МАЦЕРЫКО́ВАЕ ПАДНО́ЖЖА, кантынентальнае падножжа,
вонкавая частка падводнай ускраіны мацерыка, акумулятыўная, пакатахвалістая нахіленая раўніна, якая прылягае да падножжа мацерыковага схілу. У структурных адносінах — глыбокі прагін на стыку кантынентальнай і акіянічнай кары, запоўнены магутнай тоўшчай рыхлых асадкаў.
т. 10, с. 229
МАЦЕРЫКО́ВАЕ ПАЎША́Р’Е,
паўшар’е Зямлі, у межах якога суша развіта найб. шырока (займае 47% плошчы М.п). Цэнтр яго размешчаны на ПдЗ Францыі. Гл. таксама Акіянскае паўшар’е.
т. 10, с. 229
МАЦЕРЫКО́ВЫ СХІЛ,
частка падводнай ускраіны мацерыка паміж шэльфам і мацерыковым падножжам. Характарызуецца зямной карой кантынентальнага тыпу. Вызначаецца вял. нахіламі паверхні (у сярэднім каля 4°, часта 15—20°, зрэдку да 40°) і рэзкай расчлянёнасцю рэльефу (ступені, падводныя каньёны). У верхняй частцы М.с. назіраецца перамяшчэнне вял. мас асадкавага матэрыялу ў выглядзе падводных апоўзняў і патокаў муці, у ніжняй пераважаюць працэсы акумуляцыі. Па высокай прадукцыйнасці арган. рэчыва М.с. вылучаецца ў асобную батыяльную зону (гл. Батыяль).
т. 10, с. 229
МАЦЕ́ША (Аляксей Міхайлавіч) (н. 1.1.1931, в. Хватаўка Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне нервовых хвароб. Д-р мед. н., праф. (1986). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1956). З 1966 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1978—98 заг. кафедры). Навук. працы па ўплыве наркатычных рэчываў на нерв. сістэму, клініка-імуналагічных узаемаадносінах пры захворваннях перыферычнай нерв. сістэмы, лячэнні хворых паркінсанізмам.
Тв.:
Гистохимия гликогена центральной нервной системы при гипотермии и наркозе Мн., 1972 (разам з А.М.Гурленем).
т. 10, с. 229
МАЦІЕ́ВІЧ (Алег Мікалаевіч) (н. 30.6.1949, г. Магілёў),
бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). З 1976 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1990 — Бел. АМ. Творам уласцівы ўпарадкаванасць кампазіцыі, свабода і абагульненасць пісьма, каларыстычная згарманізаванасць, празрыстасць фарбаў. Аўтар карцін «Успаміны», «Бакеншчык» (абедзве 1986), «Рыбакі на Прыпяці» (1987), «Былы кірмаш» (1989), «Вяселле» (1997), пейзажаў «Вечар у вёсцы», «У асеннім садзе» (абодва 1982), «Пейзаж з козамі» (1989), «Ноч у Жыровічах» (1991—92); нацюрмортаў «Сухія кветкі» (1970), «Сялянскі нацюрморт» (1986), «Нацюрморт з лямпамі» (1989) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 10, с. 229
МА́ЦІСАВА (Лізавета Парфенаўна) (17.9.1916, г. Магілёў — 20.1.1990),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла драм. студыю Бел. т-ра юнага гледача (1936). Працавала ў т-рах муз. камедыі Беларусі (1937—41, 1947—50, 1970—72). У 1951—69 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца роляў гераінь, т.зв. каскадных, камічных старых (у т-рах муз. камедыі), лірыка-драм. і характарных (у драм. т-ры). Актрыса выразнай пластыкі і тонкай музыкальнасці. Найб. значныя ролі: у т-рах муз. камедыі — Старая («Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі), Марыэта, Стасі («Баядэра», «Сільва» І.Кальмана), Пепіта («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Ірынка («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава); у т-ры імя Я.Коласа — Зоська («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Галіна Адамаўна («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Таццяна, Юлія, Людміла («Ворагі», «Дачнікі», «Васа Жалязнова» М.Горкага), Фларэла («Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі), Рэгана («Кароль Лір» У.Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера).
Г.Р.Герштэйн.
т. 10, с. 229
МА́ЦІЦА,
рака ў Міёрскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Дзісна (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 117 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Смолеўцы Міёрскага р-на, цячэ на паўд.-зах. ч. Полацкай нізіны. Рэчышча ад вытоку на працягу 7 км каналізаванае.
т. 10, с. 230