Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕГІТЫ́МНАСЦЬ (ад лац. legitimus законны) палітычнай улады, прызнанне народам і паліт. сіламі краіны правамернасці, законнасці паліт. улады, яе інструментаў, механізмаў дзейнасці, а таксама спосабаў яе ўсталявання. Л. улады не з’яўляецца прававым працэсам і не валодае юрыд. функцыямі; яна нефармальна фіксуе ўжо існуючы факт прызнання ўлады народам.

т. 9, с. 183

ЛЕГКАВЫ́ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль, прызначаны для перавозкі людзей (умяшчальнасць да 8 чал.) і багажу. Выпускаюцца з закрытымі кузавамі (седан, лімузін, купэ, універсал) і кузавамі з адкідным верхам (кабрыялет, ландо, фаэтон). Найб. пашыраныя 4—5-месныя Л.а. з закрытымі кузавамі. У залежнасці ад рабочага аб’ёму рухавіка, масы аўтамабіля, яго прызначэння, камфартабельнасці і інш. Л.а. падзяляюць на класы і групы, напр., мікралітражныя, малалітражныя. На Беларусі серыйная вытв-сць Л.а. пачата ў 1997 на з-дзе «Форд-Юніён» пад Мінскам.

Легкавы аўтамабіль «Форд Эскорт».

т. 9, с. 183

ЛЕГКАПЛА́ЎКІЯ ГЛІ́НЫ,

полімінеральныя, звычайна жалезіста-мантмарыланітавыя і гідраслюдзістыя гліны з паказчыкам вогнетрываласці менш за 1350 °C; часта з дамешкам пяску і арган. рэчываў. Выкарыстоўваюцца для вытв-сці грубых керамічных вырабаў (гл. Керамічная прамысловасць, Керамічная сыравіна), цэменту, керамзіту і інш. Лепшыя гатункі пластычных Л.г. выкарыстоўваюць для вырабу посуду і ў мастацкай кераміцы. На Беларусі разведаны значныя паклады Л.г. для вытв-сці цэглы, абліцовачных камянёў і дрэнажных труб; улічаны 232 радовішчы з запасамі 251,6 млн. м³, эксплуатуецца 100 радовішчаў.

т. 9, с. 183

ЛЕГКАПЛА́ЎКІЯ СПЛА́ВЫ,

металічныя сплавы з т-рай плаўлення, ніжэйшай за т-ру плаўлення волава (231,9 °C). У састаў Л.с. уваходзяць у розных спалучэннях і суадносінах волава, вісмут, індый, свінец, кадмій, цынк, галій, ртуць (гл. Амальгамы) і інш. металы. Найб. пашыраныя эўтэктычныя сплавы гэтых кампанентаў (гл. Эўтэктыка), напр., сплаў Вуда (50% Bi, 25% Pb, 12,5% Sn, 12,5% Cd) плавіцца пры 68 °C. Самы легкаплаўкі з вядомых — сплаў ртуці (91,5%) і талію (8,5%) мае tпл -59 °C. Выкарыстоўваюць у якасці прыпояў, плаўкіх засцерагальнікаў, метал. замазак, матэрыялаў для ліцейных мадэляў.

Г.Г.Паніч.

т. 9, с. 184

ЛЕГО́РН,

асноўная яйцаноская парода курэй. Выведзена ў Італіі ў 19 ст. скрыжаваннем італьян. белых курэй з міноркамі, іспанскімі, байцовымі і інш. пародамі, у 1852 завезена ў ЗША, дзе палепшана. Назва ад італьян. г. Ліворна (англ. Leghorn). Разнавіднасці Л. адрозніваюцца складам цела, формаю грэбеня.

Сярэдняя маса пеўняў 2,5—2,7, курэй 1,8—2 кг. Апярэнне шчыльнае, белае. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, хвост прыўзняты, доўгі, з моцна развітымі коскамі. Грэбень лістападобны, звіслы набок. Нясуцца з 4,5—5 мес. Яйцаноскасць да 300 і больш яец за год. Маса яйца да 62 г. Не наседжваюць На Беларусі выведзены высокапрадуктыўны 3-лінейны крос Беларусь-9. Племянная работа вядзецца на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі (г. Заслаўе, Мінскі р-н) і на племптушказаводзе «Івянецкі» (Валожынскі р-н).

М.Ц.Гарачка, Л.Л.Галубкова.

Легорн.

т. 9, с. 184

ЛЕГРА́Н ((Legrand) Мішэль) (н. 24.2.1932, Парыж),

французскі кампазітар, джазавы піяніст, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1950, клас Н.Буланжэ). Працаваў акампаніятарам эстр. спевакоў. Напісаў шэраг балетаў для трупы «Балет Парыжа», у т.л. «Праклятыя красуні» (1955), «Валянціна» (1956). Пранікнёны лірызм уласцівы яго музыцы да муз. фільмаў «Шэрбургскія парасоны» (1963), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967). Яго музыка вылучае таксама кінафільмы «Незвычайная Амерыка» і «Жанчына ёсць жанчына», «Сем смяротных грахоў», «Ева», «Лета 42-га» і інш. Неаднаразова наведваў Беларусь, у т.л. як старшыня журы міжнар. фестывалю «Славянскі кірмаш» у Віцебску.

т. 9, с. 184