Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУСО́ННЫ КЛІ́МАТ,

клімат абласцей зямнога шара з мусоннай цыркуляцыяй атмасферы (гл. Мусоны). Вылучаецца рэзкай зменай увільгатнення на працягу года (сухая зіма і вільготнае лета). Характэрны пераважна для трапічных і субтрапічных абласцей Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, Экватарыяльнай Афрыкі і інш.; адзначаецца і ва ўмераных шыротах (напр., на Д. Усходзе).

т. 11, с. 39

МУСО́НЫ (франц. mousson ад араб. пара года),

устойлівыя сезонныя вятры над пэўнымі абласцямі Зямлі, напрамкі якіх рэзка мяняюцца на процілеглыя або блізкія да іх 2 разы на год (пры змене пор года). Распаўсюджваюцца на выш. да некалькіх кіламетраў. Гал. прычына М. — розніца цеплавога рэжыму над сушай і морам. Летнія вільготныя (акіянічныя) М. звычайна накіраваны з акіяна на сушу, зімовыя (кантынентальныя) — з сушы на акіян. Са зменай напрамку М. адбываецца змена сухім малавоблачным зімовым надвор’ем на вільготнае дажджлівае летняе. Адрозніваюць М. трапічныя (у бас. Індыйскага ак.) і пазатрапічныя (на Д. Усходзе).

т. 11, с. 39

МУСРЭ́ПАЎ (Габід Махмудавіч) (22.3.1902, аул Жанажол Паўночна-Казахстанскай вобл., Казахстан — 31.12.1985),

казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1984). Акад. АН Казахстана (1958). Герой Сац. Працы (1974). Вучыўся ў Омскім с.-г. ін-це (1926—27). Друкаваўся з 1926. У кн. прозы «На імклівай хвалі» (1928), «Кос-Шалкар» (1935) падзеі грамадз. вайны. Раман «Салдат з Казахстана» (1949) пра подзвіг народа ў гады Вял. Айч. вайны, раман «Абуджаны край» (1953, новы варыянт «Пад уладай чужых», 1974) пра рабочы клас Казахстана. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «На перавале» (1965), «Аднойчы і на ўсё жыццё» (1967, Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1968), «Пераможца» (1975), паэмы ў прозе «Вобраз, які не сустрэўся» (1966, Дзярж. прэмія Казахстана 1968). Цыкл навел і раман «Улпан яе імя» (1976) прысвяціў тэме жанчыны, мацярынства. Выступаў як драматург: п’еса і лібрэта оперы «Кыз-Жыбек» (1934), «Амангельды» (з Б.Майліным, паст. 1937), «Трагедыя паэта» (1958) і інш. Аўтар літ.-крыт. і публіцыстычных кніг «Абавязак мастака» (1970), «Сляды часу» (выд. ў 1988). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі С.Міхальчук, З.Прыгодзіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1982.

Ж.Сахіеў.

Г.М.Мусрэпаў.

т. 11, с. 39

МУСТА́НГ (ад ісп. mustango),

здзічэлы свойскі конь, завезены еўрапейцамі ў Паўн. Амерыку ў 16 ст. Пашыраны ў стэпавай зоне (прэрыі). Жылі вял. табунамі. У 18 ст. М. было каля 4 млн. галоў, цяпер амаль вынішчаны. Выкарыстоўваліся індзейцамі як аб’ект промыслу і з мэтай вывядзення мясц. парод коней (індзейскія поні). У Паўд. Амерыцы здзічэлых коней наз. цымаронамі, у Аўстраліі (завезены ў 18 ст.) — брамбі. Масць разнастайная, як у парод свойскіх коней.

Э.Р.Самусенка.

т. 11, с. 39

МУСТА́ФІН (Габідэн) (26.11.1902, с. Сарцюбе Карагандзінскай вобл., Казахстан — 20.1.1985),

казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1984). Чл.-кар. АН Казахстана (1958). Друкаваўся з 1927. Кн. апавяданняў і нарысаў «Ер Шойын» (1929), раманы «Шыганак» (1945), «Мільянер» (1948), «Пасля буры» (1959) пра сац. перамены ў жыцці каз. народа ў 1920—30-я г. Пачынальнік індустрыяльнай тэмы ў каз. л-ры: раманы «Жыццё або смерць» (1941), «Караганда» (1952) і інш., адметных сюжэтнай шматпланавасцю, псіхал. глыбінёй. Аўтар аўтабіягр. рамана «Сведка» (ч. 1, 1963), кн. нарысаў і артыкулаў «Напевы думкі» (1974, Дзярж. прэмія Казахстана 1980).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. Алма-Ата, 1963;

Избранное. М., 1983.

Ж.Сахіеў.

т. 11, с. 39

МУСУЛЬМА́НСКАЯ ЛІ́ГА, Усеіндыйская (з 1947 Усепакістанская) мусульманская ліга,

палітычная арг-цыя ў Брыт. Індыі і Пакістане. Створана ў 1906 пры падтрымцы брыт. улад. У 1920—30-я г. кіраўніцтва М.л. на чале з М.А.Джынам падтрымлівала барацьбу Індыйскага нацыянальнага кангрэса за незалежнасць Брыт. Індыі. З 1940 выступала за стварэнне асобнай дзяржавы інд. мусульман — Пакістана. Узначальвала ўрад Пакістана ў першыя гады яго існавання (у 1956 скінуты ваеннымі). У канцы 1960-х г. М.л. распалася на некалькі груп, якія спынілі сваё існаванне да пач. 1970-х г.

т. 11, с. 39

МУСУЛЬМА́НСТВА,

тое, што іслам.

т. 11, с. 40

МУСХЕЛІШВІ́ЛІ (Мікалай Іванавіч) (16.2.1891, Тбілісі — 15.7.1976),

грузінскі матэматык і механік, стваральнік тбіліскай матэм. школы. Акад. АН СССР (1939) і АН Груз. ССР (1941). З 1941 прэзідэнт, з 1972 ганаровы прэзідэнт АН Груз. ССР. Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). З 1941 дырэктар Тбіліскага матэм. ін-та АН Груз. ССР. Навук. працы па тэорыі пругкасці, інтэгральных ураўненнях, гранічных задачах тэорыі аналіт. функцый. Адным з першых пачаў выкарыстоўваць тэорыю функцый камплекснай пераменнай да задач тэорыі пругкасці. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947. Залаты медаль імя М.В.Ламаносава АН СССР 1972.

Літ.:

Н.И.Мусхелишвили. М., 1967.

М.І.Мусхелішвілі.

т. 11, с. 40

МУСЦЕ́ЙКІС (Леанід Іванавіч) (1911, в. Усомля Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 10.10.1944),

герой Вял. Айч. вайны. З чэрв. 1941 на Паўн., Карэльскім франтах, Паўн. флоце. Электрык-пражэктарыст асобнага кулямётнага батальёна марской пяхоты старшына М. у час штурму ўмацаваных вышынь хрыбта Муста-Тунтуры закрыў сваім целам амбразуру варожага агнявога пункта. Пасмяротна ўзнаг. ордэнам Айч. вайны 2-й ступені.

т. 11, с. 40

МУСЦЬЕ́,

археалагічная эпоха сярэдняга палеаліту ў межах 70—32-га тыс. да н.э. Вылучана франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў канцы 1860-х г., назва ад стаянкі ў пячоры Ле-Мусцье на ПнЗ Францыі. Насельніцтва — неандэртальцы, якія займаліся збіральніцтвам і паляваннем, жылі на адкрытых пляцоўках у прымітыўных жытлах і пячорах. У эпоху М. вынайдзены спосаб здабывання агню, з’явіліся грунтоўныя змены ў апрацоўцы каменю. Крамянёвы інвентар мусцьерскага тыпу выраблены на адшчэпах (скрэблы, трохвугольныя востраканечнікі і ручныя рубілы), сустракаецца амаль ва ўсіх частках Еўразіі і Пн Афрыкі. На Беларусі знойдзены прылады працы, выкананыя ў мусцьерскай тэхніцы (каля в. Абідавічы Быхаўскага, Падлужжа Чачэрскага і Свяцілавічы Веткаўскага р-наў). Помнікі М. на тэр. Беларусі пакуль не выяўлены.

У.П.Ксяндзоў.

т. 11, с. 40