Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛО́НДАНСКІ ПРАТАКО́Л 1830 Падпісаны 3 лют. ў Лондане прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Расіі і Францыі пасля заключэння Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829. Зафіксаваў незалежнасць Грэцыі ад Турцыі, дасягнутай грэкамі ў выніку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Абвяшчаў Грэцыю канстытуцыйнай манархіяй з гарантыяй яе незалежнасці з боку трох дзяржаў — удзельніц Л.п. Аднак у склад Грэцыі не былі ўключаны некаторыя тэрыторыі, населеныя грэкамі (гл. таксама Лонданская канвенцыя 1827).

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін з буйнейшых ун-таў і навукова-даследчых цэнтраў Вялікабрытаніі. Засн. ў 1836 паводле ўказа караля Вільгельма IV як установа, правамочная прысуджаць вучоныя ступені; пасля рэарганізацыі з 1898 выконвае функцыі і ВНУ. У склад Л.у. ў 1907 уключаны Універсітэцкі (засн. ў 1826), а ў 1910 — Каралеўскі (засн. ў 1829) каледжы. У 1997 было 51,4 тыс. студэнтаў; ф-ты: тэалогіі, педагогікі, эканомікі, тэхн., права, мед., музыкі, мастацтваў і інш. Навуч. працэс і даследчая работа ва ун-це праводзяцца ў школах, каледжах і ін-тах, у т.л. ў Каралеўскай мед. школе, фармацэўтычнай, па даследаванні краін Усходу і Афрыкі, Імперскім каледжы навукі тэхналогіі і медыцыны, ін-тах класічнай адукацыі, германазнаўства, правазнаўства, мастацтваў і інш. У б-цы Л.у. каля 1,5 млн. тамоў. Ёсць б-кі пры школах і каледжах.

В.М.Навумчык.

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (London Philharmonic Orchestra),

адзін з лепшых аркестраў Еўропы. Засн. ў 1932 англ. дырыжорам і імпрэсарыо Т.Бічэмам. З 1933 удзельнічаў у канцэртах Каралеўскага філарманічнага і Каралеўскага хар. т-ваў, летніх оперных спектаклях т-ра «Ковент-Гардэн», розных фестывалях. З канца 1930-х г.самаст. арганізацыя. Выканальніцкаму майстэрству ўласцівы ансамблевая зладжанасць, маляўнічасць гучання, рытмічная дакладнасць, тонкае адчуванне стылю. У рэпертуары творы сусв. класікі, англ. аўтараў, сучасных кампазітараў. У розны час аркестрам дырыжыравалі Э.Ансермэ, Э. ван Бейнум, Б.Вальтэр, Г.Караян, Э.Клейбер, Ш.Мюнш, М.Сарджэнт, В.Фуртвенглер і інш. Сярод кіраўнікоў Т.Бічэм, А.Боўлт, Б.Хайтынк.

т. 9, с. 343

ЛО́ННА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Лонніца (выцякае з возера) і Палата, за 18 км на ПнУ ад г. Полацк, за 1,8 км. на ПнЗ ад в. Узніцы, на тэр. біял. заказніка Лонна. Пл. 0,6 км2, даўж. больш за 1 км, найб. глыб. 2,6 м, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі 2,83 км. Пл. вадазбору 1,12 км2. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі тарфяністыя, сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае. З возера выцякае ручай у р. Палата.

т. 9, с. 344

ЛО́ННА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Полацкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай аховы ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 439 га. Размешчаны на вярховым балоце Лонніца; у цэнтр. ч.воз. Лонна. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін. На мінер. участках хвоя, бяроза, вольха, елка.

т. 9, с. 344

ЛО́ННЕ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 23 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 0,23 км2, даўж. 700 м, найб. шыр. 440 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Берагі забалочаныя. На Пн злучана ручаём з р. Дрыса.

т. 9, с. 344

ЛО́ННІЦА,

рака ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Дахнарка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 100 км2. Выцякае з воз. Лонна за 2 км на ПдУ ад в. Лоніца. Паводле інш. крыніц, рака бярэ пачатак за 2,5 км на ПдЗ ад в. Конны Бор. Цячэ па лясістай мясцовасці.

т. 9, с. 344