Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛЕ́ПРА, праказа,

хранічнае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое пашкоджвае пераважна скуру і перыферычную нерв. сістэму. Адкрыта нарв. урачом Г.​Хансенам (1871). Узбуджальнік — мікабактэрыя лепры (палачка); хвароба сустракаецца ў краінах Азіі (Індыі, М’янма, Тайландзе, Паўд. Карэі), экватарыяльнай Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Пранікае ў арганізм чалавека праз пашкоджаную скуру і слізістыя абалонкі органаў дыхання. Інкубацыйны перыяд 4—20 гадоў. Тыпы Л.: лепраматозная, туберкулоідная, недыферэнцыраваная. Пры лепраматознай узнікаюць эрытэматозна-пігментныя плямы, на паверхні якіх фарміруюцца лепромы, у ачагах выпадаюць валасы, у далейшым інфільтрацыя. Пры туберкулоідным тыпе ўзнікаюць плямавыя элементы, дробнапапулёзная высыпка; парушаецца адчувальнасць, адбываецца эрозія эпідэрміса. Недыферэнцыраваны тып праяўляецца эрытэматознымі, ахрамічнымі і гіпахромнымі плямамі з выразнымі межамі, пашкоджваецца перыферычная нерв. сістэма; знікае міміка. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 9, с. 209

ЛЕ́ПТА (ад грэч. lepton дробны, тонкі),

1) старажытнагрэчаская дробная медная манета.

2) Сучасная грэч. дробная манета, роўная ​1/100 драхмы. У абарачэнні знаходзяцца манеты ў 50, 20, 10 і 5 Л.

3) У пераносным сэнсе — уклад у якую-небудзь агульную справу.

т. 9, с. 209

ЛЕПТАМАНА́ДЫ (Leptomonas або Herpetomonas),

род прасцейшых сям. трыпанасамід кл. жгуціканосцаў. Больш за 10 відаў. Паразіты жывёл і раслін. У жывёл паразітуюць у кішэчніку насякомых, чарвей, паўзуноў, крыві рыб, птушак, млекакормячых; у раслін — у млечным соку (малачаевыя, складанакветныя і інш.), вакуолях клетак, выклікаюць захворванне кафейнага дрэва — некроз флаэмы. Пераносчыкі — клапы.

Даўж. 15—30 мкм. Цела тонкае, верацёнападобнае. Жгуцік служыць для перамяшчэння і прымацавання да эпітэлію кішэчніка.

т. 9, с. 209

ЛЕПТАСПІРО́З,

вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл. Узбуджальнікі — лептаспіры, перадаецца ад грызуноў, свойскіх і прамысл. жывёл (лісоў, пясцоў і інш.). Заражэнне адбываецца пры спажыванні прадуктаў ці вады, забруджаных лептаспірамі. У чалавека выяўляецца інтаксікацыяй з паражэннем скуры, нырак, печані, нерв. сістэмы. Адрозніваюць жаўтушны Л. (хвароба Вейла—Васільева) і безжаўтушны Л. (водная ліхаманка). Інкубацыйны перыяд да 20 дзён. Прыкметы: дрыжыкі, болі ў спіне, мышцах, т-ра цела 39—40 °C, галаўны боль, адутлаватасць твару, высыпка на скуры, ірвота, адбываюцца змены ў нырках, печані, нерв. сістэме і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл да Л. схільны буйная раг. жывёла, свінні, козы, свойскія птушкі і інш. Стан жывёл прыгнечаны, у іх павышаецца т-ра цела, рэзка зніжаецца прадукцыйнасць, пры вострым цячэнні хваробы могуць гінуць.

А.​А.​Астапаў.

т. 9, с. 209

ЛЕПТАСПІ́РЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі + speira кручаная лінія),

род аэробных бактэрый сям. спірахет. 2 віды: Л. паразітычныя (L. interrogans) і Л.-сапрафіты (L. biflexa). Л. паразітычныя складаюць 18 сералагічных груп, 124 сератыпы, узбуджальнікі лептаспірозаў. Вылучаны яп. вучонымі Іда, Інада і інш. (1914).

Даўж. да 20 мкм, дыяметр да 0,3 мкм. Складаюцца з асявой ніткі, акружанай цытаплазматычнай спіраллю. Рухомыя. Размнажаюцца папярочным дзяленнем. Патагенныя Л. гінуць пры ўздзеянні прамога сонечнага святла, хім. рэчываў (кіслоты, шчолачы, дэзінфіцыруючыя сродкі), высокай т-ры, але ўстойлівыя да нізкіх т-р, здольныя перазімоўваць у вадаёмах.

т. 9, с. 210

ЛЕПТО́ННЫ ЛІК, лептонны зарад,

квантавы лік, які характарызуе лептоны. Адлюстроўвае захаванне розніцы лікаў лептонаў і антылептонаў адной і той жа сям’і (пакалення) ва ўзаемадзеяннях элементарных часціц. Л.л. роўны 1 для лептонаў, -1 для антылептонаў і 0 для астатніх часціц. Л.л. сістэмы часціц роўны алг. суме Л.л. асобных часціц, якія ўваходзяць у яе састаў, і закон захавання лептонаў зводзіцца да закону захавання Л.л. Існуюць тэарэт. меркаванні, што закон захавання Л.л. з’яўляецца набліжаным, напр., магчымы ўзаемныя пераходы паміж нейтрына розных тыпаў (асцыляцыі нейтрына).

І.​С.​Сацункевіч.

т. 9, с. 210

ЛЕПТО́НЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі),

элементарныя часціцы, якім уласцівы электраслабае ўзаемадзеянне і гравітацыйнае ўзаемадзеянне. Адрозніваюцца ад адронаў, кваркаў і інш. адсутнасцю моцнага ўзаемадзеяння, напр. паміж сабой, паміж Л. і кваркамі. Маюць спін ​1/2 і адносяцца да ферміёнаў. Падзяляюцца на 3 сям’і (пакаленні): электрон і электроннае нейтрына, μ​ мезон і мюоннае нейтрына, τ​ Л. і таоннае нейтрына, а таксама іх антычасціцы (пазітроны, μ​+ мезон, τ​+ Л.) і адпаведныя антынейтрына; з кожнай з гэтых сем’яў звязваюць асобны лептонны лік. Л. не маюць структуры, утвараюць вадародападобныя атамарныя станы тыпу пазітронія, мюонія і інш.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 9, с. 210

ЛЕПТЫМІ́СТЫ,

у Францыі пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 прыхільнікі звергнутай дынастыі Бурбонаў, пераважна буйныя землеўладальнікі-арыстакраты і вышэйшае каталіцкае духавенства. У 1830—48 былі ў апазіцыі да Ліпеньскай манархіі, пасля Рэвалюцыі 1848 у Францыі ў перыяд Другой рэспублікі разам з арлеаністамі ўваходзілі ў склад контррэвалюцыйнай «партыі парадку». У больш шырокім сэнсе Л. называюць манархістаў — прыхільнікаў звергнутых дынастый у любой краіне.

т. 9, с. 183

ЛЕПЯШЫ́НСКАГА П.М. МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й Адкрыты 12.3.1968 у в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Філіял Гомельскага абласнога краязнаўчага музея. Створаны на базе экспанатаў з маскоўскай кватэры П.М.Лепяшынскага і дакументаў з Музея рэвалюцыі СССР у Маскве. Мае 4 экспазіцыйныя залы

(агульная пл. 300 м²),

1625 экспанатаў (1999). Дакументы і матэрыялы расказваюць пра жыццёвы шлях, парт., дзярж. і пед. дзейнасць Лепяшынскага, пра стварэнне ім Ліцвінавіцкай школы-камуны ў 1918—19, пра яго сустрэчы з У.​І.​Леніным. У экспазіцыі пратаколы II з’езда РСДРП пад рэдакцыяй Лепяшынскага, падборка копій газ. «Искра», творы М.​Салтыкова-Шчадрына з прадмовамі Лепяшынскага, асабістыя яго рэчы, літ. творы і інш.

т. 9, с. 210

ЛЕПЯШЫ́НСКАЯ (Вольга Барысаўна) (18.8.1871, г. Перм, Расія — 2.10.1963),

дзеяч рэв. руху (з 1898), сав. біёлаг. Акад. АМН СССР (1950). Жонка П.М.Лепяшынскага. Скончыла Маскоўскі ун-т (1915). Удзельнічала ў рабоце Пецярб. «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1907—10 выкладала ў жаночай прагімназіі і вяла парт. работу ў г. Орша. Удзельнічала ў стварэнні і працавала ў Ліцвінавіцкай школе-камуне. З 1919 на выкладчыцкай і н.-д. рабоце. Навук. працы па абалонках жывёльных клетак, гісталогіі касцявой тканкі. Уяўленне Л. аб няклетачнай структуры жывога рэчыва не атрымала навук. пацвярджэння. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 9, с. 210