Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕЙКАЦЫТА́РНАЯ ФО́РМУЛА, лейкацытаграма, лейкаграма,

працэнтныя суадносіны розных відаў лейкацытаў у перыферычнай крыві пазваночных жывёл і чалавека. Мае ўзроставыя асаблівасці. У норме Л.ф. дарослага чалавека ўтрымлівае лейкацыты (базафільныя гранулацыты — 0—1%, эазінафільныя — 0,5—5%, нейтрафільныя — 65—75%), лімфацыты — 19—45%, манацыты — 3—11%. Л.ф. і колькасць лейкацытаў адрозніваюцца ў розных відаў жывёл і чалавека, залежаць ад фізіял. стану арганізма, зменьваюцца ў час хвароб. Л.ф. мае дыягнастычнае і прагнастычнае значэнне.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 190

ЛЕЙКАЦЫТО́З,

павышаная звыш нормы колькасць лейкацытаў у перыферычнай крыві. Назіраецца пры некат. інфекцыйных хваробах (інфекцыйны ці бактэрыяльны Л.), таксама ў час цяжарнасці, псіхаэмацыянальных узрушэнняў, пад уздзеяннем моцнага болю і інш. (неінфекцыйны ці стрэсавы Л.). Ацэнка колькасці лейкацытаў і лейкацытарная формула маюць важнае дыягнастычнае значэнне.

Я.П.Іваноў.

т. 9, с. 190

ЛЕЙКАЦЫ́ТЫ (ад грэч. leukos белы + kytos клетка),

белыя крывяныя клеткі, бясколерныя шарападобныя клеткі крыві і лімфы пазваночных жывёл і чалавека. Маюць ядры, самастойна рухаюцца (могуць і супраць цёку крыві), выконваюць пераважна ахоўную функцыю. Адрозніваюць Л. зярністыя — гранулацыты (базафілы, нейтрафілы, эазінафілы) і незярністыя — агранулацыты (лімфацыты, манацыты). Маюць агульнае паходжанне з эрытрацытамі і трамбацытамі. У 1 л крыві здаровага чалавека 3,8—9 × 10​9 Л. Функцыянуюць у тканках арганізма: знішчаюць мікраарганізмы, змярцвелыя клеткі, прадукты распаду і інш. (гл. Імунітэт).

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 190

ЛЕЙКЕМІ́Я,

тое, што лейкоз.

т. 9, с. 190

ЛЕ́ЙКІН (Мікалай Аляксандравіч) (19.12. 1841, С.-Пецярбург — 19.1.1906),

рускі пісьменнік-гумарыст, журналіст. Вучыўся ў Пецярбургскім рэфарматарскім вучылішчы (1853—58). Друкаваўся з 1860. Асн. тэма шматлікіх апавяданняў, нарысаў, сцэнак, п’ес, аповесцей, раманаў — норавы пецярбургскага купецтва і чыноўніцтва, асн. жанр — сцэнкі. Нават яго раманы («Стукін і Хрустальнікаў. Банкавая эпапея», 1886; «Сатыр і німфа», 1888, і інш.) уяўляюць сабой шэраг сцэн, звязаных агульнасцю герояў і фабулы. У 1881—1905 — рэдактар-выдавец гумарыстычнага час. «Осколки», у які прыцягнуў многіх б. супрацоўнікаў час. «Искра» і А.Чэхава.

Тв.:

Повести, рассказы и драматические сочинения. Т. 1—2. СПб., 1871.

т. 9, с. 190

ЛЕЙКО́З (ад грэч. leucos белы),

белакроўе, лейкемія, пухліннае захворванне крывятворнай тканкі ў жывёл і чалавека, пры якім пашкоджваюцца касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кроў і інш. Апісаны Р.Вірхавым (1845). Адрозніваюць Л. вострыя і хранічныя. Вострыя падзяляюцца на міэла-, лімфа-, мона-, эрытрабластавыя і інш.; хранічныя — на міэлалейкоз, міэлафіброз, лімфалейкоз, эрытрамію, тромбацытамію і інш. Прыкметы Л.: малакроўе, слабасць, хуткая стамляльнасць, павелічэнне селязёнкі, печані, лімфатычных вузлоў, боль у касцях, бластоз крыві і парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне — аўта- і алатрансплантацыя касцявога мозга.

Я.П.Іваноў.

т. 9, с. 190

ЛЕЙКО́МА,

тое, што бяльмо.

т. 9, с. 190

ЛЕ́ЙНА (Leino; сапр. Лёнбум; Lönnbohm) Эйна

(6.7.1878, г. Палтама, Фінляндыя — 10.1.1926),

фінскі пісьменнік. Вучыўся ў Хельсінкскім ун-це. Першыя зб-кі («Сакавіцкія песні», 1896, і інш.) створаны пад уплывам паэзіі Г.Гейнэ. Пад уздзеяннем эстэтыкі неарамантызму напісаны зб-кі «Зімовая ноч» (1905), «Замаразкі» (1908), балады «Песні Халкі» (т. 1—2, 1903—16), раманы «Туамас Вітыка» (1906) і «Яна Рэнцю» (1907). Дэкадэнцкія ўплывы праявіліся ў тэтралогіі «Нявольнік» (1911—13). У аповесці «Мядовая лапа» (1914) бунтарскія настроі, у зб-ках «Эолава арфа» (1919), «Калі цвіце бэз» (1920) песімістычныя і трагічныя матывы. Рэфарматар традыц. фін. драматургіі (цыклы п’ес «Маскі», 1905—11; «Калевала на сцэне», 1911). Аўтар аўтабіягр. рамана «Ілюстраваная кніга майю жыцця» (1925). На бел. мову асобныя вершы Л. пераклаў Я.Лапатка.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М.; Л., 1959;

У кн.: Поэзия Финляндии. М., 1962.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 9, с. 190

ЛЕ́ЙПЦЫГ (Leipzig),

горад на У Германіі, у зямлі Саксонія, на р. Вайсе-Эльстэр. 490,9 тыс. ж. (1994). Важны прамысл., гандл., навук. і культ. цэнтр. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т.л. станкабудаванне, вытв-сць с.-г. і тэкст. машын, абсталявання для паліграф., хім., харч. прам-сці; вытв-сць пластмас, гумава-тэхн. вырабаў, лакаў і фарбаў; паліграф., тэкст., швейная, пушніна-футравая, харчасмакавая, дывановая. Цэнтр кнігадрукавання (з 15 ст.). Месца правядзення штогадовых міжнар. кірмашоў, у т.л. кніжных (з 1954), кінафестываляў, пушных аўкцыёнаў. Саксонская АН. Лейпцыгскі універсітэт. Ін-т геаграфіі і геаэкалогіі. Нямецкая бібліятэка. Сімф. аркестр Гевандхаўз, хор хлопчыкаў «Таманерхор» (з 13 ст., яго кантарам быў І.С.Бах), кансерваторыя, оперны т-р. Музеі: выяўл. мастацтва, этнаграфіі, маст. рамёстваў, гісторыі горада, Германскі музей кнігі і пісьменнасці. У гіст. цэнтры горада — цэрквы і інш. будынкі 13—18 ст. Манумент Бітвы Народаў (1913).

З 900 паселішча прыбалтыйскіх славян (наз. Ліпск), пазней каланізаваны немцамі. Як Л. згадваецца каля 1017. Каля 1165 атрымаў гар правы, пачалося правядзенне кірмашоў. У 1409 засн. ун-т. У 1519—39 адзін з цэнтраў рэліг. Рэфармацыі ў Германіі. З 1-й пал. 19 ст. індустрыялізаваны (тэкст. вытв-сць і інш.). У час напалеонаўскіх войнаў каля Л. адбылася Лейпцыгская бітва 1813. У 1843 у Л. засн. першая ў Германіі кансерваторыя. У 1830 і 1848 адзін з цэнтраў рэв. руху ў Германіі, у 1860-я г.пач. 20 ст. адзін з цэнтраў герм. рабочага руху. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нацыстаў тут адбыўся Лейпцыгскі працэс 1933. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 9, с. 190

ЛЕ́ЙПЦЫГСКАЯ БІ́ТВА 1813, бітва народаў пад Лейпцыгам,

адна з вырашальных бітваў у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). Адбылася 16—19.10.1813 каля г. Лейпцыг (Германія) паміж саюзнымі прускімі, аўстр., рас. і швед. войскамі (300—316 тыс. чал., больш за 1,3 тыс. гармат) і арміяй Напалеона I(каля 190—200 тыс. французаў, палякаў, саксонцаў, італьянцаў, бельгійцаў, галандцаў; 700 гармат). 16 кастр. адбыліся ўзаемныя малавыніковыя атакі паміж войскамі Напалеона і Багемскай арміяй саюзнікаў (133 тыс. чал.), бакі страцілі па 30 тыс. чал. 17 кастр. баёў не было. 18 кастр. Напалеон намагаўся адцясніць войскі кааліцыі і адкрыць сабе дарогу для адыходу, але моцны ўдар саюзнікаў з Пд, У і Пн прымусіў яго вярнуцца ў Лейпцыг, адкуль ён ноччу 19 кастр. пачаў адыходзіць на З па адзіным уцалелым мосце. Пакінуты Напалеонам у ар’ергардзе корпус Ю.Панятоўскага, які стрымліваў наступаючых, быў амаль увесь знішчаны, пры ўзрыве моста праз р. Вайсе-Эльстэр загінуў і Панятоўскі. Страты арміі Напалеона склалі 40 тыс. чал. забітымі і параненымі, 20 тыс. палоннымі, 325 гармат, саюзнікаў — 45—50 тыс. чал. (22 тыс. расійскіх, 14 тыс. прускіх, 9 тыс. аўстр. вайскоўцаў). Пазней рэшткі франц. арміі (60 тыс. чал.) адышлі за Рэйн. У выніку Л.б. ад франц. панавання вызвалена Германія, Францыя пазбавілася тэр. заваёў у Еўропе. У 1913 у Лейпцыгу ўзведзены Манумент Бітвы Народаў.

Літ.:

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

В.А.Юшкевіч.

т. 9, с. 190