ЛЕЙКАЦЫ́ТЫ (ад грэч. leukos белы + kytos клетка),
белыя крывяныя клеткі, бясколерныя шарападобныя клеткі крыві і лімфы пазваночных жывёл і чалавека. Маюць ядры, самастойна рухаюцца (могуць і супраць цёку крыві), выконваюць пераважна ахоўную функцыю. Адрозніваюць Л. зярністыя — гранулацыты (базафілы, нейтрафілы, эазінафілы) і незярністыя — агранулацыты (лімфацыты, манацыты). Маюць агульнае паходжанне з эрытрацытамі і трамбацытамі. У 1 л крыві здаровага чалавека 3,8—9 × 109 Л. Функцыянуюць у тканках арганізма: знішчаюць мікраарганізмы, змярцвелыя клеткі, прадукты распаду і інш. (гл. Імунітэт).
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)