ЛЕГО́РН,

асноўная яйцаноская парода курэй. Выведзена ў Італіі ў 19 ст. скрыжаваннем італьян. белых курэй з міноркамі, іспанскімі, байцовымі і інш. пародамі, у 1852 завезена ў ЗША, дзе палепшана. Назва ад італьян. г. Ліворна (англ. Leghorn). Разнавіднасці Л. адрозніваюцца складам цела, формаю грэбеня.

Сярэдняя маса пеўняў 2,5—2,7, курэй 1,8—2 кг. Апярэнне шчыльнае, белае. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, хвост прыўзняты, доўгі, з моцна развітымі коскамі. Грэбень лістападобны, звіслы набок. Нясуцца з 4,5—5 мес. Яйцаноскасць да 300 і больш яец за год. Маса яйца да 62 г. Не наседжваюць На Беларусі выведзены высокапрадуктыўны 3-лінейны крос Беларусь-9. Племянная работа вядзецца на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі (г. Заслаўе, Мінскі р-н) і на племптушказаводзе «Івянецкі» (Валожынскі р-н).

М.Ц.Гарачка, Л.Л.Галубкова.

Легорн.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)