской жизни. М.;

Прага, 1982;

Карла и другие рассказы. Л., 1984;

Серебряная книга сказок. Мн., 1994;

Золотая книга сказок. Мн., 1996.

А.У.Вострыкава.

Б.Немцава.

т. 11, с. 284

НЕ́МЦАЎ ПАВО́ЛЖА АЎТАНО́МНАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

нацыянальна-тэрытарыяльнае ўтварэнне ў складзе Рас. Федэрацыі, якое існавала ў 1918—41 у Ніжнім Паволжы, дзе з 18 ст. жылі ням. каланісты. Засн. паводле Дэкрэта СНК РСФСР ад 19.10.1918 як Аўт. вобласць (Прац. камуна) немцаў Паволжа, тэрытарыяльна аформілася ў 1918—19 і 1922. Пл. 28 тыс. км2, нас. (1939) 605,5 тыс. чал., у т.л. 66,4% немцаў, 20,4% рускіх, 12% украінцаў. Сталіца — г. Энгельс (да 19.31 наз. Пакроўск). Падзялялася на 22 кантоны (раёны) і 2 самаст. адм.-гасп. адзінкі (г. Энгельс і р.п. Чырвоны Тэкстыльшчык). Раўнапраўныя дзярж. мовы — нямецкая, руская, украінская. Гаспадарка мела агр.-індустр. характар. У студз. 1919 у Варэнбургу (цяпер с. Прывольнае) пасля харч. рэквізіцыі адбылося антысав. сял. паўстанне (задушана, 32 паўстанцы расстраляны). У час голаду 1921—22 насельніцтву вобласці дапамагалі харчамі Міжнар. саюз дапамогі дзецям (кіраўнік Ф.Нансен) і Амерыканская адміністрацыя дапамогі. 6.1.1924 на XI абласным з’ездзе Саветаў абвешчана АССР немцаў Паволжа (пераўтварэнне вобласці ў АССР зацверджана сумеснай пастановай ВЦВК і СНК РСФСР ад 20.2.1924). 31.1.1926 на 3-м з’ездзе Саветаў рэспублікі прынята яе Канстытуцыя. У 1930-я г. ў рэспубліцы было 5 ВНУ, 11 тэхнікумаў, 172 калгасныя клубы, 121 б-ка, 20 дамоў культуры, 52 кінатэатры, 4 тэатры (ням., рус., укр., дзіцячы), выдаваліся 29 газет (з іх 21 на ням. мове). З 1938 пачалося закрыццё ням. нац. школ, рэпрэсіравана значная частка ням. інтэлігенцыі і кіруючых работнікаў. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР рэспубліка скасавана (указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 28.8.1941), яе ням. насельніцтва прымусова вывезена на спецпасяленні ў Новасібірскую і Омскую вобл., Алтайскі край, Казахстан. Большасць раёнаў рэспублікі з г. Энгельс уключана ў Саратаўскую, астатнія — у Сталінградскую (цяпер Валгаградская) вобл. Рашэннямі Прэзідыума Вярх. Савета СССР адменены высунутыя ў 1941 беспадстаўныя абвінавачанні сав. немцаў у дапамозе гітлераўцам (указ ад 28.8.1964) і забарона вяртацца ў Паволжа (указ ад 3.11.1972). Канчаткова немцы Паволжа рэабілітаваны паводле Дэкларацыі Вярх. Савета СССР ад 14.11.1989 і Закона РСФСР ад 26.4.1991, якія датычыліся ўсіх б. рэпрэсіраваных народаў СССР.

Літ.:

Емельянов В.П. Нужна ли нам республика немцев Поволжья? Саратов, 1991;

Герман А.А. Немецкая автономия на Волге, 1918—1941. Ч. 1. Автономная область, 1918—1924. Саратов, 1992.

У.Я.Калаткоў.

т. 11, с. 284

НЕ́МЦЫ (саманазва дойчэ),

народ, асн. насельніцтва Германіі (74,6 млн. чал.). Агульная колькасць 86 млн. чал. (1992). Шматлікія групы Н. жывуць у ЗША (5,4 млн. чал.), Канадзе (1,2 млн. чал.), Казахстане (958 тыс. чал.), Расіі (843 тыс. чал.), Бразіліі (710 тыс. чал.) і інш. краінах Еўропы, Азіі, Лац. Амерыкі, Паўд. Афрыкі і ў Аўстраліі. На Беларусі — 4805 чал. (перапіс 1999). Гавораць на нямецкай мове. Вернікі — пратэстанты (пераважна лютэране) і католікі. Першыя звесткі пра Н. на Беларусі адносяцца да 12 ст. (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У 1-й пал. 14 ст., калі вял. кн. Гедзімін запрасіў у ВКЛ рамеснікаў з ганзейскіх гарадоў Брэмен і Любек. Ў 16 ст. адбываліся перасяленні Н. у Віцебск і Полацк, дзе існавалі ням. факторыі. Першыя Н.-мігранты даволі хутка асіміляваліся ў масе гар. насельніцтва. Новы этап у гісторыі Н. на Беларусі пачаўся ў 18 ст., калі каля 1790 на тэр. Брэсцкага пав. выхадцамі з Вюртэмберга былі засн. калоніі Нойброў і Нойдорф. Паводле перапісу 1897, больш за 10 тыс. Н. жылі ў Гродзенскай губ. (найб. значная група ў раёне Беластока), больш за 7 тыс. — у Віцебскай губ. (найб. у Віцебску і Віцебскім пав.), да 4 тыс. — у Мінскай губ., да 1,8 тыс. — у Магілёўскай губ. Большасць Н. займалася с.-г. дзейнасцю, у Гродзенскай губ. — таксама апрацоўкай баваўняных вырабаў. Былі сярод іх фабрыканты, аптэкары, служачыя чыгунак, аканомы маёнткаў, рамеснікі і інш. У 1908—10 прайшла новая хваля перасялення Н. з Валыні на Бел. Палессе. Большасць Н. вызнавала лютэранства. Лютэранскія цэрквы (кірхі) былі ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску, Полацку, пры іх існавалі прыходскія ням. школы. У 1910 у Віцебску дзейнічала Ням. дабрачыннае т-ва. У пач. 20 ст. сярод Н. былі таксама прадстаўнікі баптыстаў, евангельскіх хрысціян і асабліва адвентыстаў сёмага дня. У пач. 1-й сусв. вайны многія Н. з Беларусі былі прымусова выселены ў глыб Расіі, аднак пасля вайны большасць з іх вярнулася. У сярэдзіне 1920-х г. у БССР было 7075 Н., з іх 3,5 тыс. ў Мазырскай акрузе. З 1926 існавалі 2 ням. нац. сельсаветы: Бярозаўскі ў Нараўлянскім і Анзельмаўскі (пазней імя Р.Люксембург) у Каралінскім р-нах; дзейнічалі ням. нац. школы. У канцы 1930-х г. нац.-культ. работа згорнута, у 1937 скасаваны нац. сельсаветы. У 1940-я г. ў выніку міграцый ням. насельніцтва значна скарацілася, у пасляваен. час павольна аднаўлялася за кошт перасяленняў з розных рэгіёнаў СССР.

На Беларусі ў 1990 створана т-ва Н. Беларусі «Адраджэнне».

І.В.Карашчанка.

т. 11, с. 284

Немянёнак Баляслаў Мечыслававіч

т. 18, кн. 1, с. 434