НЕМІРО́ВІЧ-ДА́НЧАНКА (Уладзімір Іванавіч) (23.12.1858, г. Азургеты, Грузія — 25.4.1943),
расійскі рэжысёр, драматург, рэфарматар і тэарэтык т-ра. Нар.арт.СССР (1936). Вучыўся на фіз.-матэм. і юрыд. ф-тах Маскоўскага ун-та (1876—79). З 1877 выступаў як тэатр. крытык і пісьменнік. Аўтар п’ес «Апошняя воля» (1888), «Новая справа» (1890), «Золата» (1895), «Цана жыцця» (1896), «У марах» (паст. 1901). Незадаволены станам рас.сцэн. мастацтва канца 19 ст., прапанаваў рэформы, каб пазбавіць сцэну ад пошлага рэпертуару, ідэйнага застою, руціны і штампаў акцёрскага выканання, але яго праекты адхіляла дырэкцыя імператарскіх т-раў. З 1891 працаваў у Маскоўскім філарманічным т-ве. У 1898 з К. Станіслаўскім заснаваў Маскоўскі мастацкі тэатр (МХТ; з 1919 Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр) якімі кіраваў. У трупу т-ра ўвайшлі многія яго выхаванцы па драм. аддзяленні філарманічнага т-ва (В.Кніпер-Чэхава, І.Масквін, У.Меерхольд). У праграмных спектаклях «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901) і «Вішнёвы сад» (1904) А.Чэхава, «На дне» М.Горкага (1902), пастаўленых з Станіслаўскім, былі рэалізаваны ідэі рэв. пераўтварэння сцэны. Ажыццяўляў прынцып маст. цэласнасці пастаноўкі, сцвярджаў вядучую ролю рэжысёра як інтэрпрэтатара замыслу драматурга і стваральніка спектакля. Гал. месца ў рэпертуары МХТ займалі тагачасныя драмы Чэхава і М.Горкага, творы Г.Ібсена, Г.Гаўптмана. Пры іх увасабленні дамагаўся тонкасці псіхал. аналізу, раскрываў падтэкст, ствараў атмасферу і настрой кожнай карціны, што надавала мастацтву т-ра жыццёвасць, спалучала яго творчасць з дэмакр. імкненнямі прагрэс.рус. інтэлігенцыі. Сярод найб. значных рэжысёрскіх работ дарэв. перыяду — «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра (1903), «Анатэма» Л.Андрэева (1909), «Браты Карамазавы» і «Мікалай Стаўрогін» паводле Ф.Дастаеўскага (1910, 1913), «Жывы труп» Л.Талстога (1911, са Станіслаўскім), «Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына (1914). У сав. час рэарганізаваў і абнавіў т-р; паставіў «Пугачоўшчыну» К.Транёва (1925), «Блакаду» У.Іванава (1929), плённа ўвасабляў рус. класіку: «Уваскрэсенне» (1930) і «Ганна Карэніна» (1937) паводле Л.Талстога, «Навальніца» А.Астроўскага (1934), «Тры сястры» (новая рэдакцыя 1940). Пастаноўка п’есы «Ворагі» М.Горкага (1935) прадэманстравала сінтэз «трох успрыманняў», якія сцвярджаў Н.-Д.: сац., псіхал. і тэатральнага. Такі сінтэз, на яго думку, з’яўляўся абавязковай умовай высокай мастацкасці і ідэйнай насычанасці спектакля. У 1919 ён арганізаваў пры МХТ муз. студыю (з 1926 Муз.т-р імя Н.-Д., з 1941 Муз.т-р імя Станіслаўскага і Н.-Д.). Найб. значныя пастаноўкі ў муз. т-ры: «Лісістрата» Арыстафана (1923), «Травіята» Дж.Вердзі, «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (абедзве 1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939). У 1944 у Маскве ў доме, дзе ў 1938—43 жыў Н.-Д., створаны яго музей-кватэра. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1943.
Тв.:
Из прошлого. М., 1936;
Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;
Пьесы. М., 1962;
Режиссерский план постановки трагедии Шекспира «Юлий Цезарь». М., 1964;
Рецензии. Очерки. Статьи. Интервью. Заметки, 1877—1942. М., 1980;
Рождение театра. М., 1989;
Святые горы. Донецк, 1990.
Літ.:
Марков П.А Режиссура В.И.Немировича-Данченко в музыкальном театре. М., 1960;
Фрейдкина Л.М. Дни и годы В.И.Немировича-Данченко: Летопись жизни и творчества. М., 1962;