Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ДЫВЕРСІ́ЙНАРАЗВЕДВАЛЬНАЯ ГРУ́ПА ў вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з лют. 1942 да ліп. 1944 на чыг. ст. Маладзечна ў складзе 7 чал. (кіраўнік Д.Я.Гярновіч). Са снеж. 1942 падтрымлівала сувязь з партыз. брыгадай імя Чкалава, пазней — са спецатрадам «Дзіма». Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам звесткі пра склад і ўзбраенне гарнізона, рух ням. войск і тэхнікі праз чыг. вузел, правялі каля 20 буйных дыверсій, у т.л. падарвалі сховішча гаруча-змазачных матэрыялаў, паваротны круг у дэпо, чыг. састаў у в. Шнуры, чым затрымалі рух на 12 гадзін, рабілі дыверсіі на шашэйных дарогах.

т. 9, с. 552

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ МЭ́БЛЕВАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1954 на базе цэха райпрамкамбіната. У 1964 далучана Вілейская мэблевая ф-ка. У 1972—74 рэканструявана і расшырана. У 1977—91 у аб’яднанні «Мінскмэбля». З 1992 Маладзечанскае арэнднае вытв. мэблевае аб’яднанне, з 1994 нар. аб’яднанне «Маладзечнамэбля». Асн. прадукцыя (1999): наборы мэблі корпуснай, для спальні, гасцінай, прыхожай, сталовай, шафы для адзення і бялізны і інш.

т. 9, с. 552

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

сярэдняя спец. навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Існавала ў 1864—1920. Засн. ў Маладзечне на базе Маладзечанскай прагімназіі. Тэрмін навучання 2, з 1870—3, з 1907—4 гады. Выкладаліся: Закон Божы, гісторыя правасл. царквы, заалогія, батаніка, арыфметыка, геаметрыя, царк.-слав. і рус. мовы і л-ра, гісторыя і геаграфія Расіі, методыка выкладання, асновы педагогікі і інш. Пры семінарыі існавала ўзорнае вучылішча, дзе семінарысты праходзілі практыку; была абсталявана метэаралагічная пляцоўка. У ёй выкладалі бел. этнографы-фалькларысты М.Я.Нікіфароўскі, Ю.Ф.Крачкоўскі. У 1915 пераведзена ў Смаленск. За 50 гадоў семінарыю скончылі 2 тыс. чал. Сярод навучэнцаў І.А.Біч, Ф.І.Валынец, А.Р.Капуцкі, П.В.Мятла, С.А.Рак-Міхайлоўскі, М.Чарот і інш.

т. 9, с. 552

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1867—71 з цэглы. У плане ўяўляе сабой традыц. 4-часткавую схему: званіца, трапезная, 3-нефавы квадратны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда, абапал якой прыбудаваны рызніца і ахвярнік. Над асн. аб’ёмам — 8-гранны светлавы барабан. У дэкоры выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, ліштвы акон, шатровыя з макаўкай завяршэнні і інш. Званіца і гал. светлавы барабан царквы маюць аднолькавую арх.-пластычную структуру: 8-гранная ў сячэнні канструкцыя завяршаецца какошнікам і шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Гэта надае кампазіцыі будынка цэласнасць і аб’ёмнае адзінства.

Г.А.Лаўрэцкі.

Маладзечанская Пакроўская царква.

т. 9, с. 552

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ПРАГІМНА́ЗІЯ,

няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў г. Маладзечна ў 1860—64. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Кіраваў прагімназіяй інспектар. Мела 4 класы. Вучэбная праграма была аднолькавай з адпаведнымі класамі гімназій. Выкладаліся: рус. мова і славеснасць, ням. і франц. мовы, гісторыя, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, гімнастыка, танцы. Асоб, якія скончылі прагімназію, прымалі ў наступны клас гімназіі без экзаменаў. Рыхтавала таксама настаўнікаў прыходскіх школ. У 1864 зачынена, на яе базе створана Маладзечанская настаўніцкая семінарыя.

Літ.:

Ярушевич А. Молодечно и его учебные заведения. Вильна, 1914.

А.Ф.Самусік.

т. 9, с. 552

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ФА́БРЫКА МУЗЫ́ЧНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ Створана ў 1948 у г. Маладзечна Мінскай вобл. на базе камбіната быт. абслугоўвання як арцель «Чырвоны партызан» па рамонце язычковых муз. інструментаў (баяны, акардэоны, гармонікі). З 1950 пачала вырабляць гармонікі. З 1954 — сучасная назва. У 1955 здадзены ў эксплуатацыю гал. вытв. корпус, цэх футляраў. У 1977—85 у ВА «Белмузпрам». Асн. прадукцыя (1999): баяны (тыпу «Юпітэр») канцэртныя і гармонікі, дзіцячая мэбля, кухні «Маладзечна», сталы, табурэткі, крэслы, рабочае месца камп’ютэра, камплект дзіцяча-юнацкага пакоя.

т. 9, с. 552

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ АБЛАСНЫ́ АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА Існаваў у 1945—62 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Створаны на базе агітатрада імя М.Горкага, які пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў працягваў дзейнасць пад назвай Партыз. ансамбль Вілейскай вобл. З 1946 прафес. калектыў, у 1947 папоўнены артыстамі расфарміраванага Мазырскага (Палескага) ансамбля песні і танца. Кіраўнікі: А.С.Нікалаеў і Ф.Р.Ягадзінскі, з 1952 А.І.Білібін. Манера выканання акадэмічная. Выступаў у суправаджэнні баяністаў. У рэпертуары апрацоўкі бел. («Ой, ляцелі гусі з броду»), рус. і ўкр. нар. песень, творы муз. класікі, арыгінальныя вак.-харэаграфічныя кампазіцыі «Партызанскія танцы», «Ураджайная». Расфарміраваны.

Літ.:

Николаев А.С., Ягодинский Ф.Г. Лесные артисты // Люди Нарочанского края. Мн., 1975.

Г.І.Цітовіч.

т. 9, с. 552

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся ў вайну 1812 пры вызваленні г. Маладзечна рус. войскамі ад французаў 4—5 снежня. Пасля пераправы цераз р. Бярэзіна 26—28 ліст. Напалеон з ген. штабам і гвардыяй адступіў у напрамку Зембін—Плешчаніцы і 3 снеж. прыбыў у Маладзечна. Рус. войскі наступалі на Маладзечна з Пн праз Вілейку (авангард войск ген.-маёра П.В.Галянішчава-Кутузава) і з У (атрады войск ген. М.І.Платава і Я.І.Чапліца). 4 снеж. Напалеон адступіў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н). 4 снеж. Платаў і Чапліц адцяснілі французаў у Маладзечна, дзе яны замацаваліся і ўзарвалі мост цераз р. Уша. У гэты час на дапамогу рус. войскам падышлі асн. сілы Дунайскай арміі П.В.Чычагова і войска ген. А.П.Ярмолава. Раніцай 5 снеж. яны ўварваліся ў горад і акружылі частку франц. ар’ергарда, якая здалася. 5 снеж. Напалеон прыбыў у Смаргонь, дзе перадаў камандаванне арміяй маршалу І.Мюрату, а сам накіраваўся ў Парыж. У гонар перамогі ў Маладзечне ў 1977 пастаўлены помнік.

Ш.І.Бекцінееў.

т. 9, с. 552

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ГАРАДСКІ́ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР.

Створаны ў 1968 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як вучэбны калектыў Маладзечанскага музычнага вучылішча. З 1985 гарадскі. У складзе аркестра студэнты, выкладчыкі і выпускнікі муз. вучылішча. У розныя гады калектыў узначальвалі Л.Саламонік, М.Казінец, Ю.Новікаў, З.Кафанава, В Грыбкоў, Р.Фрыдман. З 1979 маст. кіраўнік і дырыжор Р.Сарока. У рэпертуары творы муз. класікі, сучасных, у т.л. бел., кампазітараў: уверцюры «Карыялан» і «Эгмант», 5-я сімфонія Л.Бетховена, сімфоніі 40-я В.А.Моцарта, 1-я В.Каліннікава, 4-я і «Італьянскае капрычыо» П.Чайкоўскага; канцэрты для фп. з арк. Дж.Гершвіна, С.Рахманінава, Чайкоўскага, Э.Грыга; творы Я.Глебава, В.Іванова, У.Солтана і інш. З аркестрам выступаюць піяніст І.Алоўнікаў, спевакі М.Жылюк, Н.Залатарова, В.Кучынскі, В.Скорабагатаў і інш. Лаўрэат Усесаюзнага фестывалю нар. творчасці (1988).

Л.В.Ляшчэвіч.

Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр.

т. 9, с. 552

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 15—18 ст. на правым беразе р. Уша, як цэнтр абароны сярэдневяковага Маладзечна. Умацаваны землянымі валамі, на якіх стаялі драўляныя сцены-гародні і вежы. У 17 ст. на вуглах замка пабудаваны бастыёны. Зведаў разбурэнні і пажары ў канцы 14 ст., у 1519 (двойчы), 1533. У 1708 умацаванні замка выкарыстоўваліся ў бітве паміж рус. атрадам і групоўкай шведскіх войск. У 17—18 ст. у замку знаходзілася рэзідэнцыя кн. Агінскіх. На яго тэрыторыі ў 16—18 ст. быў мураваны храм. М.з. разбураны ў канцы 18 ст. Археал. даследаванні замка праводзіў М.А.Ткачоў (1976, 1980).

т. 9, с. 553